Закон непазбежнасці псавання

Калі вылучыць правіла, па якім жыве ды памірае любая беларуская ўстанова, дзе адны людзі за грошы падносяць ежу ды пітво іншым людзям, фармулявацца гэтае правіла будзе вельмі проста: усё непазбежна псуецца.
Ілюстрацыйнае фота barpass.by

Ілюстрацыйнае фота barpass.by



Упершыню я сутыкнуўся з гэтай загадкай, калі быў студэнтам ды заходзіў марнатравіць свае першыя заробкі ў цудоўны барчык «Філінс» на вуліцы Валадарскага. Там было шыкоўна, дарагія вы мае! Ля ўваходу стаяла фартэпіяна, пад якое пятнічнымі начамі спявала джаз выпускніца бібліятэчнага аддзялення Інкульта. Там выпівалі акцёры размешчанага непадалёк тэатра. Там падавалі смажанае мяса пад сырам, якое для смаку аздаблялі апельсінавымі кавалачкамі.
 

«Філінс», як і ўсё ў гэтым горадзе на ўзбярэжжы Леты, пратрымаўся нядоўга. Спачатку змянілі шыльду. Потым сталі эканоміць на апельсінах. Нарэшце знакамітая філінсавая свініна зрабілася звычайным савецкім «мясам пад сырам». Калі я завітаў у гэты падвальчык апошні раз, убраны цыганскім баронам п’яны бамбіза за суседнім столікам даводзіў зухаватаму сябру, апранутаму як выкладчык ідэалогіі ў вышэйшай школе міліцыі, што ўсіх тыграў у Сібіры з’елі кітайцы (той пярэчыў, што «мы, рускія» самі каго хочаш з’ямо). Гэта было каларытна, але шоў-праграмы я не замаўляў.

У «Грунвальдзе», напэўна, хаця б раз у жыцці сілкаваўся любы свядомы (ці падсвядомы) суайчыннік: беларускамоўнае меню, славутая гісторыя, добрае размяшчэнне. Не так даўно, шпацыруючы ў пошуках камфортнага прысяду для размовы са знакамітым сівабародым філосафам, я, забыўшыся на сфармуляванае ў загалоўку правіла, вырашыў запрасіць суразмоўцу да сядзення на ўтульнай тэрасе. Бо на тэрасе сам быў гадоў пяць таму, і тады спадабалася. Мы замовілі адзін гарачы напой, адзін халодны напой, адну вадзічку. На дваццатай (!) хвіліне чакання мне зрабілася сорамна: такіх людзей, як мой славуты кампаньён, не прынята прымушаць чакаць. Я падышоў да менеджара залы і вельмі ветліва запрасіў паскорыць абслугу. Напоі прынеслі. Прабачэнні — не. Вось яшчэ: меню ў гэтай установе беларускае, афіцыянты адказваюць па-руску. Што б сказаў Вітаўт?

Я не вельмі люблю жаліцца на жыццё і дрэннае абслугоўванне, то, калі планаваў гэты тэкст, вылучыў некалькі катэгорый кавярняў, якія не псуюцца.

Напрыклад, установы нацыянальнай кухні: хачапуры па-аджарску ў армянскай рэстарацыі «У сяброў» заўсёды было фантастычным: і адразу пасля адкрыцця, і праз некалькі гадоў існавання. Адно дрэнна: «У сяброў» закрылі ў сувязі з будаўніцтвам офіса «Газпрама». Ці «Біблас»: шаўрма тут  заўсёды будзе ці не найлепшай у Беларусі.

І вось другім тыпам кавярняў, якія нібыта застрахаваныя ад псавання, я збіраўся назваць установы сеціўныя. Усё ж такі маркетынг,  кантроль якасці, менеджары-супервайзеры. Дык не! Прынамсі, з гэтага выключэння ёсць выключэнні. І калі «Тэмпа» яшчэ трымаецца недзе на ўзроўні віленскай Cili Pizza, дык месцайка пад яскравай шыльдай T. G. I. Fridays займае асобную старонку ў тапаграфіі маёй разгубленасці.

