Выстава плакату нямецкага карыкатурыста Клаўса Штэка

17 кастрычніка ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава плакату нямецкага карыкатурыста Клаўса Штэка “Нічога не вырашана, арганізаваная Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. У экспазіцыі — каля 40 крытычных плакатаў на экалагічную тэматыку, створаных мастаком у апошняй траціне ХХ стагоддзя.

 



Майстра з'яўляецца аўтарам каля 300 плакатаў, якія дэманстраваліся на выставах больш за тры тысячы разоў. Упершыню плакатыст прыцягнуў усеагульную ўвагу ў Нюрнбергу, калі там адзначалі год Альбрэхта Дзюрэра. У горадзе размясцілі плакаты Штэка з рэпрадукцыяй партрэта састарэлай маці Дзюрэра і надпісам “Вы б здалі пакой гэтай жанчыне?. 


Работы Штэка захапляюць і палохаюць сваёй надзённасцю. Некаторыя плакаты сёння сталі нават больш актуальнымі, чым калі-небудзь раней. Менавіта з гэтай нагоды выстава атрымала назву “Нічога не вырашана.


Першы намеснік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў задавальненне, што выстава арганізаваная менавіта Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. На ягоную думку, дзейны чын гэтай “вельмі шаноўнай структуры ў Мінску сведчыць пра тое, што мы — беларусы, як еўрапейская нацыя, будзем бліжэй станавіцца да нашых еўрапейскіх сяброў і суседзяў, бо з Еўропы нам няма куды падзецца — так Бог вырашыў. А выстава сведчыць пра тое, што працягваецца і дасягне свае мэты інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую супольнасць, нягледзячы на аніякія перашкоды, — падкрэсліў Сітніца. Ён выказаў пажаданне на развіццё супрацоўніцтва беларускіх і нямецкіх мастакоў, каб яны станавіліся больш блізкімі і зразумелымі адзін аднаму.


Як адзначыў дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман, з 1970-х гадоў і да гэтай пары немцаў хвалююць тэмы плакатаў Штэка — забруджванне паветра, вады і прадуктаў харчавання, як зрабіць жыццё людзей здаровым, роля аўто ў забруджванні навакольнага асяроддзя. “Трэба памятаць, што гэтыя плакаты створаныя тады, калі ніхто  не ведаў пра глабалізацыю і майкрасофт-фоташоп. А ў глабальным свеце гэтыя экалагічныя небяспекі яшчэ больш пагражаюць нам, —сказаў Баўман. Ён паведаміў, што падрыхтаваны каталог выставы па-беларуску і яго можна задарма атрымаць ў офісе інстытута.


Намеснік амбасадара Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар выказаў Штэку падзяку за тое, што ягоныя плакаты спрыялі выхаванню палітычнай свядомасці будучага дыпламата падчас яго навучання ў Гетынгенскім ўніверсітэце, а таксама спадзяванне на тое, што выстава будзе спрыяць адпаведнаму выхаванню наведвальнікаў экспазіцыі ў Мінску.


Клаўс Штэк падкрэсліў, што экалагічныя праблемы, якія пачалі хваляваць яго 40 гадоў таму, сёння яшчэ больш актуальныя. Ён выказаў надзею, што яго візіт у Беларусь стане пачаткам сяброўства з многімі беларусамі.   

17 кастрычніка адбылася сустрэча мастака са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пад час якой Штэк выступіў як мастак-плакатыст і прэзідэнт Берлінскай акадэміі мастацтваў. У гэты ж дзень у галерэі сучаснага мастацтва “Ў з удзелам Штэка адбылася дыскусія “Плакат — мастацтва правакацыі, прысвечаная дызайну, мастацтву графікі і плаката. Беларускі бок прадставілі дызайнер Уладзімір Цэслер, мастак і куратар арт-рпаектаў Руслан Вашкевіч, а таксама мастацтвазнаўца Таццяна Бембель.


 

Штэк нарадзіўся ў 1938 годзе непадалёку ад Дрэздэна. Вывучаў юрыспрудэнцыю ва ўніверсітэтах Гейдэльберга, Гамбурга і Берліна. Нюансы плакатнага мастацтва Клаўс спасцігаў самастойна. З 1971 года Штэк выкладаў ва ўніверсітэце горада Каселя, з 1986 года — у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў. У 2006 годзе мастак быў прызначаны прэзідэнтам Берлінскай акадэміі мастацтваў.


Выстава працуе па 28 кастрычніка.

 

Каментаваць