Вышыванкі ў нашым радаводзе

Водгукі на публікацыі з серыі «Чалавек у вышыванцы» атрымліваць прыемна. Апошнім часам шмат хто з нашых дзеячаў культуры тэлефануе мне. Вось, прыкладам, спадар Ян Антанюк.



Ян Ігнатавіч Антанюк


— Уладзімір Ілліч? — удакладняе ён, пачуўшы мой голас у слухаўцы.

— Так, — кажу.

— Вам тэлефануе, — чую далей, — Дунін-Марцінкевіч.

— Рады, — кажу я, — пагаманіць з класікам нашай літаратуры, нашай драматургіі. Чым магу быць вам карысны?

— Вы разам з Таццянай Трубач распавядаеце пра беларускія вышыванкі. Дык от! Такую вышыванку маю і я. Вас цікавіць?

— А чаму б і не! Яшчэ лепей напісаць пра гэтую сваю ўкрасу, сваю каштоўнасць.

— То добра! Неўзабаве напішу.

Вось што Ян Ігнатавіч, сумленны беларус, напісаў:

«Я набыў сваю вышываную кашулю на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта быў сімвал актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні. А тое, што я называю сябе ў размове з вамі Дуніным-Марцінкевічам, дык гэта ведаючы вашы прыхільнасці. Дый набыццё маёй вышыванкі неяк звязана з духам Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: з маім удзелам у спектаклі, прысвечаным славутаму драматургу. Я выконваў галоўную ролю. А наогул, колькі слоў скажу пра вышыванкі ў нашай сям’і.

У 1930-я гады, калі я пачаў асэнсоўваць акаляючы свет, вышыванкі сталі сыходзіць з бытавога ўжытку. Сталі больш даступнымі тканіны фабрычнай вытворчасці, яны былі рознага гатунку і рознай афарбоўкі. Неабходнасці ў вышыўцы адзення як быццам не было. Льняное палатно гаспадыні яшчэ выраблялі ручным спосабам. Яго выкарыстоўвалі для шыцця бялізны. Я ведаю ўсю тэхналогію гэтага працэсу. Ён быў працаёмкі, вымагаў шмат часу. Трэба вырасціць лён, апрацаваць яго, саткаць на кроснах, пашыць. Сям’я ў нас была вялікая — 11 душ (шэсць сыноў і пяць дачок). Жылі ў вёсцы Чэрні Брэсцкага раёна. Клопату ў маці хапала, было не да вышыванак. Дзяўчаты галоўным чынам вышывалі ручнікі, сурвэткі, насоўкі, для падушак навалачкі. Ужо вышыўкай кашуль не займаліся, але памяць пра іх захавалася. Яна зыходзіла ад бабулі Сікліты па мамінай лініі («па кудзелі»). Вышываных кашуль у яе было шмат. І не толькі кашуль, яшчэ іншых вырабаў. На святы і ў царкву яна апранала сваё адзенне. Пасля смерці бабулі яе «багацце» было падзелена паміж дочкамі — Ганнай (маёй маці) і Таццянай. Памятаю добра сваю маці маладую, з фартухом, у святочнай вышыванай кашулі».

Падрыхтавала Таццяна Трубач

Каментаваць