Выстава-прысвячэнне 80-годдзю з дня народзінаў Рыгора Барадуліна

Вечарам 24 лютага ў Мінску, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адкрылася літаратурна-дакументальная выстава “Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці…”, прысвечаная 80-годдзю з дня народзінаў народнага паэта Беларусі.



У экспазіцыі, падрыхтаванай супрацоўнікамі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, — рэчы з фондаў музея (фотаздымкі, рукапісы, лісты і кнігі), якія перадаў сам Рыгор Барадулін, а таксама рэліквіі з яго архіва (фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, сувеніры, падарункі і ўзнагароды), перададзеныя жонкай паэта Валянцінай Міхайлаўнай. Прычым усе гэтыя матэрыялы ўпершыню прадстаўлены шырокай публіцы.

 Аўтограф народнага паэта

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі пісьменнікі, сябры, родныя Рыгора Іванавіча, аматары творчасці народнага паэта.

Выступае Васіль Зуёнак

 

Паводле словаў паэта Васіля Зуёнка, “душа шчыміць, калі ідзеш на сустрэчу з сябрам, аднагодкам, пабрацімам па паэзіі вось у такім выглядзе: ні яго абняць, ні з ім перамовіцца, а проста паглядзець на яго аблічча, на ўсмешку яго, на яго смутак, проста прайсці разам з Рыгорам тымі многімі знаёмымі сцяжынкамі, успомніць нешта, прыгадаць і зразумець, колькі ўсяго гэтага засталося ў ягонай памяці і знайшло адбітак у ягонай паэзіі”. “А самае галоўнае — колькі яшчэ засталося з ім і пайшло некуды ў нябёсы. Выстава сведчыць, што Рыгор Барадулін быў вялікі вандроўнік і вялікі жартаўнік. Зноў і зноў глядзіш на ўсё гэта, перажываеш  і з усмешкай успамінаеш тыя мілыя, любыя сэрцу часіны, якія ўжо не вернуцца, але застаюцца з намі і будуць заставацца з нашымі нашчадкамі ў слове Рыгора Барадуліна. Ён сцвердзіў сябе на стагоддзі ў беларускім слове, у беларускай паэзіі. З гэтым мы і будзем жыць”, — сказаў Васіль Зуёнак.  

 Прамаўляе Сяргей Законнікаў

Зямляк Рыгора Барадуліна, паэт Сяргей Законнікаў падкрэсліў, што па сіле выяўлення магчымасцяў беларускай мовы такога паэта, як Рыгор Барадулін, не было і, відаць, у бліжэйшы час не будзе, а можа і наогул не будзе. “І мы шчаслівыя, што маглі быць з ім, гаварыць з ім і нават памаўчаць з ім”, — зазначыў Сяргей Законнікаў. Ён звярнуў увагу на тое, што, як мудры чалавек, Рыгор Барадулін вельмі добра бачыў людскія хібы, але ніколі не быў злапамятным, бо дабрата заўсёды перамагала ў яго. “З любоўю і дабрынёй да яго адносіліся і людзі”, — сказаў Сяргей Законнікаў.    

Успамінае Кастусь Цвірка

Паэт Кастусь Цвірка ўзгадаў, як сябраваў з Рыгорам Барадуліным у 1950-я гады падчас вучобы ў Белдзяржуніверсітэце, калі яны сышліся, пазнаёміліся і ўвесь час былі неяк разам, таму што пісалі вершы, чыталі адзін аднаму і раіліся пра нешта. “Студэнтамі часта хадзілі ў рэдакцыю “Чырвонай змены”, дзе абмяркоўвалі паэзію розных творцаў, зачытваліся вершамі нейкага паэта і ўсе разам яго крытыкавалі. У той час Рыгор Барадулін, відаць не зусім яшчэ ўпэўнены ў сваіх паэтычных здольнасцях, падпісваўся псеўданімам Алесь Чабор”, — адзначыў Кастусь Цвірка. Ён лічыць, што неабходна падрыхтаваць кнігу успамінаў пра народнага паэта яго сяброў, родных і блізкіх.   

 

Фрагменты экспазіцы

Падчас адкрыцця выставы гучаў голас народнага паэта Беларусі, чыталіся ягоныя творы і выконваліся песні на вершы Рыгора Барадуліна. 

Удзельнікі адкрыцця выставы

Фота Марата Гаравога

Каментаваць