Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вуліца Brasil вярнулася ў Мінск! (фота)

У Мінску праходзіць чацверты фестываль стрыт-арту VULICA BRASIL. 21 жніўня ў прасторы SPACE кожны ахвочы мог задаць пытанні мастакам і амбасадару Бразіліі падчас адкрытай прэс-канферэнцыі.

Мастакі ўжо працуюць. Рамон Марцінс, аўтар вялічэзнага мурала з зубром, аленем і пеўнем, сёлета будзе завяршаць леташнюю выяву, хаця яна, па словах Рамона, не мае канца: можна ж завярнуць за рог будынка, а потым расфарбаваць іншы бок. «Мной рухала ахвота дадаць гораду колеру, — кажа мастак. — А жывёл вырашыў маляваць таму, што і сам атаясамліваюся з жывёлай. «Шчасце ў лесе» — кажа старажытнаіндыйская мудрасць. Але жывёлы не павінны быць выключаны і з нашай гарадской штодзённасці, таму я іх малюю».
 

Рамон Марцінс адзначыў нязмушанасць атмасферы на фестывалі і тое, што менавіта ў Мінску ён атрымаў першы ў сваім жыцці досвед калектыўнай працы, зразумеў, што мастак не мусіць замыкацца ў сабе, каб нешта стварыць.

Акрамя вуліцы Кастрычніцкай муралі з’явяцца на культурным цэнтры «Корпус» па Машэрава і на будынку па Кальварыйскай, 18. Мастак Zéh Palito, што будзе маляваць на Кальварыйскай, выявіць на муралі беларускую і бразільскую флору і фаўну: «Гэта будзе праца пра адносіны чалавека з прыродай. Я звычайна малюю на цэментных гарадскіх мурах, але імкнуся прынесці ў свае муралі нешта з прыроды».

Мастак Dedablio для ўпрыгожвання «Корпуса» абраў спалучэнне сімвалаў бразільскай і мясцовай культуры. 
Калі па экстравагантным выглядзе Рамона Марцінса і Zéh Palito можна адразу зразумець, што яны стрыт-мастакі, то Dedablio выглядаў рафінаваным інтэлігентам: картуз і белы каўнерык, чаравікі…. Творца распавёў, што апранаецца так свядома, каб разбураць стэрэатыпы, у тым ліку і пра вулічных мастакоў. «Для мяне быць стрыт-мастаком — гэта кшталт дыпламатыі. Я працую не толькі з муралямі, маю работы звычайнага памеру. Але імкнуся вынесці іх з дому і майстэрні на вуліцу, аддаць у публічную прастору, каб адбылося ўзаемадзеянне з гледачом і інтэграцыя», — кажа Dedablio.


Падчас сёлетняга фестывалю нашу краіну наведае 8 мастакоў з Бразіліі. Будуць таксама беларускія праекты. Марат RGB штогод прыганяе на Кастрычніцкую «арт-грузавік», які сёлета будзе ўпрыгожаны і звонку, і знутры. На машыну, а таксама з яе можна праектаваць відэа. Магчыма, Марат здыме ролік адмыслова для фестывалю. Галерэя ў грузавіку сёлета будзе мець назву «Знайдзі сабе нармалёвую работу». Па словах мастака, такую фразу рызыкуе пачуць ад сваіх блізкіх кожны творца, які быццам бы «займаецца невядома чым»: «Дык вось сёлетні праект стане адказам на гэта. Прыйдзі ў галерэю і знайдзі сабе нармалёвую работу! У сэнсе, карціну». Праект выходзіць на міжнародны ўзровень: пасля фестывалю ў Мінску арт-грузавік накіруецца ў Вільню.

Архітэктары Ілля Катлярскі і Наста Лемяшонак з валанцёрамі будуюць «Ідэальны хмарачос» на трамвайным кальцы ў канцы Кастрычніцкай. Гэта будзе шматфункцыянальны экалагічны павільён з галерэяй мастакоў VULICA BRASIL, раслінамі і месцамі для адпачынку. Скульптарка Паліна Пірагова прадставіла праект творчага дуэта «Рэха», які ўжо тыдзень як робіць інсталяцыю з лазы. Вышыня плануецца каля 9 метраў, тэматыка — завадскія трубы.


Фестываль арганізуе бразільская амбасада. На сустрэчы прысутнічаў амбасадар Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Беларусі Паўла Антонія Перэйра Пінта і аташэ па культуры амбасады Даніла Коста. Адным са спонсараў фестывалю выступае кампанія «Лідскае піва». Арганізатары адзначылі, што ніводны са спонсараў не імкнецца камерцыялізаваць VULICA BRASIL і не ўмешваецца ў творчы працэс.

Фестываль завяршыцца 2-3 верасня карнавалам, які будзе доўжыцца роўна содні, з 12.00 да 12.00. Як патлумачыў адзін з арганізатараў Аляксандр Карнейчук, такая канцэпцыя была абраная для прыцягнення розных катэгорый наведвальнікаў: сем’яў з дзецьмі, аматараў альтэрнатыўнай музыкі, начных тусовак.

Плануецца 4 сцэны, вяртанне на Кастрычніцкую трамваю падчас карнавалу, шэсце бубначоў, што граюць у стылі батукада (бразільскае самба). Склад выступоўцаў пакуль не агучваецца. Магчыма, на вуліцы Кастрычніцкай нават зробяць пляж. Карнавал стане своеасаблівым даследаваннем таго, як можа мяняцца вуліца Кастрычніцкая на працягу содняў.

Фота аўтаркі

Каментаваць