Выстава "Маімі вачыма" ізраільскага фотамастака Барыса Равіча адкрылася ў Гомелі

Атмасферную выставу-рэтраспектыву, можна наведаць  ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў.



Назіраць, перажываць сцэны і падзеі як факты ўласнай біяграфіі, а таксама падумаць і засяродзіцца на сваіх успамінах і пачуццях - у гэтым ідэя фотаработ Барыса Равіча. Аб'ект здымкі яго захапляе, натхняе, магнетызуе. Галоўны спосаб самавыражэння фотамастака - партрэт. Равіч здымае менавіта людзей. А машыны, дарогі, прырода, культавыя збудаванні, аксэсуары - гэта ўсяго толькі фон, атмасфера, дапаўненне. Кожны яго твор нясе за сабой гісторыю, якую можна і нават варта чытаць і разгадваць.



Разынкай выстава стала серыя фотаработ пад назвай «Лаўка», якая існуе ў трох выглядах - 17, 40 і 400 фотаздымкаў, якія аўтар рабіў цягам года ў  прыморскім ізраільскім горадзе Нетаніі. У той час, як навакольны свет і людзі змяняліся, здымач майстра назаўжды захаваў разнастайныя характары, людзей ды з'явы ізраільскай рэчаіснасці. Адмыслоўцы ўжо празвалі гэтую серыю фатаграфіяй ХІІ стагоддзя. Здымкі можна лічыць сапраўднай "капсулай часу" — зменіцца жыццё, але па гэтых фота можна будзе рэканструяваць нас і наш час.

Хапае на выставе "Маімі вачыма" і з'яваў ды сюжэтаў, звязаных з багатай культурай ды творчым светам Ізраіля. На здымках твары рэжысёраў ды актораў, сцэны з асобных спекталяў ды перформенсаў. З дапамогай выставы Барыса Равіча можна дазнацца пра Ізраіль — краіну, пра якую ураджэнец Беларусі Шымон Пэрэс некалі сказаў, што "Ізраіль у большай ступені драма, чым краіна".

Ахвотныя паглыбіцца ў даследаванне фатаздымкаў і развагі над іх сэнсам могуць зрабіць гэта да 10 красавіка.  

Каментаваць