Зборнік «Шчэжар» увайшоў у шорт-ліст прэміі «НОС»

Кніга нашага суайчынніка Кастуся Чарухіна, якая нядаўна пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу, увайшла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі «НОС» («Новая славеснасць») па выніках 2013 года. 



Прэмія «НОC» уручаецца Фондам Міхаіла Прохарава з 2010 года «для выяўлення і падтрымкі новых трэндаў у сучаснай мастацкай славеснасці на рускай мове».
 
 
Лаўрэат прэміі атрымлівае 700 тысяч расійскіх рублёў, фіналісты  па 40 тысяч рублёў. Па выніках галасавання ў інтэрнэце ўручаецца прыз глядацкіх (чытацкіх) сімпатый у памеры 200 тысяч рублёў. Падтрымаць нашага суайчынніка сваім голасам можна на сайце прэміі
 
 
Нягледзячы на рускую мову зборніка, яго змест выразна беларускі. Расіяне ведаюць, або думаюць, што ведаюць, пра амерыканцаў ды іншых далёкіх замежнікаў болей, чым аб сваіх названых братах-беларусах. Пра нас, як ім здаецца, ведаць няма чаго. Браты, яны браты і ёсць. Свае людзі, дамачадцы, што ў іх можа быць незнаёмага. Апроч усяго іншага, зборнік «Шчэжар» прадстаўляе расійскаму чытачу сучасную, малазнаёмую Беларусь.  
 
 
«Краіна Беларусь недалёкая і нешырокая. Вуглаватай бульбінай захрасла яна ў міжраддзе суглінкаў і чарназёмаў... Але калі малыя памеры Беларусі не выклікаюць у нас сумневаў, яе блізкасць зусім не бясспрэчная ў любой сістэме каардынат. Здаецца, усяго за некалькі дзесяцігоддзяў яна далёка аддрэйфавала ад свайго геаграфічнага і культурнага асяроддзя, нібы адколатая ад мацерыка выспа. 
 
 
Мізэрныя і адрывачныя веды расійскага абывацеля пра такую блізкую калісьці краіну... Сумная і нават ганебная лакуна ў карціне сучаснага света рускага чалавека. Запоўніць яе сапраўдным веданнем пра жыццё, спадзевы і адчай беларускага народа зможа лепш за ўсё не статыстычная справаздача рэйтынгавага агенцтва, не аналітычнае даследаванне палітолага, але мастацкая літаратура: даступнасць яе вобразаў і мовы ў злучэнні з асобай таленавітага, думаючага пісьменніка, які хварэе за лёс сваёй краіны, не прымушаюць шукаць іншага правадыра і даведніка», — піша аўтар пасляслоўя да зборніка Іван Альбус. 
 
 
Не меней, чым расказаць пра сябе іншым, нам важна самім усвядоміць уласную сучаснасць. І зборнік «Шчэжар» здольны ў гэтым дапамагчы. 

Абмеркаванне:

  • Таццяна
  • 2013-11-17 18:16:09
Віншую аўтара твора і дзякуй аўтару матэрыяла за інфармацыю аб гэтым літаратурным поспеху!

Каментаваць