«Забытая Першая сусветная вайна»

У кнігарні «Галіяфы» 14 сакавіка Міхаіл (Майкл) Галдзянкоў прэзентаваў сваю першую беларускамоўную кнігу — «Забытая Першая сусветная вайна».


Выпускнік Лінгвістычнага універсітэта, Майкл вядомы як аўтар падручнікаў па англійскай мове (самы папулярны —  “Азы английской деловой переписки и английского сленга”), гістарычных папулярных кніг, раманаў і прыгодніцкіх эсэ. А таксама аўтар аўтабіяграфічны раман “Полет дубового листа”, дзе разам са студэнтамі-сябрамі-музыкамі сустракаюцца падобныя да лахнескай пачвары, толькі на беларускім возеры Балдук.


Улічваючы тое, што Першая сусветная вайна ў нашай літаратуры — амаль забытая тэма, чарговая кніга Майкла Галдзянкова пра падзеі стагадовай даўніны выклікае інтарэс. Тым болей, што аўтар звяртаецца да яе ўжо чацьвёрты раз, і ўпершыню — па-беларуску.

У пераходзе на беларускую мову ёсць пэўная заканамернасць: гэтым разам даследуюцца падзеі менавіта на нашых землях, а таксама ў Польшчы і Украіне.  Што ёсць важна: Першая сусветная для Беларусі была не менш трагічнай, чым Другая, якую Галдзянкоў лічыць працягам — праз два дзесяцігоддзі — Першай. Адзіная вялікая сусветная вайна ХХ стагоддзя. Трагізм яе першай часткі відавочны. Сярод 800 тысяч беларусаў, мабілізаваных у войска Расійскай імперыі загінулі 70 тысяч.


Былі разрабаваны праз эвакуацыю каштоўных рэчыаў храмы, музеі, бібліятэкі: усё так і засталося ў Расіі. Ёсць і асабістыя ўспаміны аўтара. Ягоны дзед калісьці распавёў Майклу, што да рэвалюцыі плёў лапці. Але не для сваіх — у вёсцы хадзілі ў ботах. Для арміі, бо ў жабрачай імперыі салдатам не хапала не толькі ружжаў, але і добрага абутку.

Па прызнанні аўтара, гэтым разам ён задаволены і мастацкім афармленнем выдання, зробленым “Галіяфамі”. Засмучае толькі наклкад — пакуль толькі 100 экзэмпляраў. Набыць кнігу пакуль можна ў тым самым месцы, дзе адбывалася прэзентацыя — кнігарні “Галіяфы”.

Фота аўтара

 

Каментаваць