Жадан пераспяваў Вольскага для праекту «Global Reload»

Рок-зорка ўкраінскай паэзіі Сяргей Жадан і харкаўскі ска-панк гурт «Собаки в космосі» пераасэнсавалі па-ўкраінску песню гурта «Мроя».



Музыкі выбралі песню «Рок-музыкант» аўтарства Лявона Вольскага і Ўладзіміра Давыдоўскага.

«Я папрасіў калегаў па гурце выбраць штосці, што ім спадабаецца з творчасці “Мроі”. Бо “Мрою”, N.R.M. ды іншыя праекты Вольскага я слухаю і люблю даўно. Не хацеў нічога навязваць, а хлопцы выбралі вось такую песню, якую захацелі зрабіць па-свойму», — распавядае Сяргей Жадан, які перакладаў вершы Лявона Вольскага для анталогіі беларуска-украінскай паэзіі, а ў 2000 годзе нават зладзіў канцэрт беларускага музыкі ў Харкаве.

Песня «Рок-музыкант» ужо гучыць на выступах гурта «Собаки в космосі» і вельмі добра ўспрымаецца публікаю. Жадан прадстаўляе яе, як «песню мужчын, якія ведаюць, што яны хочуць рабіць і маюць, што адказаць на любыя закіды датычна сваёй жыццёвай пазіцыі». Яна ўвайшла ў праграму «10 праведників», з якой гурт канцэртуе сёлета па Еўропе.

Жадан і «Собаки» працягнулі праект «Global Reload». Яго сэнс у тым, каб музыкі з розных краінаў свету выканалі песні на словы беларускіх паэтаў на сваёй мове.

Паслухаць песню можна па спасылцы https://soundcloud.com/tuzinhitou/zhadan

Амерыканец Карл Фрыерсан, вакаліст нямецкай групы De Phazz, заспяваў па-ангельску песню на словы Анатоля Сыса, у выкананні гурта Karpatt з Парыжу ўпершыню па-француску загучаў Уладзімер Караткевіч. А вось лідар «Машины времени» Андрэй Макарэвіч вырашыў заспяваць сваю песьню «Сьнег» па-беларуску.

Каментаваць