Yes, we Ken! «Амерыканка» сабрала грошы на выданне раману Кена Кізі

Завершылася кампанія па зборы сродкаў на выданне пілотнай кнігі серыі «Амерыканка» – раману Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі», перастворанага па-беларуску Аляксеем Знаткевічам. Перакладчыкі сабралі на платформе ulej.by амаль 6955 рублёў на друк і выплату аўтарскіх правоў.

Гэтыя грошы паступілі ад 180 замоўцаў кнігі і ахвярадаўцаў. Самай вялікай пералічанай сумай сталіся 2000 рублёў ад мецэната Ігара Жабароўскага, які такім чынам зрабіўся галоўным спонсарам выдання.


“Палёт над гняздом зязюлі” выйдзе друкам у сярэдзіне лістапада ў выдавецтве “Янушкевіч”. Удзельнікі краўдфандынгу змогуць забраць яго ў некалькіх кропках у цэнтры Мінска і атрымаюць эксклюзіўнае права быць першымі чытачамі беларускай версіі знакамітага раману. Старт продажаў запланаваны на першую палову снежня. Тады ж адбудзецца і вялікая прэзентацыя кнігі Кізі і ўсёй серыі “Амерыканка”, а таксама шэраг падзеяў вакол кнігі як у Мінску, так і па-за яго межамі.


Паводле задумы стваральнікаў, “Амерыканка” аб'ядноўвае кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Раней перакладчыкі спрабавалі сабраць 30 000 рублёў на выданне адразу чатырох кніг серыі, але першая спроба краўдфандынгу была няўдалай. Апроч шэдэўру Кізі перакладзеныя на беларускую мову і чакаюць выдання яшчэ тры раманы: “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, “Чытво” Чарлза Букоўскага, “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд. Новая кампанія “Амерыканкі”, падчас якой можна будзе замовіць гэтыя кнігі, распачнецца ў снежні.

Беларускія перакладчыкі дзякуюць усім чытачам, якія паверылі ў серыю і замовілі кнігу падчас кампаніі “Кізі: Блізкае нам вар’яцтва” і асабліва тым з іх, якія перавялі на рахунак больш, чым каштавала кніга. “Мы ўспрымаем гэтыя грошы не як ахвяраванне, а як інвестыцыю, – кажа кіраўніца краўдфандынг-кампаніі і рэдактарка серыі “Амерыканка” Марыя Мартысевіч. – Удзел мецэнатаў дазваляе нам выпусціць кнігу ў вольны продаж. Прыбытак, які мы атрымаем з продажу раману “Палёт над гняздом зязюлі”, пойдзе на друк раману “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка. І гэтак далей па ланцужку”.

Змест серыі "Амерыканка", як і многіх іншых выдавецкіх ініцыятыў сучаснай Беларусі, вызначаюць самі перакладчыкі. Яны не ставяць перад сабой камерцыйных мэтаў, таму выбіраюць тыя творы, якія, на іх думку, паспрыяюць развіццю беларускай культуры і грамадства. Каб беларуская мова і літаратура годна існавалі і функцыянавалі ў глабальным свеце, па-беларуску мусяць прагучаць самыя разнастайныя творы сусветнай літаратуры. Сучасная класіка ды культавыя аўтары Паўночнай Амерыкі – асноўны прыцэл серыі "Амерыканка".




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць