З гісторыі «Першацвета», або Калі ўтвараюцца «ўзвышшы»

Пасяджэнні літаб’яднання адбываліся кожны панядзелак у рэдакцыі часопіса «Першацвет», што месцілася на трэцім паверсе Дома літаратара, у 301-м пакоі.



Як? Дзе? Калі?

Збіралася самая розная колькасць чалавек: ад 5 да 20. Уключалі электрычны самавар, хтосьці прыносіў печыва альбо цукеркі. Пілі гарбату, нехта выступаў з вершамі, апавяданнем альбо спевамі пад гітару, астатнія слухалі і потым абмяркоўвалі. Алесь Масарэнка — тагачасны галоўны рэдактар «Першацвета» — сядзеў ля акна за прасторным сталом, разгарнуўшы вялікі сшытак, у які новыя сябры літсуполкі запісвалі свае каардынаты. Яму ж найперш здавалі і творы. Рэдактарскіх і творчых справаў у Алеся Герасімавіча было шмат, таму яму быў патрэбны памочнік — афіцыйна «старшыня Рады творчага аб’яднання «Крыніцы» (пазней — «Літаратар»»). Спачатку гэтую пасаду займаў паэт Алесь Пашкевіч, затым — Вячаслаў Корбут, а з верасня 1995 года — я. У абавязкі старшыні ўваходзіла бываць на пасяджэннях літаб’яднання, адзначаць прысутных («для гісторыі»), тэлефанаваць сябрам суполкі напярэдадні імпрэзаў або сустрэчаў з вядомымі пісьменнікамі, а таксама арганізоўваць выступы ў школах, ВНУ, бібліятэках. Гастралявалі мы даволі актыўна — з чытаннем вершаў, спевамі, а заадно і рэкламай часопіса.

З творчых сустрэчаў найбольш запомніліся «круглыя сталы» з Янкам Брылём, Нілам Гілевічам і Іванам Навуменкам. Увогуле ж, сталыя майстры слова сустракаліся з намі даволі часта: памяшканне рэдакцыі часопіса «Першацвет» належала Саюзу пісьменнікаў і было своеасаблівым «прахадным дваром» у кабінеты літкансультантаў. Ідучы да калег, многія пісьменнікі завітвалі заадно і на пасяджэнні літаб’яднання. Мне вельмі запомніўся сівы, прыгорблены Павел Пруднікаў, які асабіста ведаў многіх удзельнікаў легендарных для нас суполак: «Маладняка» і «Узвышша». Заходзячы да нас, Павел Іванавіч сядаў у вялікую скураную фатэлю і часам дзяліўся ўспамінамі. Нярэдка бываў Анатоль Сыс, які сваімі неардынарнымі паводзінамі даводзіў, што ён — «сын Янкі Купалы і старэйшы брат Максіма Багдановіча».

Найчасцей літаб’яднанне наведвалі мінчукі, але фактычна на яго з’язджаліся літаратары з усёй Беларусі. Колькасць сяброў складала некалькі сотняў чалавек, што вельмі цешыла Алеся Масарэнку, які параўноўваў першацветаўскае літаб’яднанне з «Маладняком». Як і ў тым самым «Маладняку», не ўсё ў нас было ідэальна: здараліся і спрэчкі, і сваркі на эстэтычнай глебе. Але ў кожным «маладняку» нараджаюцца свае «ўзвышшы», і гэта добра.

У такім выглядзе суполка пры «Першацвеце» праіснавала да восені 1998 года. Потым часопіс, пасля чарговай пагрозы закрыцця, змяніў фармат, з чыста літаратурнага ператварыўся ў «часопіс творчай моладзі» ў шырокім сэнсе. Замест аднаго аб’яднання стала два: адно засталося ў Доме літаратара пры СП, другое пачало збірацца пры адноўленым «Першацвеце» ў Доме прэсы. Нехта з маладых літаратараў наведваў старое літаб’яднанне, нехта — новае, а нехта — абодва адразу…

Літаратурнае жыццё: новыя практыкі

Сёння ўсё — і прэзентацыя ўласнай творчасці, і абмеркаванне, і літаратурныя дыскусіі — адбываецца на інтэрнэт-форумах. І калі казаць пра сённяшнія літаб’яднанні, то таксама прыгадваюцца найперш віртуальныя супольнасці — напрыклад, сайты часопісаў «Макулатура» (http://www.makpaper.com/), «Прайдзісвет» (http://prajdzisvet.org/), партал textura.by і іншыя, вакол кожнага з якіх сфармавалася пэўнае кола аўтараў. Сённяшнія літаб’яднанні, што збіраюцца ў рэале, мне назваць куды цяжэй. Было, напрыклад, літаб’яднанне «Вобла» — але яно не збіралася ўжо больш за год. Яшчэ прыходзіць да галавы «Літаратурнае прадмесце» і «Клуб лупа-літаратараў», які час ад часу збірае Віктар Лупасін у Доме прэсы.

