Выстава Леаніда Гоманава “Спатканне” ў Палацы мастацтва

Выстава Леаніда Гоманава “Спатканне”, прысвечаная 60-годдзю жывапісца, адкрылася вечарам 17 кастрычніка ў мінскім Палацы мастацтва.



Выстава — творчая справаздача  мастака за апошнія чатыры гады. У экспазіцыю увайшлі працы з калекцыі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, а таксама з творчых вандровак жывапісца па Беларусі і Расіі, у тым ліку ў Паленава (Тульская вобласць), Тарусу (Калужская вобласць), а таксама на творчую базу Саюза мастакоў Расіі “Акадэмічнае лецішча імя Іллі Рэпіна” (Цвярская вобласць).

 Лясное возера. Раніца

На стварэнне прац мастака натхняюць прыгажосць і паэзія прыроды тых мясцін, дзе ён бывае. Краявіды Леаніда Гоманава вылучае лірызм, тонкая нюансіроўка колеру, майстэрская перадача ледзьве ўлоўных станаў прыроды. Для жывапісца заўсёды вельмі важна, каб людзі былі злучаныя агульнай стваральнай ідэяй, а мастацкі пленэр якраз і з’яўляецца такім сродкам паяднання творчых людзей розных культур, традыцый і напрамкаў у мастацтве. На меркаванне Леаніда Гоманава, адрозныя культуры не спрачаюцца, а, як на палатне, ствараюць сугучча фарбаў. Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, — вынік уражанняў жывапісца ад іншых краін, іх традыцый і культур.

Леанід Гоманаў

Леанід Гоманаў нарадзіўся 22 лістапада 1953 года ў горадзе Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. У 1974 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Аляксея Глебава, у 1991-м — Беларускі дзяржаўны тэатральна­мастацкі інстытут. З 1991 году — сябра Беларускага саюза мастакоў. З 1981 году — удзельнік усесаюзных, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў і конкурсаў. Штогод прымае ўдзел у міжнародных пленэрах жывапісу. З’яўляецца прызёрам рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў плакату і кніжнай графікі.

Від з Акі на Тарусу

 Шлях у неба

 

Творы жывапісца знаходзяцца ў музеях і галерэях Беларусі, Расіі і Славакіі, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, В’етнама, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраілю, Канады, Кітаю, Нарвегіі,  Палестыны, Польшчы, Расіі, Сербіі, Турцыі і Францыі. У 2006 годзе на кангрэсе кіраўнікоў гарадоў у Маскве міжнародны дабрачынны фонд “Мецэнаты стагоддзя” за высокароднасць думак і спраў узнагародзіў Леаніда Гоманава медалямі “Дабрадзей” і “У імя жыцця на Зямлі”. У 2010 годзе мастак абраны сябрам­карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва. З 2005 года Леанід Гоманаў — старшыня журы штогадовага Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” для дзяцей і моладзі, што праводзіцца на Беларусі.

Выстава працуе па 3 лістапада.

Наваколле Паленава

 

  Вечарэе

     

Месяцовая ноч

Меліхава

 

Сцежка да хаты. Паленава

Каментаваць