Выстава керамістаў “Рэтраспектыва” адкрылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва

У экспазіцыі творы больш за 10  іншаземных аўтараў-удзельнікаў міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”. Як адзначыў арганізатар і кіраўнік творчай акцыіі, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Валерый Калтыгін, выстава — нагода для ўспамінаў і разважанняў аб міжнародным пленэры па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які пачаў сваю гісторыю ў 2003 годзе.



На працягу 10 гадоў штогод летам у Бабруйску сустракаюцца беларускія і замежныя мастакі — керамісты, прычым не менш за палову ад агульнай колькасці ўдзельнікаў складаюць іншаземныя аўтары, якія бяруць удзел у пленэры для знаёмства з творчасцю беларускіх керамістаў і ўзбагачэння прафесійнага вопыту.

На думку Калтыгіна, пленэр “Арт-Жыжаль” — “гэта іншы свет мастацтва, бесперапынны творчы працэс у прыродным асяроддзі, дзе керамісты атрымліваюць выдатную магчымасць выпрабаваць сябе, далучыцца да трапяткога яднання ў творчасці з агнём-стваральнікам”. Паводле ягоных слоў, творы ўдзельнікаў пленэру аб’ядноўвае адзіная тэхналогія і агульная каляровая гама. Разам з тым, як падкрэсліў Валерый Калтыгін, вынікам шматлікіх творчых сустрэч керамістаў розных стран свету стала знікненне яркіх праяваў нацыянальных школ керамікі.  

Як адзначыла мастацвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, “Арт-Жыжаль” з’яўляецца ўнікальнай з’явай для беларускага выяўленчага мастацтва, бо у ім няма другой такой творчай акцыі, якая б сістэматычна праводзілася на працягу 10 гадоў. На яе меркаванне, нягледзячы на стылёвую рознастайнасць удзельнікаў пленэру — прадстаўнікоў розных школ керамікі, выніковыя выставы “Арт-Жыжалю” вылучаюцца нечаканай цэласнасцю.

Мастацтвазнаўца звярнула ўвагу на тое, што на пачатку 1970-х гадоў беларускія мастакі зрабілі рэвалюцыйны пераварот у кераміцы, якая разам з фарміраваннем інтэр’еру і ўпрыгожваннем яго стала выконваць больш сур’ёзныя функцыі. “Айчынныя майстры даказалі, што кераміка здольная на асобую эзопавую мову,  дэкаратыўнасць і неабмежаваную шырыню магчымасцяў”, — сказала Ларыса Фінкельштэйн.    

Пленэр “Арт-Жыжаль” праводзіцца штогод каля жывапіснага берага Чыгірынскага вадасховішча. Заснавальнікамі творчай акцыі з’яўляюцца Бабруйскі гарвыканкам і ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, арганізатарамі пленэра выступаюць аддзел культуры Бабруйскага гарвыканкама, Бабруйскі мастацкі музей імя Георгія Паплаўскага, а таксама Бабруйская гарадская арганізацыя БСМ. У розны час удзельнікамі творчай акцыі станавіліся керамісты з Азербайджана, Балгарыі, Беларусі, Велікабрытаніі, Венесуэлы, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Турцыі, Украіны і Францыі. 

Экспазіцыя працуе па 12 кастрычніка. 17 кастрычніка ў Мінску, у Палацы мастацтва адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай 10-годдзю пленэра “Арт-Жыжаль”.

Фота Марата Гаравога

Каментаваць