Восеньскія імпрэзы Нацыянальнага мастацкага

Ці варта нагадваць, што Нацыянальны мастацкі музей — галоўная мастацкая ўстанова краіны, якая ў свой юбілейны 70-ы год з вартай пашаны настойлівасцю працягвае прывабліваць неабыякавых да прыгожага людзей у свае залы? А за ўменнем быць прыцягальнымі стаіць штодзённая праца вялікага калектыву. Апошнія месяцы прынеслі шэраг навін з гэтай паважанай інстытуцыі, і не ўсе яны звязаныя з экспазіцыйнай работай.



Ці варта нагадваць, што Нацыянальны мастацкі музей — галоўная мастацкая ўстанова краіны, якая ў свой юбілейны 70-ы год з вартай пашаны настойлівасцю працягвае прывабліваць неабыякавых да прыгожага людзей у свае залы? А за ўменнем быць прыцягальнымі стаіць штодзённая праца вялікага калектыву. Апошнія месяцы прынеслі шэраг навін з гэтай паважанай інстытуцыі, і не ўсе яны звязаныя з экспазіцыйнай работай.

Так, у верасні пры падтрымцы пасольства РБ у Літоўскай Рэспубліцы і Фінляндскай Рэспубліцы адбыўся візіт дэлегацыі Нацыянальнага мастацкага ў музей Біржайскага краю Літвы «Сэла». У выніку дырэктарамі абедзвюх устаноў Уладзімірам Пракапцовым і Гінтарасам Буткявічусам было падпісана пагадненне пра супрацоўніцтва ў мэтах развіцця сувязяў паміж музеямі і садзейнічанні культурнаму абмену паміж дзвюма краінамі.

Музей «Сэла» размяшчаецца ў былой рэзідэнцыі біржайскіх Радзівілаў, збудаванай у 1580-я гады Крыштофам Радзівілам, ён адноўлены пасля шведскага наезду 1625 года пад уплывам галандскай сістэмы бастыённых замкаў у рэнесанснай стылістыцы. Комплекс доўгі час быў цэнтрам мецэнацтва і высокай культуры, зберагаў значныя калекцыі, але, на жаль, не перажыў катаклізмаў Паўночнай вайны і быў зруйнаваны ў 1704 годзе шведамі.

У 1978–1985 гадах частка замкавага комплексу паўстала з руін, а ў адноўленыя карпусы пераехаў музей Біржайскага краю, заснаваны яшчэ ў 1928 годзе. Яго багацце — 100 тысяч экспанатаў: нумізматыка, пячаткі, кафля, кераміка і шкло яшчэ радзівілаўскіх часоў, значная доля калекцый Тышкевічаў, якія валодалі мястэчкам пасля Радзівілаў (з 1794 года). Гэта дазволіла ўпрыгожыць інтэр’еры аўтэнтычнымі гістарычнымі партрэтамі, мэбляй, прадметамі побыту.

Дарэчы, і мінскаму музею ёсць што прапанаваць для часовага экспанавання ў Біржы: партрэты «князёў на Біржах і Дубінках» Юрыя (1480–1541), Крыштофа (1585–1640) і Януша Радзівілаў (1612–1655) знаходзяцца ў экспазіцыі НММ. Але яшчэ важней той практычны досвед, якім літоўскія калегі могуць падзяліцца з беларусамі: зараз распрацоўваецца канцэпцыя музеефікацыі інтэр’ераў Мірскага замка.

Вернемся ў Мінск. У залах мастацкага музея таксама адбылася прыемная перамена: анфілада з трох пакояў першага паверха старога корпуса прыняла творы беларускага мастацтва ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Прыхільнікаў вытачаных нацюрмортаў і партрэтаў «пецярбургскага» акадэміка Івана Хруцкага, паэтычна-задуменных краявідаў Апалінарыя Гараўскага, каларызму работ Станіслава Жукоўскага і моцнага пэндзля Фердынанда Рушчыца заклікаем у залы, каб пабачыць і знаёмыя, і раней не экспанаваныя творы. З 500 твораў калекцыі адпаведнага перыяду музейшчыкам было што абраць для працягу аповеду пра беларускае мастацтва.

Да прэзентацыі чарговай навіны з музея дазвольце колькі лірычных фраз. Яны падкрэсляць неабыякавасць стаўлення да прапанаванага там невялікага экспазіцыйнага эксперымента. Калі восеньскія шэрыя хмары пачынаюць захутваць нізкае неба — хочацца адчуць подых цеплыні і святла. Прыгадаць яскравыя імгненні спелага лета. А такім летам у еўрапейскай культуры было мастацтва італьянскага Адраджэння і маньерызму. Парыс Бардоне (1500–1570), чыя карціна «Мадонна з дзіцяткам, Святымі Энрыка з Уппсалы і Антоніем Падуанскім» завітала на выставу аднаго твора ў Нацыянальны мастацкі музей.


