Выстава жывапісу Васіля Пяшкуна «Колерапрадстаўленне»

Выстава адкрылася вечарм 24 верасня ў Мінску, у галерэі Беларускага саюза мастакоў «Мастацтва».



Васіль Пяшкун сярод сваіх твораў. Фота Марата Гаравога


У экспазіцыі дэманструюцца рэалістычныя краявіды і нацюрморты мастака — жывыя і экспрэсіўныя, нібыта напісаныя на адным дыханні. Васіль Пяшкун шчыра захапляецца веліччу і гармоніяй свету, нават ў шэрай будзённасці знаходзіць паэтычнасць і вытанчаную прыгажосць, вялікую ўвагу надае каларыту і асвятленню. Дзякуючы гэтаму палотны жывапісца вылучаюцца светлым жыццёсцвярджальным позіркам на свет, напоўнены паветрам, прасякнуты своеасаблівым серабрыстым свячэннем, прыцягваюць цеплынёю, тэмпераментам і пачуццёвасцю.

Мастачка Ганна Сілівончык назвала творчасць свайго мужа Васіля Пяшкуна «шэдэўральнай і цудоўнай, яна цешыць людзей, весяліць душу, напаўняе яе захапленнем і святам». 

Найвышэйшым сваім дасягненнем Васіль Пяшкун лічыць роспіс інтэр`ераў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, праведзены падчас рэканструкцыі будынка. Сярод сваіх настаўнікаў ён называе рускіх перадвіжнікаў, французскіх імпрэсіяністаў і сучасных гомельскіх мастакоў Валянціна Пакаташкіна і Аляксандра Фядотава.
 

Васіль Пяшкун нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гомелі, з 2000 года жыве ў Мінску. Закончыў Гомельскае мастацкае вучылішча і аддзяленне манументальнага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Мастак часта выстаўляецца ў Беларусі і за яе межамі, актыўна супрацоўнічае з Міністэрствам замежных спраў і беларускімі амбасадамі за мяжою. Яго працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях шэрагу краін свету, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску і Музеі сучаснага рускага мастацтва Джэрсі Сіці (ЗША). 

.

West

.

Сонечны букет

Вясновыя праталіны

На сялібе

Нацюрморт у цёплых танах

Вясна прыйшла ў мой горад

Вечарэе

Каментаваць