Адкрылася выстава “Будаўніцтва чалавека” да 60-годдзя мастака Уладзіміра Вішнеўскага

Вечарам 31 сакавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава “Будаўніцтва чалавека” з нагоды 60-годдзя з дня народзінаў і 40-годдзя творчай дзейнасці выдатнага беларускага мастака Уладзіміра Вішнеўскага — аднаго з найлепшых у краіне майстроў кніжнай графікі.  



У экспазіцыі — творы выяўленчага мастацтва ў розных тэхніках  і матэрыялах, прысвечаныя праблеме дуалізму чалавека, які з часоў Адама і Евы разрываецца паміж духоўным і матэрыяльным, а таксама выбітным постацям і падзеям айчыннай гісторыі.

Як зазначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, ягоны сябра, ураджэнец Случчыны Уладзімір Вішнеўскі — адзін з гадаванцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву — той цёплай, мілай і ўтульнай школкі, што дала не толькі Бацькаўшчыне, але і сусвету дзясяткі выбітных майстроў мастацтва, якія будавалі і зараз дабудоўваюць нацыю. “Як грамадзянін, мастак і настаўнік Уладзімір Вішнеўскі ніколі не збочваў з гэтага магістральнага светабачання і перадаў яго сваім шматлікім вучням з Беларускай акадэміі мастацтва, дзе майстра адпрацаваў 30 гадоў. Будзем спадзявацца, што ягоныя выхаванцы таксама не збочаць з гэтага шляху, а будуць абапірацца на тыя традыцыйныя каштоўнасці, якія ўласцівыя кожнай нацыі”, — падкрэсліў старшыня БСМ.

Ён назваў мастака сфармаванай цэльнай асобай, якая стаіць на сваім, даказвае людству сваю праўду і пераконвае свет, што гэтая праўда слушная і з ёю трэба пагаджацца.      

Калегі Уладзіміра Вішнеўскага адзначалі, што нечаканая, узнёслая і незвычайна праніклівая творчасць майстра нікога не пакідае абыякавым, называлі мастака знакавай асобай сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва, характарызавалі яго, як добрага, сціплага, шчырага, прыгожага і інтэлігентнага чалавека, які вельмі абвострана ўспрымае жыццё і стварае адпаведны творчы асяродак, што захапляе сучаснае пакаленне мастакоў.

Выстава працуе да 16 красавіка.

Каментаваць