Захаваная памяць страчанай зямлі: пра што расказваюць «чарнобыльскія» рэчы?

Навукоўцы правялі мноства экспедыцый, абследавалі адселеныя пасля аварыі на ЧАЭС вёскі. Пры адсутнасці свайго транспарту, без спецадзення, амаль не абсталяваныя тэхнічна, супрацоўнікі выратавалі сотні помнікаў традыцыйнай народнай культуры і мастацтва.



Акурат сёння ў Мінску адкрываецца новая экспазіцыя, прысвечаная “Чарнобыльскай калекцыі”, якая ўвабрала ў сябе матэрыяльную спадчыну раёнаў, забруджаных радыяцыяй і адселеных 30 гадоў таму. Што такое мянташка і чаму ў старым пасудніку не мяняюць шкло, мы дазналіся раней за астатніх — напярэдадні афіцыйнага адкрыцця пашанцавала пазнаёміцца з “чарнобыльскімі” экспанатамі.


Адмыты скарб


— Ну што, завяшчанне напісалі? — жартуе, адчыняючы перада мной дзверы экспазіцыі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Галкоўскі. — Ды ладна, не хвалюйцеся, я тут пастаянна працую і нават не палысеў яшчэ. Хаця мяне часта пытаюць, ці не “фаняць” нашыя прадметы…


Радыяцыя, што і была, даўно “адмыта”: зараз прыборы не паказваюць і паловы дапушчальнай нормы. Першая “дэзактывацыя” была прама на месцы: навукоўцы, што ўдзельнічалі ў “чарнобыльскіх” экспедыцыях, мылі сабраны скарб у рэках і калодзежах, карыстаючыся шчоткамі і пяском. Ды і папярэдне стараліся збіраць рэчы менавіта пад стрэхамі пакінутых хат — радыяцыйны пыл туды, як правіла, менш трапляў. Пасля гэтата рэчы яшчэ апрацоўвалі ў Мінску. Апошняе “вялікае прыбіранне” тут было зусім нядаўна — адразу пасля апошняга рамонту.


— Першыя працоўныя будні для мяне тут пачаліся з таго, што разам з валанцёрамі мы вымывалі музейныя прадметы, упарадкоўвалі паводле відаў і разнавіднасцей. Цяжэй за ўсё даваліся плеценыя вырабы — мы іх нават пад душ насілі, — успамінае пачатак сваёй працы новы “вартаўнік” калекцыі.


Але ўпарадкавалі. Наперадзе работа яшчэ больш грунтоўная — трэба будзе рэчы дадаткова апісаць.


Аляксандр Галкоўскі. Фота Вольгі Астаповіч


Першы крок у грунтоўным апісанні і папулярызацыі калекцыі навуковец ужо здолеў зрабіць: днямі ў кнігарнях і на паліцах аматараў нацыянальнай культуры з’явіцца вялікае выданне ў выглядзе цэлага альбома “Захаваная памяць страчанай зямлі”.


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Унікумы і рарытэты “чарнобыльшчыны”


Ініцыяваў збор калекцыі тагачасны загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Віктар Шматаў, ужо нябожчык. Ён сам быў палешуком, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС: Камарын, дзе ён нарадзіўся, апынуўся ў 30-кіламетровай зоне. Ён разумеў і на свае вочы бачыў, які магутны пласт матэрыяльнай вясковай культуры можа быць пахаваны пад каўшамі бульдозераў.


— Ёсць у нас сёння тут рэчы, якія маюць свае асаблівасці не толькі для страчаных рэгіёнаў, але і для ўсёй краіны, — расказвае Аляксандр Галкоўскі. — Да прыкладу, паглядзіце на палескія жорны. Яны зроблены не з прыроднага каменю, якога ў гэтай мясцовасці не заўжды хапала. Гэтую праблему вырашалі наступным чынам: бралі драўляную калоду і ў яе адмысловым чынам набівалі чыгунныя кліны. Ужо гэтую аснову выкарыстоўвалі як зерняцёрную. Такая з’ява характэрная толькі для Палесся.


