Вобразы падарожжаў

Ніхто не скажа, што фотамастацтва нельга далучыць да агульнага шэрагу іншых відаў мастацкай творчасці. Асабліва калі стваральнік фатаграфій прадметам свайго натхнення робіць такое блаславёнае Богам і чалавекам месца на зямлі, як Чэхія. І калі да сказанага дадаць, што погляд на прыгаданую краіну адлюстроўваецца ў фотаработах соцень розных мастакоў, кожны з якіх афарбоўвае сваю працу ўласнай індывідуальнасцю і дадае душэўнай цеплыні, то атрымліваецца тое, што ўбачылі наведвальнікі Палаца мастацтваў.

З 5 па 15 сакавіка там працуе экспазіцыя «Oh, bella Bohemia!», арганізаваная пры дабрачыннай дапамозе Амбасады Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь.

На выставу па выніках вялікага міжнароднага конкурсу «Лепшыя фотаздымкі з паездкі ў Чэхію» журы з боку арганізатараў — Галоўнага ўпраўлення чэшскіх цэнтраў у Празе — адабрала 48 з 1000 работ, прадстаўленых наведвальнікамі з 18 дзяржаў Еўропы і ЗША. Так што здымалі Чэхію турысты, можна сказаць, аматары. Намінацыяў было дзве — «Самы лепшы збор фотаздымкаў з Чэшскай Рэспублікі», у ёй перамог Марні Горвіц з Нью-Йорку. І проста — «Самы лепшы фотаздымак», дзе першы прыз дастаўся Ганне Бартэл з Дрэздэна.

Так атрымалася калекцыя нестандартных поглядаў на Чэхію, дзе можна пабачыць і грандыёзныя панарамы Татраў, і закуткі сярэднявечных вуліц, і проста дзяўчыну ля вакна поезда, за якім — утульны чэшскі краявід, або дзіця з сабачкам. Калі б я ўдзельнічаў у конкурсе, магчыма б разгубіўся, што паказаць хоць бы з відаў адной толькі ўлюбёнай Прагі. Пачынаеш ад старажытнага Картава моста — і далей разгортваецца цэлы сусвет цэркваў, палацаў, помнікаў. А як перадаць гукі музыкі, песняў, пах кавярняў і печыва? Прыгадаеш і Скарыну, і каралёў-беларусаў, Ягайлавічаў, якія панавалі тут, і дзеячаў БНР, прынятых гасціннымі чэхамі на эміграцыі, — нас шмат што лучыць.

А што б зафіксавалі вы з хуткаплынных імгненняў падарожжа? Заходзьце, глядзіце, параўноўвайце. І наведвайце Чэхію.

Каментаваць