Вольны дух «Самвыдату»

2012 абвешчаны ў Беларусі годам кнігі. З гэтай нагоды мне хочацца расказаць пра кнігу, якая была створана ў нашым горадзе роўна трыццаць гадоў таму. Кніга, якая ёсць і якой быццам няма. Аднак аб усім па парадку.



2012 абвешчаны ў Беларусі годам кнігі. З гэтай нагоды мне хочацца расказаць пра кнігу, якая была створана ў нашым горадзе роўна трыццаць гадоў таму. Кніга, якая ёсць і якой быццам няма. Аднак аб усім па парадку.

У 1982 годзе гродзенец Аляксандр Раманаў паставіў апошнюю кропку ў сваім, як ён казаў, жартаўліва-народным даследаванні «Пралетарыі духа». Надрукаваны на машынцы рукапіс адразу знайшоў свайго чытача і пайшоў, што называецца, па руках. Ды і не дзіўна: героі сатырычна-гумарыстычных апавяданняў Стах і Грыня былі жывыя, натуральныя і вельмі адрозніваліся ад лакіраваных постацей літаратуры так званага сацыялістычнага рэалізму.
 
Гэты зборнік, таленавіта напісаны і абсалютна непадцэнзурны, не меў ніякіх шансаў быць надрукаваным у афіцыйным савецкім выдавецтве. Таму Раманаў узяў пяць асобнікаў свайго твора, зрабіў пераплёт для кожнага з іх, уклеіў фотаздымак аўтара. Так у выдавецтве «Самвыдат» хутка і аператыўна выйшла гэта кніга. Увесь наклад быў раздадзены сябрам Аляксандра, і я ганаруся, што ў маёй бібліятэцы ёсць адзін экземпляр з вітальным словам аўтара. Дарэчы, чаму колькасць была менавіта такая? А памятаеце знакаміты песенны радок: «Друкарка «Эрыка» бярэ ўсяго пяць копій»… Вось невялікі ўрывак з «Пралетарыяў духа»:

«Калі на працы ў Стаха даведаліся, што ён не член прафсаюза, здзіўленню і абурэнню начальства не было межаў. Стаха выклікалі да дырэктара і настойліва запыталіся, ці не збіраецца ён уступіць у мясцовую прафсаюзную арганізацыю. «Не», — лаканічна і проста адказаў Стах. «Чаму?» — крыху ўзмацніў голас дырэктар. «Ды таму, што вашы прафсаюзы — школа камунізму, а я гэтую школу паспяхова скончыў».
 
Аўтар кнігі ўслед за сваім героем мог упэўнена заявіць, што ён прайшоў поўны курс камуністычных універсітэтаў. Аляксандр Раманаў нарадзіўся ў 1949 годзе, усё жыццё пражыў у невялікім драўляным доміку на ціхай гродзенскай вуліцы Льва Талстога. На золку туманнага юнацтва быў, як пазней сам адзначаў, артадаксальным марксістам. Нават сур’ёзна вывучаў кітайскую мову, каб у арыгінале чытаць творы вялікага Мао. Аднак вельмі хутка Аляксандр прыйшоў да суцэльнага адмаўлення камуністычнай утопіі.
 
Ён перайшоў на трэці курс хіміка-біялагічнага факультэта тагачаснага Гродзенскага педінстытута, калі ў 1968 годзе танкамі была раздушана пражская вясна. Саша не мог не адгукнуцца на гэтыя гвалтоўныя падзеі. Раманаў і яго сябар і аднадумца Сяргей Каленчанка ў знак пратэсту сапсавалі партрэтную галерэю камуністычных правадыроў, што мясцілася ў галоўным навучальным корпусе педінстытута па вуліцы Ажэшкі. КДБ хутка адшукаў вальнадумцаў. Рэакцыя ўладаў была вельмі жорсткая: Аляксандр Раманаў атрымаў чатыры гады зняволення, яго сябар — годам менш. Дарэчы, хутчэй за ўсе менавіта гэты студэнцкі пратэст пацягнуў за сабой спробу спецслужбаў, скажам так, фізічнага ўздзеяння на Васіля Быкава (гэта калі было разбіта шкло ў яго кватэры і пазней у цэнтры Гродна на пісьменніка напалі невядомыя).
 
Раманаў вельмі цікавіўся творчасцю пісьменніка, і кадэбісты ў часе ператрусу ў яго кватэры звярнулі ўвагу на стос быкаўскіх кніжак, а потым на допытах настойліва імкнуліся даведацца, ці не пісьменнік так паўздзейнічаў на маладога хлопца. Аляксей Карпюк меў рацыю, калі ў сваёй кнізе «Развітанне з ілюзіямі» пісаў:
 
«У педінстытуце арыштавалі студэнтаў Раманава Аляксандра, Каленчанку Сяргея і іншых. Іх падлавілі, калі хлопцы на партрэце Леніна намалявалі сімвал «Пражскай вясны», і на допытах пастараліся, каб студэнты прызналіся, што ўсё рабілі пад уплывам выступленняў Карпюка і Быкава».
 
Аляксандр адсядзеў у Аршанскай калоніі ўсе чатыры гады. За дзень да таго, як яго тэрмін павінен быў закончыцца, яго… памілавалі. Такую «падлянку» да палітычных у той час улады прымянялі вельмі шырока: каб пазней дысідэнт не мог трапіць пад амністыю. Вярнуўшыся дамоў, Раманаў доўга не мог прапісацца ў роднай хаце. Нарэшце, гэта пытанне вырашылася, і тут жа «антысаветчыка» паспрабавалі забраць у Савецкую Армію. Пра гэты выпадак Саша расказваў мне так:
 
— Прыйшла позва з ваенкамата, а там ужо сядзіць медкамісія спецыяльна для мяне аднаго. Вызначаюць, што для арміі годны. Ваенком з такой з’едлівай усмешкай кажа: «Ну, я бачу, вы не вельмі ўзрадаваны, але ж… Свяшчэнны абавязак». Адказваю вельмі сур’ёзна: «Чаму ж не рады? Наадварот. У мяне ж у руках будзе аўтамат». Як жа змяніўся твар у ваенкома! І што ты думаеш, выклікаюць мяне на наступны дзень і ўручаюць ваенны білет.
 
Вось такімі эпізодамі было насычана жыццё гродзенскага дысідэнта Аляксандра Раманава. Ён сур’ёзна займаўся літаратурнай творчасцю, напісаў кнігу ўспамінаў, мноства апавяданняў і артыкулаў. У сталым узросце захапіўся паэзіяй, яго вершы і пераклады з іншых моваў у перабудоўныя гады друкаваліся ў часопісе «Маладосць», газетах «ЛіМ» і «Чырвоная змена», калектыўных зборніках.
 
Аляксандр Раманаў памёр у 2005 годзе ад раптоўнага інсульту, літаральна праз некалькі дзён пасля свайго 56-га дня нараджэння. І сёння я лічу, што галоўнай творчай падзеяй у яго жыцці стала вольная кніга «Пралетарыі духа», выдадзеная ў Гродна накладам у пяць асобнікаў.

Юрый Камягін, “Твой стыль
 

Каментаваць