Так выглядаюць палескія жорны. Фота Вольгі Астаповіч


— А вось калаўрот. Ён таксама незвычайны, — звяртае ўвагу мой гід па “Чарнобыльскай калекцыі”. — Калаўрот, мала таго, што невялікага памеру, але і мае дадатковыя нетыповыя элементы-трубкі.


Калаўрот, які мясцовая майстры ўдасканалілі (па цэнтры). Фота Вольгі Астаповіч


— Мы доўга з калегамі думалі, для чаго яны. Аказалася, што дастаўлялася яшчэ некалькі палак, і на гэты механізм чаплялася прасніца з кудзеляй. Так з ёю было лягчэй і зручней працаваць — хоць справа, хоць злева, — пра палескія “ноу-хау” расказвае Аляксандр Галкоўскі.


Наступнае, за што чапляецца вока, — ткацкі станок. Адрозніваецца ад звычайнага тым, што паднебнікі мацуюцца да столі. Такая канструкцыя з’яўляецца ўніверсальнай і дазваляе не перарабляць усё цалкам, калі нешта не атрымалася ці трэба змяніць.


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


— Адна супрацоўніца аддзела амаль 40 год працуе з мяккай этнаграфіяй і ўсім, што з гэтым звязана. Кажа, што ўпершыню пабачыла такі станок менавіта ў Чарнобыльскай калекцыі. Гэта адзінкавы экзэмпляр, — кажа малады навуковец.


Побач — унікальная нажная ступа. Такіх усяго адзінкі вядомыя па ўсёй Беларусі. Адна, напрыклад, была знойдзена падчас археалагічных раскопак і датуецца 12-м стагоддзем, а другая — зараз тут, яе прывезлі са страчанай вёскі Ельскага раёна.


Нажная ступа, якіх па Беларусі адзінкі. Фота Вольгі Астаповіч


У рэчах — гісторыі сем’яў


Асаблівы гонар экспазіцыі — гэта раздзел мэблі. Мэблю заўсёды складана прывезці, асабліва калі няма неабходнага транспарту, фінансавання ці проста недастаткова фізічных сіл. Ды і ўсё ж гэта факт: да поўных машын з “зоны” супрацоўнікі інстытута адносіліся доўгі час з недаверам, папракалі тым, што калегі радыяцыю “валакуць”. У архівах занатавана, што даволі шмат цікавай мэблі прыехала з Нараўлянскага раёна: сталы, ложкі, куфры.


Фота Вольгі Астаповіч


— Паглядзіце на гэты пасуднік! Не пабаюся сказаць — пасуднік вельмі круты. Ён аздоблены іскрустацыяй з моранага дубу, каванымі накладкамі, рознымі ўстаўкамі, — праводзіць рукой па ўпрыгожваннях Аляксандр Галкоўскі.


Фота Вольгі Астаповіч


Шкло пабітае, але супрацоўнікі яго не проста так не мянялі. Па-першае, шкло, хутчэй за ўсё, ручной работы, якое было створана, самае позняе, напрыканцы 19-га стагоддзя. Па-другое, зараз такое тонкае проста не знойдеш.


Фота Вольгі Астаповіч


На адным са шматлікіх куфраў, што папаў у экспазіцыю, ёсць запісы ад рукі — гаспадыня ўсё сваё жыццё запісвала: калі нарадзілася, калі пабралася шлюбам, калі пайшлі дзеці, унукі. Не куфар, а цэлая гісторыя адной сям’і!


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Пра гісторыі сем’яў расказваюць і здымкі, абразы, самаробныя вітражы і дываны, якіх тут безліч. Для экспазіцыі абралі найбольш цікавыя ўзоры.


Самаробныя вітражы знаходзілі ў адселеных вёсках. Фота Вольгі Астаповіч


Тыповае — не значыць непатрэбнае


Можна знайсці ў экспазіцыі і даволі цікавыя “дэвайсы”. Напрыклад, рубель — старажытны прас. На спецыяльную качулку намотвалі вільготную бялізну і ім прасавалі.


