Выстава Васіля Шаранговіча ў гонар 130-годдзя Купалы і Коласа

30 кастрычніка ў Мінску, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава твораў народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесара Васіля Шаранговіча, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
 



У экспазіцыі прадстаўлены каля 100 прац -- станковыя работы, кніжныя ілюстрацыі, эскізы і варыянты ілюстрацый мастака, зробленыя па матывах творчасці песняроў. Сярод іх – ілюстрацыі да паэмы Коласа “Новая зямля, да паэм Купалы “Адвечная песня, “Курган, “Бандароўна і “Ганчар, літаграфія “А хто там ідзе, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела.

Як адзначыла дырэктар музея Наталля Шаранговіч, нацыянальнага мастака ў многім вызначае тэматыка, каторая выяўляецца ў вобразах сялян, занятых цяжкой, але заўжды плённай працай. “Іначай, мабыць, і не магло адбыцца. З дзяцінства выхавалася ў яго павага да працавітага вясковага люду, якому ён прысвяціў практычна ўсе свае творчыя памкненні. Дыпломная работа Шаранговіча, зробленая пры заканчэнні кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, была прысвечана паэзіі Купалы. Па сутнасці з яе пачалася знакамітая “купаліяна мастака, якая зрабіла яго творчасць запамінальнай, а почырк і стыль – пазнавальнымі. Самога майстра вабіла рамантычная ўзнёсласць, чысціня вобразаў, лёгкасць паэтычнага слова песняра, яго ўзвялічванне “пана сахі і касы, заклік мець гонар і “людзьмі звацца, -- сказала мастацтвазнаўца.





Яна працытавала фрагмент з успамінаў майстры: “У маладосці, пасля вучобы, калі стаў самастойна працаваць як мастак, я больш захапляўся паэзіяй  Купалы. Але ў 1967 годзе мяне запрасілі зрабіць падарункавае выданне да зборніка вершаў Коласа “З майго летапісу з шэрагам гравюр. Пазней выйшла кніжка-малютка коласавых вершаў. Думаю, што падсвядома ў мяне мацнела думка: трэба аддаць Коласу большую даніну. Падступіць да коласавай глыбіні аказалася намнога цяжэй, чым увайсці ў рамантычныя варункі паэзіі Купалы. Колас шматгранны: ён глыбока любіў свой край, стварыў велічны гімн хараству роднай прыроды і горкі спеў безнадзейнаму і цяжкому існаванню простага сялянскага чалавека. У паэме “Новая зямля паказаны амаль поўны “каляндарны цыкл народнага жыцця са штодзённымі турботамі, святамі, марамі звычайнага чалавека.

Паводле слоў дырэктара музея, для Шаранговіча “Новая зямля ажыла ўспамінамі дзяцінства, у радках паэмы ён згадваў мядзельскія краявіды, хутары, землякоў, іх мары аб сваёй “новай зямлі, якой, на жаль, так і не давялося дачакацца. Гледзячы на графічныя лісты майстры, згадваюцца словы мастака: “Я заўсёды цвёрда стаяў на роднай зямлі і мне заўсёды, як у словах Янкі Купалы, “будуць сніцца сны аб Беларусі, сказала Наталля Шаранговіч.





Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась Баразна адзначыў, што ў постаці Шаранговіча з’яднаныя Настаўнік, Майстра і Інтэлігент. Паводле яго слоў, кожны твор экспазіцыі – знак павагі мастака да сваёй Радзімы, нацыянальнай культуры і яе каранёў. Баразна выказаў надзею, што і праз вякі творы Шаранговіча будуць успрымацца беларусамі, “як канцэнтрат таленту народа і яго павагі да сваёй спадчыны.





Паводле слоў паэта  Васіля Зуёнка, шчаслівая тая літаратура, якая мае такіх сяброў-мастакоў, як Васіль Пятровіч. “Калі акінеш вокам зробленае ім, здзіўляешся аб’ёму створанага і выдатнаму майстэрству. Майстра не проста ілюструе, ён чытае і раіцца, а часам і спрачаецца з Купалай і Коласам. На гэта трэба мець вялікі талент чытача і мастака, -- падкрэсліў Зуёнак. На ягоную думку, Шаранговіч “з вялікім гонарам выканаў гэтую вялікую мастакоўскую гаворку з нашымі песнярамі.




 

Каментаваць