Забярыце іх, як Крым

Адметнасцю сцюдзёных ветрыкаў, якімі дыхнула на Беларусь з Масквы, з’яўляецца тое, што цяпер яны мецяць ужо не ў палітычнае кіраўніцтва, робяць не асабістыя выпады. Мы бачым рэчы, значна больш сур’ёзныя.

Прэтэнзіі ўзніклі адразу да ўсёй нацыі, якой, «як вядома», «ніколі не было» і цяпер «яна будуецца на русафобскай аснове».

Чалавека з беларускім пашпартам перадача «Суседзі. Час пакажа» мусіла насцярожыць на першых жа хвілінах свайго развароту да нашай тэмы — там, дзе вядоўца кажа пра «рыбёнка», у якога заўважныя тыя ж «сімптомы», што некалі былі «на Украіне». Вярэдзіць тут не толькі параўнанне нашай незалежнай дзяржавы з нейкім «рыбёнкам Расіі», але тое, якія лекі яны «выпісалі» іншаму «рыбёнку Расіі», што першым праявіў «сімптомы». Калі «лекі» — гэта вайна, дык дыягнаставанне такімі людзьмі — рэч дужа небяспечная.

У самім шоу мяне асабіста здзівіла, як «правільныя» героі няздольныя былі выказаць хаця б дзве думкі, іх хапала толькі на адну, якую яны паўтаралі і паўтаралі: пра ўжо згаданыя «трывожныя сімптомы», асноўным з якіх ёсць тое, што нейкія маладзёны ўвесну гэтага года скакалі ў Мінску гэтаксама, як раней скакалі маладзёны ў Кіеве.

Не трэба памыляцца: «Суседзі. Час пакажа» — гэта не talk show, гэта scream out show. У гэтага фармату ёсць асаблівасць: нават тыя, хто не пагаджаецца з вядоўцам, насамрэч падпяваюць ягонай лініі. Ніякай дыскусіі ў такіх шоу няма, хаця крыку хапае. Напрыклад, звярніце ўвагу: асістэнты ў студыі не адбіраюць мікрафоны ў тых, хто спрачаецца. Каб праз іх клёкат больш велічнай выглядала постаць разумнага і ўраўнаважанага мадэратара. Які ёсць адзіным сапраўдным героем. Менавіта таму ў мяне не знаходзіцца часу, каб узяць удзел у беларускім аналагу «часупакажу»: ніякай новай думкі праз гэты хрыпаты ор давесці немагчыма.

Сутнасць беларускага погляду на гэтае шапіто вельмі ёміста выразіла Ніна Стужынская: «А якая вам справа?».

І насамрэч, з якога перапуду ўсходнія суседзі раптам умешваюцца ва ўнутрыбеларускія пытанні, звязаныя з нацыянальнай ідэнтычнасцю і гісторыяй? З якога перапуду яны нам пачынаюць распавядаць пра «ўз’яднанне гістарычна рускіх зямель» пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай у часы Кацярыны, калі нават ва ўзгодненых з Мінадукацыі РБ падручніках гэты эпізод асветлены зусім іначай? Чаму яны думаюць, што мы будзем іх слухаць?

Адказ вельмі просты. Масква робіць так таму, што Масква рабіла так раней. 30 гадоў таму, 50 гадоў таму, 70 гадоў таму. Яны адчулі ў сабе былую дыдактычную моц, а нас бачаць тым самым савецкім «рыбёнкам», на якога можна пакрыкваць з Крамля. Яны не разумеюць, што змянілася адна прынцыповая дэталь.

Некалі з Масквы цэнтральнае савецкае кіраўніцтва павучала рэспубліканскае савецкае кіраўніцтва. Цяпер жа савецкага народа і савецкай сістэмы няма. І калі цяпер у Маскве пачынаюць абмяркоўваць кніжку Алега Трусава, — гэта проста рускія людзі лаюць беларускіх людзей. Фактычна, насельнікаў іншай дзяржавы. Бо мы з імі болей не ў савецкай лучнасці.

Украінцы — не «рыбёнак» Расіі.

Грузіны — не «рыбёнак» Расіі.

Беларусы — не «рыбёнак» Расіі, а асобны народ, які мае сваю гісторыю і ганарыцца ёй без усякай Кацярыны Вялікай.

Апрача гісторыі Беларусь мусіла б мець і сваіх герояў. І таму прыкра бачыць, як заезджы маскоўскі тэлебаярын, няздольны сабраць поўную залу Палаца рэспублікі, трапляе ў цэнтр увагі кажнюткага буйнога беларускага сайта, быццам бы ў нас няма сваіх мысляроў і філосафаў, пісьменнікаў ды музыкаў, думкі якіх вартыя рэпосту. Прычым асабліва весела бачыць, як выступ Салаўёва асуджае тая ліберальная моладзь, якая інстаграміла сэлфачы з імпрэзы Парфёнава. Як быццам паміж імі ёсць нейкая розніца. Як быццам не Парфёнаў казаў, што «Шагал — не беларускі мастак».

Зрабіўшыся антыгероем у Маскве, Алег Трусаў мусіў быць успрыняты на радзіме так, як рускія ўспрынялі сцяганосца Андрэя Фомачкіна. Трусаў, сам таго не ведаючы, вынес беларускі сцяг і беларускі міф на асуджэнне «рускага свету». Як і Фомачкін, Трусаў мусіў быў атрымаць кватэру ад якога свядомага сімпатанта. Але пакуль што мінчукі апладзіруюць Салаўёву, калі той называе беларускіх патрыётаў «вырадкамі».

Уласна, з улікам ужо згаданага сцюдзёнага ветрыку з Масквы, усё апісанае перастае быць топікам форума «Нашай Нівы» ды беларускамоўных суполак «УКантакце». Бо насамрэч няма больш антылукашэнкаўскай фразы, чым рэпліка «Забярыце нас, як Крым». У гэтай рэпліцы — вычарпальная ацэнка ўспрыняцця эфектыўнасці той дзяржаўнай сістэмы, што выбудавалася пры існай уладзе. Людзі, якія ганарацца ўласнымі заробкамі і не баяцца надыходу пенсіі з яе галечай ды незабяспечанасцю, прасіцца ў федэрацыю «Крымам ці Данецкам» не стануць. Трэба пачынаць варушыцца, бо згубіце краіну.

Тэлеперадачы, у якіх Беларусь (дзе няма вайны) параўноўваецца з Украінай (дзе вайна ёсць), могуць транслявацца Расіяй з некалькімі мэтамі.

Першае: папужаць беларусаў.

Другое: папярэдзіць іх (па сутнасці, тое самае, што і першае).

Трэцяе: перасварыць талерантную да Масквы частку беларускага грамадства з той, што талерантная да Украіны. То бок, фактычна, падбухторыць да супрацьстаяння.

Чацвёртае: падрыхтаваць уласную, рускую, грамадскую думку да «лекавання» яшчэ аднаго народа.

Якой бы мэтай ні кіравалася кіраўніцтва «Першага», сяброўскіх і братэрскіх інтэнцый я тут не бачу. І як жа дзіўна, што вось гэтую дрэнь — пра Кацярыну і «нацыю», якой не існуе, — рэтранслююць з затрымкай на дзень і на нашую краіну. Паколькі гэта не «Хросны бацька», паколькі выпады не асабістыя, сірэны ў галовах тэлевізійнага кіраўніцтва не ўключаюцца.

У 1919 годзе тэрыторыя БНР легла пад бальшавікоў праз тое, што Рада пад націскам Чырвонай арміі вымушана была эміграваць у Вільню, загадаўшы развітальнай рэзалюцыяй жыхарам быць «усеагульна шчаслівым». Саветы праглынулі нашую зямельку таму, што тут не засталося выканаўчых структураў БНР (акрамя земстваў ды партый), не было баяздольнага войска, фактычна — не было ўлады ды паўнавартаснай краіны, здатнай бараніць свае межы ад інтэрвентаў з Захаду ды Усходу. Не было тут і народа, які супрацьпаставіў бы сябе саветам. «Тутэйшыя» былі шчаслівыя прэзентаванай ім дэкаратыўнай «ССРБ» (пасля — «Літбелам», пасля — «БССРам»).

Цяпер краіна ёсць, улада ёсць, войска ёсць. Прынамсі, падаткі на ўтрыманне другіх і трэціх мы плацім спраўна. Што да народа, то ён доўгі час успрымаўся зверху як маўклівы ўтрымальнік урада, якому можна асабліва не адсыпаць нацыянальнай культуры ды мовы, бо ён сябе неяк сам зойме ля тэлека. Народ быў не вельмі патрэбны дзяржаве, яго былі гатовыя аддаць казакам, праваслаўным ці яшчэ каму, хто захоча з ім вошкацца.

Выступ У. Салаўёва ў Мінску

І вось вынік: «Забярыце нас, як Крым».

Добра было б, каб «забраць» можна было толькі «іх» — зрусіфікаваных, заблытаных, загіпнатызаваных рускімі тэлегуру, папсой. А краіну, урад, БРСМ ды «ыліты» пакінуць — з заплачанымі падаткамі, арміяй ды тэрыторыяй. Але вось што: краіны без народа не бывае. Страцім «іх» — страцім цудоўную зямлю, якая пакуль называецца Рэспублікай Беларусь.

 budzma.by


Каментаваць