Выстава «Зямля мая мяне заве…» у музеі Коласа

1 ліпеня ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася выстава «Зямля мая мяне заве…», прысвечаная  Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю выдання паэмы песняра «Суд у лесе».



Таццяна Жырмунская. Партрэт Якуба Коласа.


У экспазіцыі прадстаўлены асабістыя рэчы народнага паэта Беларусі, лісты, тэлеграмы, дарчыя надпісы Коласа на выданнях паэмы, плакаты і газеты ваенных гадоў. Сярод іх — рукапіс паэмы «Суд у лесе» з аўтарскімі праўкамі, які Колас у 1943 годзе перад ад’ездам з сям’ёй з Ташкента ў Беларусь перадаў беларускай паэтэсе Эдзі Агняцвет; узбекскі нацыянальны галаўны ўбор цюбецейка і фарфоравая піяла — падарункі песняру ад сяброў-узбекаў, партрэт Коласа, які ў 1942 годзе напісала з натуры ў Ташкенце руская мастачка Таццяна Жырмунская ў дзень 60-годзя паэта.   

Куратар выставы, старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Адамовіч распавяла, што лёс Якуба Коласа ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў сапраўдным адлюстраваннем лёсу ўсяго беларускага народа: смутак развітання з радзімай, трагедыя страты блізкіх людзей і, нарэшце, радасць вызвалення.

У змрочны час першых месяцаў вайны, зведаўшы горыч выгнання і страту сына Юркі, Колас знайшоў прытулак у Ташкенце. Жывучы ва Узбекістане, народны паэт напісаў шмат выдатных вершаў, працаваў над паэмамі «Суд у лесе» і «Адплата», актыўна займаўся публіцыстыкай і грамадскай працай.

Паэма «Суд у лесе» была створана за вельмі сціслы час. У творы побач з нянавісцю да ворага, з болем за свой люд і радзіму — адчуванне настальгіі і вяртанне ў даваенны час. 9 сакавіка 1943 года паэма была падпісана да друку асобным выданнем.

Твор знайшоў шырокі водгук і запатрабаванасць у чытача.

Прычым I, VIII і  XVIII раздзелы паэмы гучалі ў эфіры па Узбекскім радыё, дзе тры разы на месяц вяліся перадачы на беларускай мове. Дарэчы, менавіта дзякуючы намаганням Якуба Коласа на радыё ў Ташкенце з’явілася магчымасць весці перадачы беларусам.

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч нагадаў эвакуацыю сям’і ў Ташкент, апошні ліст ад брата Юркі, напісаны 30 верасня 1941 года — у першы дзень бітвы пад Масквой, а таксама адзначыў вельмі цяжкі псіхалагічны настрой бацькі пасля акупацыі Бацькаўшчыны. «Акрамя літаратурнай працы тата дапамагаў з прапіскай і працаўладкаваннем беларусам, якія эвакуіраваліся ва Узбекістан, шмат выступаў, у тым ліку перад параненымі байцамі і камандзірамі ў шпіталях. Толькі пасла Курскай бітвы мы пераехалі ў Падмаскоўе, а пасля вызвалення Беларусі вярнуліся на радзіму», — сказаў Міхась Міцкевіч.

На ягонае меркаванне, грамадства да гэтага часу не адказала на пытанні: чаму СССР цярпеў цяжкія паразы ў 1941–1942 гадах і чаму за перамогу ў Другой сусветнай вайне народы краіны заплацілі жыццём дзясяткаў мільёнаў чалавек.

На думку паэта Навума Гальпяровіча, вызваленне Беларусі і яе сталіцы стала вельмі важным святам для Коласа. «Ён вельмі глыбока перажываў напад Германіі на СССР і акупацыю роднай зямлі чужынцамі. Вось чаму  творчасць песняра ў гады вайны прасякнута глыбокім патрыятызмам, абурэннем і нянавісцю да ворагаў», — сказаў Гальпяровіч.  

                                                        

Каментаваць