Бардоне адносіцца да ліку тых шчаслівых творцаў, чые працы сабралі ўраджай двух стагоддзяў узвышанага палёту мастацкіх муз над прыгожай паўднёвай краінай. Дарэчы ўзгадаць пра гадзінныя чэргі захопленых гледачоў, што выстройваліся ў 1974 годзе каля маскоўскага Пушкінскага музея замежнага мастацтва, калі ў СССР на падобную выставу «аднаго твора» прывезлі славутую Джаконду Леанарда. Твору Бардоне не хапае сусветнай вядомасці хрэстаматыйных шэдэўраў, але гэта тое мастацкае палатно, якое варта бачыць.

Каларызм венецыянскай школы, засвоены Бардоне ў майстэрні Тыцыяна, захапленне ім узнёсласцю стылістыкі Джарджоне, зрабіла яго майстрам з сусветным прызнаннем. Не выпадкова ў 1538 годзе ён атрымаў запрашэнне вытанчанага знаўцы культуры французскага караля Францыска І для ўпрыгажэння партрэтамі каралеўскай сям’і і прыдворных яго замка ў Фантэнбло. Апрача Венецыі і Фантэнбло, творчы лёс накіроўваў мастака ў Аўгсбург, а таксама італьянскія гарады, сярод якіх Мілан, дзе ён мог пазнаёміцца з сям’ёй Танцы, заказчыкамі прывезенага ў Мінск твора.

Першасна жывапіснае палатно знаходзілася ў выкупленай Габрыэлем і Галеаца Танцы ў 1536 годзе капліцы Божага цела катэдры ў Бары, куды бліжэй да сярэдзіны стагоддзя яны заказалі карціну, прысвечаную памяці іх дзеда Энрыка. Энрыка Танцы, консул міланскай грамады ў Бары, пераехаў у гэты горад з Мілана, верагодна, следам за дваром Ізабелы Арагонскай, маці Боны Сфорца. Тут і пачынаецца сувязь «Мадонны з дзіцяткам, Святымі Энрыка з Уппсалы і Антоніем Падуанскім» з эпізодам беларускай гісторыі: твор быў змешчаны ў катэдру амаль адначасова з труной з целам ураджэнкі Мілана, польскай каралевы і вялікай літоўскай княгіні Боны Сфорца, якая была бязлітасна атручана сваім сакратаром Джан Ларэнца Паппакодэ.

На палатне, якое паслужыла помнікам, не такія звыклыя для творчасці Бардоне сакавітыя, усмешлівыя жаночыя вобразы, за яскравы тыпаж часам званыя «куртызанкамі», вялікім майстрам якіх ён быў, але — задуменная Марыя, засяроджаныя святыя абапал. Твор, які трапіў у Мінск дзякуючы дапамозе італьянскай амбасады, — адна з вяршынь духоўнай прыгажосці і спелага майстэрства ў спадчыне Бардоне.

Яшчэ навіна з Мастацкага музея — адчыненая з 9 кастрычніка па 2 лістапада камерная выстава «Польскае мастацтва другой паловы XVIII — першай паловы XX стагоддзяў». Сталыя наведвальнікі музея па старой экспазіцыі памятаюць хіба манументальны «Пейзаж з млыном» Юзафа Рапацкага (1871–1929), а сярод сабраных у невялікай зале першага паверха твораў жывапісу, графікі і пластыкі можна спаткаць цікавыя рарытэты. Такія, як прапрацаваны эскіз кампазіцыі «Звеставання» Шымана Чаховіча (1689–1775), выхаванца рымскай акадэміі св. Лукі, настаўніка Францішка Смуглевіча. Эпігон познебарочнага стылю, але вельмі майстравіты і працаздольны, Чаховіч упрыгожыў сваімі палотнамі калегіум езуітаў і касцёл св. Стэфана ў Полацку — на жаль, яны загінулі. Уладзіслаў Сыракомля вельмі высока ацэньваў творы Чаховіча ў мінскіх касцёлах, таксама не захаваныя. Вось жа рэдкі выпадак убачыць арыгінальную работу мастака. А побач — скульптурны медальён самога Сыракомлі работы Даніэля Залескага (1827–1868). А ці не цікава ўбачыць партрэт 1920-х гадоў апошняй уладальніцы Нясвіжа княгіні Вольгі Радзівіл (1886–1948), жонкі Лявона Уладзіслава Радзівіла. Ці акварэлі Юльяна Фалата (1853–1929), ілюстратара княжацкіх паляванняў пад тым жа Нясвіжам?

Зычым нашым чытачам не прамінуць магчымасць убачыць плён выставачнай працы калектыву НММ, а музею пажадаем і надалей радаваць беларускаю сталіцу ўдумліва падабранымі каштоўнасцямі са сваіх збораў і гасцявымі выставамі.


Ілюстрацыі:

1. Напалеон Орда (1807–1883). Замак у Біржах
2. Замак у Біржах. Сучасны выгляд
3. Парыс Бардоне. «Мадонна з дзіцяткам, Святымі Энрыка з Уппсалы і Антоніем Падуанскім». Каля сярэдзіны XVI ст.
4. Ян Чадзякоўскі (1885–1969). Партрэт невядомай. 1910-я. З выставы польскага мастацтва ў НММ

Каментаваць