«Восем гісторыяў» Валера Кацубы прадставілі ў галерэі «Ў»

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» 11 кастрычніка адкрылі рэтраспектыўную выставу фатографа Валерыя Кацубы «Восем гісторыяў».


Гэта дэбютная экспазіцыя фатографа ў Беларусі. У мінулым месяцы некалькі прац фотамастака ўвайшлі ў сталую калекцыю адной з найвядомейшых інстытуцый мастацтва — Цэнтр Джоржа Пампіду ў Парыжы, а цяпер абраныя фотасерыі гэтага аўтара можна пабачыць і на яго радзіме.

Валерый Кацуба

Валерый Кацуба


Фотамастак Валерый Кацуба жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе і Мадрыдзе, але сам нарадзіўся пад Мінскам. На сваёй першай выставе на радзіме фатограф прадставіў найлепшыя працы з васьмі праектаў, над якімі працаваў апошнія 16 год. Ім уласцівая наратыўнасць, і таму іх можна «чытаць» як аповеды ці гісторыі. У выставу ўвайшлі працы, паказаныя раней у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у Рускім музеі Пецярбургу, у Círculo de Bellas Artes у Мадрыдзе і ў Мультымедыйным музеі сучаснага мастацтва ў Маскве.


Мінскі глядач зможа ўбачыць і ацаніць герояў гісторыяў Валерыя Кацубы — лятучых гімнастаў Масквы («Паветраны палёт»), танцораў Марыінскага тэатру, дужаннікаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора («Фізкультура»), студэнтаў ды іхных мадэляў з Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбургу («Праз 100 гадоў») і пабуджаных ранішнім святлом сяброў фотамастака ў Лондане, у Нью-Ёрку, Санцьяга («Ранак») ды ў Санкт-Пецярбурзе.


Пецярбургскія сябры сфатаграфаваныя на загарадных пікніках («Поры года. Мае сябры»). Сярод іх Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Юрый Вінаградаў, Бэла Матвеева, Вольга Табрэлутс, Паліна і Марк дэ Маўні, Яўгеній Сарокін.

У выставу ўвайшлі таксама дзве «гісторыі», якія фатограф распавёў разам з Уладзікам Манро («Усялякая жарсць сляпая і шалёная», «Метамарфозы манарха»), фатаграфіі на матывы народных казак і нешматлікія са знятых у Беларусі («Удалечыні ад дому»).

Выстава адкрыта штодзень да 8 лістапада, уваход: 2 рублі.


Каментаваць