
Ужо другі раз запар фэст “Камяніца становіцца самай заўважнай падзеяй на ўсёй нацыянальнай фальклорнай сцэне. Гэта стала магчымым таму, што да яго ўдзелу былі запрошаны не толькі ветэраны айчыннай фолк-музыкі, але і маладыя, таленавітыя калектывы, якія прадставілі сваё арыгінальнае разуменне нацыянальнага фальклору. Праўда, нярэдка гэта разуменне набывае такія рысы, што размову пра адраджэнне фальклору можна весці з вялікай доляй насцярожанасці. Творчыя працэсы ў айчыннай фолк-музыцы — падстава для аналізу прафесійных фалькларыстаў, мы ж сёння засяродзімся на фестывальных калізіях.
(На здымку: Палац)
Верасень: дождж ці сонейка?
Тыя хто, лічыць сябе ветэранамі “Камяніцы, добра падрыхтаваліся да сюрпрызаў восеньскага надвор’я: слухачы захапілі з сабой цёплае адзенне, гумавыя боты, гарачую каву і
харчы, каб не сумаваць пад праліўнымі зацяжнымі дажджамі, якія дадалі столькі незабыўных рысаў мінулагодняй “Камяніцы.
Але і тут прырода ўнесла свае прыемныя карэктывы: кропельнікі дажджу толькі ў пачатку фэсту наважыліся выпрабаваць слухачоў на трываласць, але хутка скончыліся, і пяшчотныя сонечныя промні запанавалі
над цудоўнымі краявідамі Строчыцы і драўлянымі шэдэўрамі Музею народнай архітэктуры і побыту. Нагадаю, што менавіта кіраўніцтва гэтага музею і ўладальнікі рэстарана беларускай кухні
“Камяніца сталі ініцыятарамі аднайменнага open-air-фэсту, увесь збор ад якога пайшоў на патрэбы беларускага скансена.
“У нашай нівы да Дажыначкі...
Слухачы, якія першыя трапілі на фестывальнае поле, горача віталі вядучага “Камяніцы–2010 — лідэра вядомага фолк-мадэрн-гурта “Палац Алега
Хаменку, які і запрасіў на сцэну першага ўдзельнікі фэсту. Гонар адчыніць яго праграму выпаў фальклорнаму гурту “GUDA, удзельніцы якога яшчэ раз засведчылі сваё выключнае
становішча на ўсёй айчыннай фолк-сцэне. І не толькі дзякуючы ўнікальным старажытным спевам, але і з дапамогай традыцыйных для іх перформансаў паводле каляндарных абрадаў беларусаў.
Гэтым разам выступ “GUDA быў прысвечаны актуальнаму ў гэтыя дні святу Дажынак, тэатралізаваныя элементы якога вельмі ажывілі праграму фэсту, і слухачы з задавальненнем
паўдзельнічалі ў народным абрадзе.
GUDA
Калі ж над фестывальным полем загучалі рыфы і акорды рок-гурта “Рокаш, слухацкая аўдыторыя яшчэ з большай цікаўнасцю пацягнулася да сцэны. Бо ў выкананні каманды прагучалі такія
вядомыя песні, як “Запалі агонь, “Крумкач, “Ваўкалак, “Дух Зямлі, — творы, якія прынеслі гурту папулярнасць у
колах аматараў неафолк-музыкі. На адкрытым паветры гэтыя кампазіцыі “Рокаша загучалі больш аб’ёмна і ўзнёсла-рамантычна. Вялікая заслуга ў тым і вакалісткі гурта Паліны
Дуленец, спевы якой надавалі музыцы “Рокаша эмацыйнасць, артыстызм і экспрэсію.
Эстафета пераходзіць да гасцей фэсту
Самыя маладыя ўдзельнікі фэсту — гурт “BeFolk з Гомелю — толькі робіць першыя крокі ад рускамоўнай бардаўскай песні ў бок беларускага фолку. Мо таму на фоне кітоў
айчыннай фолк-сцэны творчасць “BeFolk глядзелася даволі нераспрацаванай. Хоць трэба адзначыць, што некаторыя песні ў выкананні гамяльчан можна было аднесці да ўдалых. Маю на ўвазе
кампазіцыю паводле старажытнага фальклорнага твора “Ой, ляцела сіза павушка..., якая сведчыць пра талент выканаўцаў, іх патэнцыял і нераскрытыя магчымасці на айчыннай
фолк-сцэне.
Наступны ўдзельнік фэсту “Камяніца — фолк-гурт “АKANA — здзівіў яркім сінтэзам фолку і джазу. Слухачы вельмі прыязна сустрэлі салістак
“АKANA, і асабліва былую вакалістку гурта “Індыга Русю. У новым фолк-гурце Русі і яе сяброўкам Ірэне і Надзейцы даводзілася спалучаць фальклорныя матывы з
інструментальнай імправізацыяй. Гэтыя эксперыменты выклікалі гарачыя апладысменты ў адрас гурта, асабліва калі “АKANA выконвала ўжо вядомую па сумеснай працы з джазавым гуртом
“Apple Tea кампазіцыю “Жыта палавее. Дарэчы, гэтай арыгінальнай песняй у інтэрпрэтацыі вакалістак “АKANA адкрываецца дыск беларускіх
выканаўцаў “Messages From Belarus, які не так даўно пабачыў свет у Швецыі. Вось так гурт распачаў шлях да міжнароднага прызнання.
