Запрашаем у новую эру. «Imagine Dragons» у Мінску (фотарэпартаж)

Пераможцы «Грэмі 2014», амерыканскі індзі-гурт выступіў у «Чыжоўка-Арэне». Сусветнае турнэ ў падтрымку альбома «Smoke + Mirrors» дайшло і да Беларусі ўвечары 22 студзеня.



За амаль васьмігадовае існаванне квартэт выпускае толькі свой другі альбом. Ён будзе афіцыйна прадстаўлены 12 лютага, але ўжо вядомы ўсе 13 кампазіцый, і іх можна легальна спампаваць.

Далёка не ўсе месцы на дзевяцітысячнай арэне былі занятыя. Але квіткі ў фан-зону і да сцэны ў бліжэйшыя сектары былі раскуплены за некалькі тыдняў да канцэрту.

Канцэрт распачаўся пасля 30-хвіліннай затрымкі, але танцпляц не маркоціўся. Кожнага чалавека, які падымаўся на сцэну, будзь гэта нават тэхнічная каманда, прыхільнікі сустракалі гучнымі авацыямі. Гурт жа выйшаў на пляцоўку ў поўнай цемры ў зале і зайграў «Shots».

На працягу ўсяго канцэрту гледачы назіралі якаснае светлавое шоу. Якасць гуку рэжысёры наладзілі ўжо на 2–3 кампазіцыі. Прычым адна з «фішак» канцэртаў «Imagine Dragons» — перкусія. Падчас выканання некаторых кампазіцый выкарыстоўваліся тры віды барабанаў. У сэт-ліст выступу ўвайшло 15 кампазіцый і па іроніі туды не трапіла «Smoke + Mirrors».

Напэўна, усе прыхільнікі гурта чакалі выканання хіта «Radioactive». Кліп гэтай песні на «YouTube» ужо праглядзелі звыш за 460 мільёнаў разоў. Прычым за месяц да выступу арганізатары абвясцілі конкурс перакладу гэтай кампазіцыі на беларускую мову. Версію-пераможцу прадставіў гурт «Navi», які паралельна ў дзень канцэрту выступаў на беларускім адборы на «Еўрабачанне 2016». Пасля семіхвіліннага выканання самай «радыёактыўнай» песні амерыканцы сыгралі апошнюю кампазіцыю — лірычную «The Fall». Увесь выступ працягваўся крыху больш за гадзіну.

Фота: Дар'яна Дабранская

Каментаваць