Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Запрашаем на «Пятровіцу»

«Пятровіца» — шматдзённы фэст, падчас якога ўдзельнікі здолеюць засвоіць асновы народных танцаў і песень, пазнаёміцца з рознымі відамі рамёстваў, што захаваліся на тэрыторыі сучаснага Любанскага раёна.
Фота І. Пярмінавай

Фота І. Пярмінавай

8–12 ліпеня адбудзецца сёмы рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Пятровіца». Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у вёсцы Шыпілавічы — на радзіме вядомага этнографа, пісьменніка, тэатральнага крытыка ХIX стагоддзя Паўла Шпілеўскага.

Фота А. Мікуса 

Фота А. Мікуса 



Майстар-класы па танцах праводзіць этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Верабейкі» Сяргей Выскварка. Ён дзеліцца сваімі ведамі Любанскай танцавальнай манеры, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзанай даследчыцкай працы.

Фота А. Мікуса

З 2015 года важным складнікам «Пятровіцы» сталі спеўныя заняткі. Музыкалаг, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта «Варган», Вольга Емяльянчык дапамагае зразумець і адчуць хараство народных песень. Апроч традыцыйных пятроўскіх песень, у гэтым годзе ўдзельнікі развучаць некалькі адмысловых «ягадных» і прыпеўкі да танцаў.

Фота А. Мікуса 

Фота А. Мікуса 

Сёлета ўдзельнікі паспрабуюць на 5 дзён стаць вясковымі жыхарамі: уставаць разам з сонцам, "упраўляцца" да сняданку, адпачываць апоўдні і танцаваць пакуль ёсць моц увечары... Спадзяемся, такі лад жыцця дапаможа яшчэ мацней паглыбіцца ў традыцыйную культуру.

Фота А. Янкоўскі 

Падчас вандровак жыхары Любаншчыны пачастуюць гасцей традыцыйнымі мясцовымі стравамі, навучаць выразаць рушнікі, танцаваць Кузьміцкія танцы, збіраць лекавыя зёлкі. Ірына Жудрык падзеліцца сакрэтамі выпякання хатняга хлеба ў печы, якія вывучыла яшчэ ад сваёй маці і бабулі.



Фота С. Качуры

Фота А. Мікуса 

Кожная з трох вандровак закончыцца тэматычнай танцавальнай вечарынкай: у стылі паваеннага мястэчка, у стылі вёскі 50-х гадоў і ў стылі даваеннай вёскі. Як сведчаць удзельнікі мінулага фэсту, танцы ў святле кірасінавай лямпы маюць сваю магію.

Чытайце таксама: Пятроўскі фэст запрашае на сустрэчу з каханнем

Завершыцца фэст удзелам у свяце Пятрок, якое цесна звязана з традыцыяй беларускіх гасцявых кірмашоў, таму малебен і канцэрт пакрысе пяройдуць у «кірмашаванне» (наведванне знаёмых у вёсцы) і завершыцца карагодамі па вёсцы, пятроўскім абрадам, кумленнем праз вогнішча, спевамі ды танцамі.

Фота А. Мікуса 

Мы спадзяемся, што людзі самага рознага ўзросту і сфер інтарэсаў змогуць адкрыць, пабачыць і пачуць шмат цікавага і невядомага ім раней, а таксама што ім перадасца тая любоў і павага, з якой мы ставімся да традыцыйнай культуры.

Фота А. Янкоўскага

Болей інфармацыі на сайце фэсту:  piatrovica.ethno.by

 І ў сацыяльных сетках:

Fb: https://www.facebook.com/groups/211665479205810/

Vk: https://vk.com/piatrovica




Каментаваць