Але страшнавата падумаць, што будзе, калі ўсе віды чалавечай жыццядзейнасці сыйдуць у віртуальную прастору. Таму няблага было б мець і аб’яднанне, на пасяджэнні якога з’язджалася б моладзь з усёй краіны. Проста, напэўна, наш час запатрабаваў ужо новых формаў «літаратурнай вучобы» і літаратурнага ўзаемадзеяння. І тут на першы план выходзяць творчыя конкурсы і семінары. У час, калі я пачынаў, іх было значна меней. І вельмі добра, што Саюз пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр у гэтым плане актывізаваліся, кожны год ладзяць творчыя конкурсы і фестывалі, выдаюць зборнікі. Вядома ж, шмат чаго даюць лекцыі і майстар-класы, якія праводзяцца ў Школе маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў.

Чаму пра Бум-Бам-Літ ведаюць, а пра «Літаратара» — не?

Літаб’яднанні бываюць розныя і ствараюцца яны таксама з рознымі мэтамі.

Літаб’яднанне пры «Першацвеце» было разлічана найперш на тых, хто толькі пачынае свой літаратурны шлях. Таму, у адрозненне ад суполак, аб’яднаных пэўнай ідэйна-эстэтычнай праграмай, тут на першым месцы стаялі адукацыйныя мэты — тое, што называюць «літаратурнай вучобай». Бо разам з маладымі, але ўжо вопытнымі аўтарамі, на літаб’яднанне прыходзілі зусім пачаткоўцы — тыя, хто толькі-толькі адважыўся вынесці на суд аўдыторыі свае вершаваныя ці празаічныя спробы. Парады таварышаў па літсуполцы часта дапамагалі зарыентавацца, выправіць у творы моўныя ці стылістычныя хібы, хоць, натуральна, у такіх пытаннях часам варта давяраць уласнаму ўнутранаму голасу.

Кажучы пра адукацыйны бок, трэба згадаць, што «першацветаўская» літсуполка ў сярэдзіне 1990-х на 90 % была беларускамоўнай (часопіс нават пасля травеньскага рэферэндума 1995-га паўтара года, як і ад пачатку, выходзіў з «Пагоняй» на тытульніку!), а моўны асяродак — гэта тое, чаго многім з нас не хапала ў школе, універсітэце, сям’і: з «трасянкай» у галаве цяжкавата напісаць штосьці вартаснае!

Таму не дзіва, што, ставячы такія адукацыйныя мэты, «першацветаўская» суполка, як і згаданы «Маладняк», імкнулася быць масавай, прымаючы ў свае шэрагі ўсё новых і новых сяброў. Завітаў у панядзелак, пачытаў вершык — і ты ўжо сябар літаб’яднання, наведаў яшчэ разы тры — і цябе ўжо жартам называюць «класікам»! Да 1998 года літаб’яднанне налічвала ці то 300, ці то 400 сяброў. Праўда, з іх, можа, толькі адсоткаў 10 працягнулі творчую дзей­насць, а для іншых літаратурныя спробы так і засталіся часовым захапленнем маладосці.

Што да вядомасці, то набываюць яе звычайна тыя творчыя суполкі, якія аб’яднаны агульнай і адметнай эстэтычнай праграмай ці канцэпцыяй — хоць нейкай. Але гэта магчыма ўявіць, калі ў суполцы 5, 10, ну, максімум 20 чалавек. А калі 300 ці 400? Вядома ж, такую масавую грамаду цяжка падвесці пад нейкую адзіную канцэпцыю, гэтаксама як цяжка і кантраляваць яе. Атрымліваецца нешта кшталту клуба па цікаўнасцях: ты пішаш і сустракаешся з людзьмі, якія таксама нешта пішуць, а што і як — гэта ўжо не так істотна. Памятаю, у нейкім інтэрв’ю Алесь Масарэнка казаў, што літаб’яднанне трымаецца класічных традыцый, што Купала і Колас — «нашыя багі». Ці ўяўляў, кажучы гэта, Алесь Герасімавіч, што робіцца ў галаве кожнага з нас — кожнага з гэтых некалькіх сотняў літаратараў? Для кагосьці яно можа і так, а камусьці свету Купалы-Коласа ўжо і не дастаткова для спазнання сучаснай рэчаіснасці і атрымання эстэтычнага задавальнення…

Тыя, «каму не дастаткова», і стварылі новыя суполкі-аб’яднанні-рухі. У 1995 годзе паўстаў «Бум-Бам-Літ» (большасць удзельнікаў якога хоць раз ды надрукавалася ў «Першацвеце») з ухілам у авангард і постмадэрнізм (другое з гэтых словаў у колах літаратараў-кансерватараў ужывалася тады як лаянкавае); у 1998 годзе — «Вулей» з ухілам у хіпізм і бітніцтва ў беларускім варыянце (сябры «Вулея» таксама наведвалі «першацветаўскае» літаб’яднанне).

«Бум-Бам-Літ» склалі людзі з пэўным культурным досведам і больш-менш сфармаваным светапоглядам, якія цвёрда ведалі, што будуць займацца творчасцю надалей. І — амаль усе — займаюцца. «Вулей» праіснаваў каля года і быў не літаб’яднаннем, а своеасаблівай «творчай сферай». Людзі, якія ў яе ўвахо­дзілі, маглі пісаць вершы, а маглі і не пісаць, а, скажам, граць на музычных інструментах, альбо маляваць, альбо займацца журналістыкай (у «Вулея» была свая газета «Соты»).

Але гэта ўсё адно не змяншае ролі «першацветаўскай» суполкі: сваю функцыю стартавай пляцоўкі для маладых літаратараў яна выконвала выдатна!

Каментаваць