Прас 1918 года. Фота Вольгі Астаповіч


У Чарнобыльскай калекцыі ёсць асобнікі з роспісам і нават з дакладным тэрмінам стварэння.

Вось так выглядае яшчэ адна побытавая прылада — мянташка.


Мянташкай вастрылі косы. Фота Вольгі Астаповіч


Мянташка — прылада для вастрэння касы. Беларусы рабілі яе з цвёрдай драўніны. Выглядае як лапатачка з насечкамі на шырокім канцы. Бок з насечкамі апускалі ў ваду, потым у пясок і тачылі косы.


Падаецца, што самае цікавае заўжды дзесьці за замком. Таму зазірнулі мы ў сховішча: посуд, штодзённыя прылады працы, мэбля — тое, што фізічна не выставіш на экспазіцыі, зараз ляжыць на адмысловых паліцах. Але і гэта даволі значная частка матэряльнай культуры страчаных вёсак.


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


Фота Вольгі Астаповіч


— Калі чагосьці многа знойдзена, значыць, гэтым актыўна карысталіся да апошняга. Вось, напрыклад, шчотка, якой падбівалі і крылі саламяныя стрэхі, — трымае ў руках драўляную рэч навуковец. — Нам дзіўна, але паглядзіце колькі тут іх!


Прыстасаванне, якой падбівалі стрэхі. Фота Вольгі Астаповіч


Побач ляжаць калодкі для вырабу абутку — розных памераў і форм.


Абутковыя калодкі. Фота Вольгі Астаповіч


І Аляксандр Галкоўскі спяшаецца развеяць міф пра тое, што беларусы нібыта лапцяная нацыя. Аказваецца, што і сяляне, і гараджане звычайна займаліся самастойным вырабам скуранога абутку ўсіх відаў і памераў.


Гэблікі, фуганкі і іншы інструмент таксама рабілі з дрэва.


Фота Вольгі Астаповіч


Паміж гэтых вырабаў Галкоўскі знаходзіць і “сваё” — працягвае, каб зірнула. Аказваецца, у сховішчы ёсць рэчы, якія прывезены сюды з Клімавіцкага раёна, што на Магілёўшчыне, адкуль ён сам родам. Ці яшчэ прыклад: сярод экспанатаў ёсць калыска аднаго з тых, хто ездзіў ад аддзела ў “чарнобыльскія” эспедыцыі.


Фота Вольгі Астаповіч


Увага, вас здымаюць!


Было і такое, што тэхніка, якая закопвала цэлыя двары, ішла па пятах навукоўцаў. Тыя часу не гублялі: фіксавалі, як знікалі вёскі з мапы Беларусі.


Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Фота з архіва аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Усяго толькі за 1991—1994 гады навукоўцы правялі восем экспедыцый і абследавалі амаль 70 адселеных вёсак Гомельшчыны і Магілёўшчыны. На працягу 1991—2000 гадоў праведзена 23 такія экспедыцыі. Пры адсутнасці свайго транспарту, без спецадзення, амаль не абсталяваныя тэхнічна, супрацоўнікі выратавалі сотні помнікаў традыцыйнай народнай культуры і мастацтва.


25 красавіка 1995 года, напярэдадні дзявятай гадавіны катастрофы на ЧАЭС, адбылося ўрачыстае афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі “Помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва чарнобыльскай зоны” ў аддзеле старажытнабеларускай культуры. У залах было прадстаўлена каля тысячы ўратаваных прадметаў, у асноўным, з Брагінскага раёна Гомельшчыны і часткова з экспедыцый па Магілёўшчыне.


Больш чым праз дваццаць гадоў пасля гэтага, на трыццатую гадавіну аварыі, адкрываецца адноўленая экспазіцыя “Чарнобыльскай калекцыі”, наведаць якую, пачынаючы ад сёння, можа кожны, хто жадае, па папярэдняй дамоўленнасці.


ecoidea.by



Каментаваць