Забытыя магілы

Днямі вырашыў паехаць на радзіму пачынальніка беларускай дзіцячай драматургіі, нашаніўца Кандрата Лейкі (1860–1921) у вёску Збочна Слонімскага раёна.

Вёска знаходзіцца далёка ад майго Слоніма, але бываць там люблю, бо гэтыя прыгожыя мясціны проста захапляюць. Там некалі любіў бываць і Уладзімір Караткевіч з Алегам Лойкам. Маляўнічыя мясціны з казачным Бяздонным возерам, недаследаваным старым гарадзішчам, ціхімі вуліцамі Збочна, дзе і нарадзіўся, гадаваўся і вучыўся ў Азярніцкім вучылішчы Кандрат Лейка.

Недалёка ад гарадзішча вясковец варочаў сена. Падышоў да яго, пазнаёміўся.

— Міхаіл Лейка, — назваў сябе вясковец.

— Можа, вы далёкі сваяк Кандрата Лейкі? — пытаюся.

— Можа і сваяк, не ведаю. Чуў, што быў такі пісьменнік — Кандрат Лейка. А вось што ён напісаў — не чытаў, — апраўдваўся Міхаіл Лейка.

— А ці ведаеце, дзе знаходзіцца магіла маці Кандрата Лейкі?

— Не, не ведаю. У Збочна шмат старых магіл на могілках, пашукайце там, — параіў вясковец.

На гэтым мы развіталіся, і я паціху пайшоў на могілкі. Каля царквы, а яна знаходзіцца на самых могілках, здалёк кінулася ў вочы прыгожая — старая і вельмі дарагая на той час — каваная чыгунная агароджа. Помнік на магіле разбіўся. Падняў з зямлі ўцалелую шыльду і… вачам сваім не паверыў — гэта ж магіла маці Кандрата Лейкі. На ёй прачытаў: “Здесь покоится прах рабы Божей Таклюси Лейко 62 л. 18 января 1881 г. Дорогой матери от любящих детей.

Па частках неяк злучыў помнік, каб хоць яго сфатаграфаваць. Усё ж ён прастаяў 130 гадоў. Калі памерла маці, Кандрату Лейку быў 21 год. Ён тады працаваў настаўнікам у Косаве. У моцную завіруху на санях Кандрат дабіраўся ў родную вёску. Маці застаў яшчэ жывой, але нічым дапамагчы ёй ужо не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе вучонага сына. А лёс у сына быў трагічны.

Кандрат Лейка прысвяціў сваёй маці некалькі апавяданняў. Ён вельмі любіў сваю матулю і шчыра давяраў ёй, моцна захапляўся яе высокай маральнай чысцінёй і справядлівасцю, яе прыроднымі разумовымі здольнасцямі. У адным з апавяданняў, якое называецца “Таклюся-сухотніца, Кандрат Лейка стварыў вобраз сваёй маці — простай сялянкі, якая ў апавяданні ўзнімала найважнейшыя праблемныя пытанні таго часу: “Перад Таклюсяю цяпер неразгаданаю загадкаю стаялі тры цікавыя пытанні. Калі паміж людзьмі будзе праўда? Ці дадуць калі-небудзь беднякам зямлі? Калі ўсім людзям дазволена будзе вучыцца і маліцца на сваёй роднай мове?

Пазней удзячны сын разам са сваімі сваякамі паставіць на магіле маці ў Збочна помнік. І на ім напіша: “Таклюся Лейко. Напіша так, як яе звалі вяскоўцы. А вось пытанні, узнятыя Таклюсяю сто гадоў таму, застаюцца надзённымі і сёння. І калі ж мы на іх адкажам?.. І хто дагледзіць, адрамантуе магілу маці пачынальніка беларускай літаратуры?..
 
Каментаваць