Аднойчы мы святкавалі тут дзень народзінаў у цеснай кампаніі людзей, якія з сімпатыяй ставяцца да амерыканскай food culture. Імянінніцай быў замоўлены “Джэк Дэніэлс бургер”. І вось трэба ж такому здарыцца: яго прыгатавалі, потым з нейкіх незразумелых прычын не падалі ў час, у выніку чаго той схаладнеў і скасцянеў, бы нябожчык. Відавочна, есці гэта было немагчыма, і калі яго завярнулі, страчаную страву не прыгатавалі наноў, як варта, а зацяплілі ў мікрахвалёўцы (ці духоўцы?) і вось у такім выглядзе — са зліплай гароднінай ды размяклай булачкай — прынеслі да стала. Імянінніца прыняла за асабістую крыўду. Што праўда, пасля таго як афіцыянтцы была патлумачаная мізансцэна, за некрануты бургер дазволілі не плаціць. А таксама прапанавалі gratis безалкагольныя кактэйлі — бачыце, то бок адрозненні ад беларусаў усё ж ёсць! Але неяк з таго часу мяне ў  T. G. I. Fridays не вельмі цягне.

Ну, і гэта не сталічная хвароба. Гэта халера агульнарэспубліканская. Такая слаўная была «Карова» ў Берасці, як толькі адкрылася. Вось тут я зазначаў, што стэйк, якім я паласаваўся ў гэтым горадзе, быў, магчыма, найлепшым у маім жыцці. І каштаваў гэты крануты духмянымі травамі цуд усяго 90 тысяч. Дык вось, у другі мой прыезд у Брэст у гэтай установе было тлумна, стэйк каштаваў ужо 200 тысяч (даляр з тае пары толькі знізіўся), і, самае прыкрае, гэта быў проста стэйк, звычайны кавалак мяса, які можна пажаваць дзе заўгодна.



 
З «Каровай», дарэчы, усё зразумела: туды, прыцягнуты некалі файным кухарствам ды зусім не беларускай атмасферай, збегся натоўп. Натоўп — адна з найбольш распаўсюджаных прычын зніжэння якасці абслугоўвання ў нашых любімых месцах. Гаспадары праз адсутнасць вольных столікаў лічаць, што яны найлепшыя, а найлепшым усё дазволена, і вокамгненна найлепшымі быць перастаюць.

Гэта гісторыя пра дваццаць хвілін чакання аднаго гарачага напою, аднаго халоднага напою, адной вадзічкі.

Другая прычына — змена ўладальніка, шыльды, канцэпцыі і, як вынік, — якасці заўсёднікаў (hello, кавярня «Містраль» — тая самая, у якой я некалі вузкім колам святкаваў выхад «Сфагнуму»). Мы ўсе енчылі, калі закрыўся «Стары Менск». Але на ягоным месцы ўзнікла і нават нейкі час трымалася цудоўнае месцайка Brew Bar Minsk, куды я праз палову праспекта цягнуўся, каб выпіць флэт уайт. Потым Бог гэтага горада зноўку міргнуў, Brew Bar Minsk знік, а ў тым, што з’явілася за ім, флэт уайта ў меню ўжо не было (прынамсі, у той першы і апошні раз, калі я туды заходзіў).

І як жа цудоўна ў такіх варунках уславіць рэдкія месцы, якія не здраджваюць ні ад пачатку ўстаноўленай якасці кухарства, ні стандартам ветлівасці — нечаканы Latte на Платонава, чаканы Newscafe на Маркса (уладальнік змяніўся, нешта галоўнае — не), і яшчэ некалькі пляцовак, у якія я час ад часу заходжу.

Усё апісанае вышэй — не дрэнна. Усё апісанае вышэй — насамрэч не пра слабую культуру харчавання ў Мінску. Так праяўляецца закон жыцця і закон смерці. Бо непазбежнасць псавання гарантуе і непазбежнасць знікнення, хай сабе тыя ці іншыя свінскія месцы яшчэ трымаюцца на паверхні блізкасцю да цэнтра ці наяўнасцю кантактаў у ведамствах, якія таленавіта труцяць канкурэнтаў пад відам забеспячэння харчовай бяспекі спажывальнікаў.

Усё мёртвае будзе мёртвым, проста паміраць будзе даўжэй. Замест гэтага з’явіцца новае, якое зноўку сапсуецца. Праз дзвесце гадоў трэцяя генерацыя рэстаратараў незалежнай Беларусі ўцяміць, што аранжу да мяса шкадаваць не трэба нават калі ў цябе overbook па панядзелках. Кола сансары запаволіцца. Ну а пакуль, як ведаеце, дзе цяпер танна і смачна — бяжыце ды ласуйцеся. Бо хутка… ну, вы самі разумееце!
 
budzma.by


Каментаваць