Забытая спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса

Слаўная спявачка нашай Бацькаўшчыны. Так у 1930-х гадах называлі маладую беларускую спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса.



Слаўная спявачка нашай Бацькаўшчыны. Так у 1930-х гадах называлі маладую беларускую спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса.

Яўгенія Чарняўская была родам з Навагрудчыны. У сярэдзіне 1930-х гадоў вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. Сваю вучобу і жыццё ў Варшаве маладая студэнтка і спявачка актыўна сумяшчала з беларускім рухам у польскай сталіцы. Без яе ўдзелу не абыходзіліся ні адна беларуская вечарына, сустрэча, прэзентацыя. У Варшаве Яўгенію Чарняўскую ведалі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, літоўцы. Усіх яна зачароўвала сваёй прыгажосцю і голасам.

11 снежня 1937 года ў Варшаве ўкраінская студэнцкая грамада ладзіла вечарыну ў гонар сваёй нацыянальнай паэткі Лесі Украінкі. На вечарыну ўкраінцы запрасілі і Яўгенію Чарняўскую-Орса. Спявачка выканала некалькі ўкраінскіх песень і сваім звонкім мілагучным голасам, як пісаў часопіс «Шлях моладзі» (1937, № 17. С.18), «здабыла сабе гучныя воплескі шматлікіх слухачоў».

Запрашалі нашу спявачку ўкраінцы Варшавы і на іншыя імпрэзы. Напрыклад, 6 снежня 1938 года яна спявала песні на вечары ўкраінскай паэзіі. А пасля выканання песні «Салавейка» спявачку некалькі разоў выклікалі «на біс». Заходнебеларуская прэса пісала: «Воплескам не было канца. І не дзіва: голас спявачкі прыгожы, тэхніка адпаведная, інтэрпрэтацыя высокакультурная, глыбокая, шчыра адчутая, сцісла гарманізуецца са створанай кампазіцыяй. Выклікае вялікую ўвагу дыкцыя пясняркі. Чарняўская агулам выканала сваё заданне вельмі добра. Можна спадзявацца, што Чарняўская будзе вялікай спявачкай нашай Бацькаўшчыны (Шлях моладзі, 1938. С.20).

6 лютага 1937 года ў Варшаве ў зале імя М. Карловіча мясцовай філармоніі адбыўся беларускі канцэрт-вечарына. Невялікая зала, якая была разлічана толькі на 250 месцаў, змагла ўмясціць больш за 400 чалавек. Многія не змаглі ўжо купіць білетаў.

Канцэрт пачаўся каля 22 гадзін. Першай выступіла беларуская спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса. Яна праспявала песні «Адна, і зноў адна», «А за ліхімі ды марозамі» і «Маладая Беларусь». Музыку да гэтых песень напісаў кампазітар Канстанцін Галкоўскі. Спявала Яўгенія і дуэтам з А. Панько. Аб гэтым пісаў у часопісе «Шлях моладзі» (1937, № 3. С. 20) Пятро Ластаўка. Паведамляў усё той жа Пятро Ластаўка і пра іншыя выступленні Яўгеніі Чарняўскай-Орса.

4 сакавіка 1938 года Яўгенію Чарняўскую-Орса на канцэрт у Вільню запрасіў Рыгор Шырма і прапанаваў ёй выступіць разам з ягоным хорам. Канцэрт адбыўся ў гасціннай універсітэцкай зале Снядэцкіх. У праграме канцэрта так і было запісана, што адбудзецца канцэрт беларускага хору Рыгора Шырмы і маладой беларускай спявачкі Яўгеніі Чарняўскай-Орса. На гэтым канцэрце пабываў і Максім Танк. У сваіх «Лістках календара» (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т.6. С. 192) пісаў: «Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А. Орса-Чарняўская (маецца на ўвазе Аўгіння — С. Ч.). Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? І не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала — «Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…». І яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага «Казюка».

Там Максім Танк упершыню і пазнаёміўся з прыгожай беларускай спявачкай. Іх разам нават Янка Шутовіч сфатаграфаваў. «Сёння (маецца на ўвазе 5 чэрвеня 1938 года — С. Ч.) Я. Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна — любіцельская — зробленая на казюкоўскім фэсце, дзе мы зняліся са спявачкай А. Чарняўскай», — прыгадвае ў «Лістках календара» Максім Танк (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т.6. С. 203). Мне, на жаль, не ўдалося знайсці гэты фотаздымак.

 Прыехаўшы ў Варшаву, Яўгенія Чарняўская-Орса разам з сябрамі мясцовага Асветнага таварыства беларусаў пачала збіраць фінансавыя сродкі на кнігу «Пад мачтай» Максіма Танка. Беларуская спявачка сабрала і перадала Максіму Танку каля 200 злотых. А рэштку грошай, неабходных на выданне зборніка, даў яшчэ адзін сябра «Таварыства сяброў навук». І 20 чэрвеня 1938 года зборнік вершаў «Пад мачтай» Максіма Танка выйшаў з друку.

Пасля заканчэння Варшаўскай кансерваторыі сляды беларускай спявачкі губляюцца. Альбо яна засталася ў Польшчы, альбо выехала далёка на Захад, альбо вярнулася на Радзіму. На вялікі жаль, імя яе не згадваецца ні ў адной беларускай энцыклапедыі.
 

Каментаваць