Вокладкі беларускіх кніг 55 гадоў таму

Пераглядаючы кнігі ў сваёй хатняй бібліятэцы, спыніў позірк на некаторых беларускіх выданнях 1958–1961 гадоў. Узяў у рукі, пагартаў іх — і нешта зашчымела на душы: як файна беларускія мастакі афармлялі тады кнігі.



Нічога мудрагелістага ў знешнім мастацкім аздабленні вокладак кніг няма, але вызначаюцца яны нейкай стрыманай прастатой, без пампезнага антуражу. Вокладкі адразу перадаюць той час, нават змест, беларускі каларыт, нешта роднае і блізкае. 

У тыя гады кнігі, якія выпускала Дзяржаўнае выдавецтва БССР, афармлялі мастакі Г.Клікушын, М.Шырокаў, І.Немагай, Л.Прагін, Б.Казлоўскі, П.Калінін, А.Сапетка, Ю.Пучынскі, І.Ігнаценка. Дзе гэтыя мастакі сёння? Як склаўся іх жыццёвы лёс?

Гартаю зборнік вершаў “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961) Рыгора Барадуліна. І адразу знаходжу хрэстаматыйныя, вечныя радкі:

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці.

А зборнік Янкі Непачаловіча “Мера любві”(1958) пачынаецца радкамі:

Даўно ўсё вымераць змаглі мы, —

Ніхто ж дагэтуль не знайшоў,

Чым вымераць нам да Радзімы

Сваю нязмерную любоў.

А гэты вобраз знайшоў у першым зборніку “Сакавік” Еўдакіі Лось (1958):

Над Звонню — звон, ля Звоні — сінь:

Званочкі ладзяць карагоды…

Пад Звонню шапку ў грэчку кінь —

І шапка ўраз прапахне мёдам.

І настальгічнае адразу запомнілася ў Міколы Арочкі з яго першага зборніка “Не ўсе лугі пакошаны…” (1958):

Іду, як заварожаны,

А спеў плыве з-за гаці:

Ці ўсе лугі пакошаны,

Ці ўсе сенажаці?..

А цяпер паглдядзіце на вокладкі гэтых старых беларускіх кніг, якім больш за паўстагоддзя, і вы адчуеце сапраўдную мастацкую настальгію па тым, што прайшло і па тым, чаго часам нам не хапае сёння.

 

Каментаваць