Запрашаем на адкрыццё выставы фотапраекта «Камін-аўт»

Адкрыццё выставы фотапраекта «Камін-аўт» адбудзецца 8 верасня ў 19.00 ў Лофце «Балки» (вул. Чапаева, 3, блок 202). У рамках адкрыцця мы апавядзем пра праект MAKEOUT, «Камін-аўт», пра саму выставу, а таксама адкажам на ўсе пытанні, якія вас цікавяць.



«Камін-аўт» — гэта 12 фотаздымкаў, 12 розных гісторый, якія расказваюць пра жыццё ЛГБТК-людзей у Беларусі. Мы лічым важным пачаць гаварыць на тэму знутры, не выносячы сябе за дужкі. Расказваючы свае гісторыі, мы трансфармуем культурную прастору для таго, каб у ёй жыць.


Праект не мае забаўляльных мэтаў, і яго важнасць не залежыць ад колькасці гісторый. Нават дзеля таго, каб прагучаў усяго адзін голас, яго варта было зрабіць.
 

Кожная з гісторый так ці іначай кранае тэму камін-аўта, дакументуе розны досвед самавызначэння, адчування нябачнасцi, “неўпісанасцi”, непрыняцця сябе самім сабою ці іншымі праз тое, кім ты ёсць.
 

Мы не даем ніякіх ацэнак і не робім высноваў пра не/абавязковасць камін-аўта. Усе гісторыі розныя: хтосьці расказвае пра тое, як зрабіў камін-аўт перад блізкімі, і пра важнасць заставацца адкрытым, хтосьці — пра тое, чаму выбірае не адкрывацца перад асяроддзем, хтосьці разважае пра сам феномен камін-аўта ў нашым грамадстве.
 

Важна разумець, што гаворка не ідзе выключна пра “гомасэксуальныя” камін-аўты, і сам фотапраект — большы, чым для і пра ЛГБТК-кам’юніці. З дапамогай праекта мы спрабуем распачаць дыялог, які мог бы дапамагчы пераадолець мяжу паміж “мы” і “яны”.
 

Спадзяемся, што для кожнага, хто хоць аднойчы быў праігнараваны, прыніжаны або ведае, як гэта — калі табе адмаўляюць у праве быць тым, кім ты ёсць, гэты фотапраект стане натхняльным.

Каментаваць