Выбух крэатыўнасці: новыя выставы ў Мінску

Снежань заўсёды — час эксклюзіўных выстаў. Падводзяцца вынікі году, набліжаюцца Каляды са святочным настроем: усё спрыяе актывізацыі мастацкага працэсу.

 

Так сталася і ў 2017 годзе: днямі ў Мінску стартавала некалькі выдатных паказаў, наведаць якія раім на выходныя, не адкладаючы ў далёкую шуфляду.

У Палацы мастацтваў на Казлова, 3 свае творы разам з набыткамі з уласнае калекцыі прэзентаваў (усе экспазіцыі ў Палацы працуюць па 15 снежня) патрыярх адраджэнскага руху і суполкі “Пагоня” Алесь Марачкін, чые вострасюжэтныя творы неаднаразова рабіліся прадметам забароны на афіцыйных выставах праз умяшанне функцыянераў Мінкульту. Зараз быццам бы “пранесла”, і наведаць экспазіцыю варта “пакуль усё ладна”, а таксама дзеля таго, каб пабачыць творы іншых беларускіх знакамітасцяў, якія Марачкін прыдбаў падчас вандровак па краіне.

Назавём найперш працу настаўніка Марка Шагала віцябчаніна Юдаля Пэна. Прысутнічаюць таксама творы вучня Васіля Кандзінскага, Генрыха Ноя, вучня Казіміра Малевіча, Міколы Пашкевіча. Ёсць работы невядомых мастакоў ХХ стагоддзя і нашых сучаснікаў. На вернісажы, дзе прысутнічала шмат знаных асоб, зайграў Андрусь Такінданг.

Не выходзячы з Палацу Мастацтва, на другім яго паверсе можна пазнаёміцца з экспазіцыяй “Графіка года” — прац за 2017 год  лепшых майстроў Беларусі (а графічная школа ў нас выдатная!), арганізаванай як вынік першага спецыяльнага гадавога конкурсу работ у графічнай тэхніцы. Сярод пераможцаў у розных намінацыях — Тамара Шэлест (збольшага жывапісец), Аляксандр Некрашэвіч (манументаліст), Андрэй Савіч, Андрэй Кошалеў, Дзмітры Шапавалаў. А прэзентацыю твораў яшчэ аднаго пераможцы, Уладзіміра Вішнеўскага, мастака агульнапрызнанага, старшыня  Саюза мастакоў Рыгор Сітніца назваў “сапраўдным творчым выбухам”.

 Прайшоўшы ў далёкі зал другога паверха Палаца мастацтва, убачым незвычайна лёгкія і жыццядайныя па каларыстыцы жывапісныя палотны на юбілейнай выставе Канстанціна Андруковіча “Цывілізацыя”. Нарэшце, верхні паверх цалкам заняла творчая справаздача суполкі “Верасень”.

Учора стартаваў яшчэ адзін знакавы паказ — з музея ў Заслаўі прывезлі выключную калекцыю візітнай карткі Беларускага народнага мастацтва — маляваных дываноў. Менавіта заслаўскі музей налічвае іх найбольш рэпрэзентатыўны збор. 

Вобразы “раю на зямлі”, казачных і фальклорных персанажаў у трохі наіўных, але надзіва гарманічных кампазіцыях — знакамітай Алены Кіш, стылізацыях прафесійнага мастака “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча, іншых, у тым ліку ананімных аўтараў — такое багацце разнастайнасці талентаў з народа ў Мінску экспануецца не кожны год.

Група маладых жывапісцаў — Васіль Пешкуна, Антон Вырва, Віталь Гуназа, Уладзіслаў Петручык, Міхаіл Крот, Ігар Свянціцкі — у Мастацкай галерэі імя Савіцкага 6 снежня адчынілі калектыўную выставу з правакацыйнай назвай “Аголеная натура”. 

Хай яна не падмане наведвальнікаў — жанра ню там не ўбачыць, затое багата выдатных краявідаў беларускай прыроды ад эцюдаў “з натуры” да вялікіх палотнаў. Дамінуе традыцыйны рэалістычны падыход, і пры гэтым падкупляе энергетыка маладых талентаў. Выстава працуе з 6 снежня па 7 студзеня (пл.Свабоды, 15).

Перамесцімся, нарэшце, у яшчэ малавядомую, але ўжо адзначаную густоўнасцю паказаў галерэю “Прадмесце” (пад “домам Чыжа” ў Траецкім — Старажоўская, 6). 7 снежня тут выставіў свае працы (“Разважання шляху”) ці не самы цікавы з маладых скульптараў Беларусі Дзмітры Аганаў (выстава працуе па 20 снежня). У прафесіі ён, аднак, ужо каля 30 год, са школьнай лавы, бо з’яўляецца скульптарам “патомным”, па бацьку. 


Адметная стылістычная рыса яго скульптур малых форм — зелень пацініраванай бронзы.  А вытанчаныя нервовыя сілуэты кажуць пра захапленне почыркам найзнакамітага майстра ХХ стагоддзя Альберта Джакамеці. Галоўнае, што ў суме ўсе элементы дапамагаюць выразна ўвасобіць дух галоўнай ідэі выставы — свет сонечнага, авеянага міфамі старажытнасці рэгіёну Міжземнамор’я і Басфору.

Зычым чытачам асады ад судакранання да прыгожага і дасканалага свету творчасці.

 Фота — аўтара



Каментаваць