АKANA
“Металічнай інструментальнай афарбоўкай адрозніваліся аранжыроўкі фолк-рок гурта з Гомелю “Бан-Жвірба. “Пацяжэлае гучанне гурта адпавядала
канцэпцыі новага альбому “Дагары нагамі, які пабачыў свет у гэтым годзе. Кампазіцыямі “Палын-трава, “Блаславі, маці, “Го-го,
каза! і знакамітай “Канапелькай гомельскія выканаўцы яшчэ раз пацвердзілі сваё права звацца найярчэйшымі прадстаўнікамі традыцыйнага беларускага фолк-року. Такая
прыхільнасць традыцыі дазваляе музыкантам вылучацца на фоне разнастайных “стылістычных вынаходніцтваў і станавіцца пераможцамі музычных фэстаў і конкурсаў. Нагадаю, што нядаўна
гурт “Бан-Жвірба заваяваў першае месца на фэсце “Рок за баброў...
Шматаблічны фолк-шансон...
У вядомага мінскага музыканта Леаніда Паўлёнка ўжо маецца даволі шырокае кола прыхільнікаў. На фэсце “Камяніца летась Леанід прадставіў свой гурт “Нагуаль,
рытмічныя песні якога шмат у каго са слухачоў выклікалі неадольнае жаданне пусціцца ў скокі. Гэтым разам Паўлёнак пазнаёміў слухачоў з іншым сваім праектам — гуртом “Маланка
Orchestra. Музыка і песні калектыву маюць такія якасці, што будуць успрынятыя за свае і ў балканскім нацыянальным асяродку, і ў цыганскім, і ў габрэйскім. Ды і песні ў “Маланка
Orchestra адпаведныя: “За плинтусом, “Лимончики і гэтак далей.
Што да беларускага фальклорнага кантэксту, то трэба адзначыць: Леанід стараецца надаць свайму праекту некаторыя выразныя нацыянальныя рысы: рыфмуе асобныя тэксты па-беларуску, уводзіць у склад свайго
аркестра народныя інструменты. У прыватнасці цымбалы, на якіх віртуозна грае Сяргей Сальнік. Гэтыя новаўвядзенні дадаюць кампазіцыям беларускі каларыт і большую экспрэсію, якая так захапляе аматараў
жвавых танцавальных рытмаў, стварае атмасферу разняволенасці і пазітыву.
Арганізатары дакладана пралічылі і тое, што фестывалю і наладжванню яго святочнай атмасферы дапаможа выступленне вядомага беларускага рок-музыканата Лявона Вольскага. Лявон жа нядоўга шукаў у сваім
творчым багажы нешта адпаведнае фальклорнай тэматыцы фэсту “Камяніца.
Лявон Вольскі
Таму спачатку выканаўца прапанаваў слухачам узгадаць “Народны альбом — кампазіцыі з яго “Надзенька, “Казік і Юзік, беларускую
народную песню “Сівы конь. А далей пайшлі фантазіі паводле скандынаўскага фолку на верш Максіма Багдановіча “Інгеборга з апошняга сольнага альбому Вольскага
“Белая яблыня грому, пераасэнсаванне ірландскіх мелодый у “Баладзе пра Шэйна-Джэка О’Конэлі і ягоны сіні нос з “Застольнага альбому
“Крамбамбулі. На “біс Лявон Вольскі выканаў сапраўдны ўзор сучаснага аўтарскага фальклору — народны хіт “Госці, які заспявалі ўсе
тыя, хто ў гэты дзень наведаў музей і фэст.
“Добры вечар, добры вечар, Талака!
Хэдлайнерам “Камяніцы — этна-трыа “Троіца і фолк-мадэрн-гурту “Палац нічога не заставалася, як на ўсю моц, на якую здольныя лідэры
айчыннай фолк-музыкі, давесці неаспрэчны факт: айчынны фолк — гэта не толькі прыгажосць старажытных мелодый, але і гарманічная іх сугучнасць з самымі сучаснымі стылістычнымі накірункамі ў
сусветнай world- і рок-музыцы. Трэба было бачыць, з якой непадробнай цікаўнасцю маладыя прыхільнікі беларускай фолк-музыкі ўслухоўваліся ў сімфонію чароўных гукаў такіх кампазіцый
“Троіцы, як “Купальская, “Родзе-родзе, “Ой, бору мой, бору..., “Галя, “Тры янгелы,
спрабавалі адчуць і зразумець канцэптуальныя задумы музыкантаў у новым альбоме, калі ў выкананні гурта прагучала прэм’ера песні “Мар’я.
Троіца
Завяршальны этап фэсту “Камяніца выпаў на долю музыкантаў “Палаца і яго кіраўніка Алега Хаменкі. Многія з прысутных бачылі, як Алег хваляваўся наконт таго, як
пройдзе гэты музычны марафон. Ці не падвядзе надвор’е і апаратура, ці ў свой час пад’едуць музыканты, ці будзе ў фэсту дастаткова наведвальнікаў. Але арганізацыйныя пытанні не
засланілі ў Алегу артыста, які ў складзе “Палаца “выклаўся на ўсе сто адсоткаў! Прыемна было бачыць удзельнікаў гурта ў добрай творчай форме, чуць іх старыя
хіты, знаёміцца з новымі аранжыроўкамі і творамі. Вось ужо праўду кажуць: без “Палаца і “Троіцы ні адзін фолк-фэст не будзе паўнавартасным. Як і належыць
пачынальнікам і грандам айчыннага фолк-мадэрну!
P.S. У мінулым годзе, калі адбыўся першы фэст “Камяніца, многія наведвальнікі разважалі пра яго будучыню ў залежнасць ад таго, як будзе арганізавана
транспартнае абслугоўванне фестывалю. Гэтым годам усё было пастаўлена лепшым чынам: многія слухачы скарысталіся роварамі, з якімі іх без размоў пусцілі на тэрыторыю музея. Таксама і транспарту было
больш. Прынамсі, я і мае сябры хутка дабраліся да сталіцы аўтобусам № 203, як было і анансавана арганізатарамі “Камяніцы. Дзякуем!