Зборшчыкі

Нягледзячы на загад вертыкалі прыпыніць збор подпісаў за афіцыйнага кандыдата, сітуацыя мала змянілася. Недагледзелі? Сабатаж? А можа яшчэ горш?

* * *

Пра тое, што адбываецца нешта дзіўнае, ён пачаў здагадвацца падчас паездак з працы дахаты. Маршрут пралягаў міма ГУМу, які аблюбавалі пікетчыкі розных кандыдатаў і палітычных плыняў. Неяк ягоную ўвагу прыцягнула адна група людзей.

Нягледзячы на загад вертыкалі прыпыніць збор подпісаў за афіцыйнага кандыдата, сітуацыя мала змянілася. Недагледзелі? Сабатаж? А можа яшчэ горш?

* * *

Пра тое, што адбываецца нешта дзіўнае, ён пачаў здагадвацца падчас паездак з працы дахаты. Маршрут пралягаў міма ГУМу, які аблюбавалі пікетчыкі розных кандыдатаў і палітычных плыняў. Неяк ягоную ўвагу прыцягнула адна група людзей.

— А што робяць тыя грамадзяне? — спытаў ён у кіраўніка аховы. — Няўжо гэта пікет за маю кандыдатуру? Я ж забараніў збіраць подпісы за сябе. Трэба альтэрнатыўным дапамагаць.

— А што тут дзіўнага? — адказаў ахоўнік. — Папросту людзі са сцягамі. У нашага народа такая любоў да афіцыйнай сімволікі, што яны нават на шопінг з ёй ходзяць.

Адказ яго задаволіў. Ён нават падумаў пра неабходнасць падтрымкі айчынных вытворцаў сцягоў. Напрыклад, можна ўвесці абмежаванне на колькасць чырвона-зялёных сцягоў, якія можна ўвозіць у краіну з-за мяжы.

Між тым праз некалькі дзён, зноў жа праязджаючы па цэнтры, ён змог разгледзець на стэндзе нейкага зборшчыка вельмі знаёмую фізіяномію.

— Слухайце, гэта ж я! Гэта ж мае вусы! Як жа так? Я ж забараніў за сябе збіраць!

Ахоўнік зноў яго супакоіў:

— Гэта папросту рэклама гастролей нейкага падобнага да вас артыста. Здаецца, яго завуць Лэдзі Гага.

Было ў словах ахоўніка нешта фальшывае. Прыехаўшы ў рэзідэнцыю, ён залез у інтэрнэт і ашалеў — у Лэдзі Гагі не было вусоў.

Ён пачасаў рэпу. Значыць, ахоўнік схлусіў. Значыць, мае месца нейкая змова. Самае цяжкае, што цяпер давяраць ён мог толькі сабе. Давялося весці расследаванне самастойна. Вечарам сказаў, што будзе працаваць з дакументамі, а на самай справе непрыкметна пакінуў будынак Адміністрацыі, злавіў таксі і загадаў ехаць за джыпам ахоўніка. Недзе ў Лошыцы машына змоўніка прыпынілася каля прэстыжнага катэджа. Ахоўнік знік у будынку, а ён асцярожна забраўся на дрэва і пачаў заглядаць у акно.

Хутка ён убачыў свайго ахоўніка і яшчэ аднаго чалавека, твар якога немагчыма было разгледзець з-за насунутага капелюшу. Яны даволі гучна нешта абмяркоўвалі.

— Трэба спяшацца, мэтр. Ён пачынае нешта падазраваць.

— Пачакайце, яшчэ рана. Як гаворыцца ў Чорнай бібліі, зборшчыкам за д’ябла для рытуалу выклікання гаспадара цемры патрэбна яшчэ пару пікетаў.

Гаспадар цемры. Чорная Біблія. Зборшчыкі за д’ябла. Што за іксфайлаўшчына такая? Ён насцярожыўся.

— Аднак зараз ужо хутка, — працягваў маналог мужык у капелюшы. Заўтра ў Берцах будзе пастаўлены 666-ы пікет. Усе яны сфармуюць сабой вялікую пентаграму. Тады праз сваіх людзей у арганізацыі «Стабільная Русь» мы выганім яе сяброў на пікеты. Напярэдадні яны атрымаюць інструкцыю: калектыўна пакончыць з жыццём, выклікаючы адначасова князя цемры. І ён прыйдзе.

— А сябры «Стабільнай Русі» пагодзяцца на такое?

— Куды яны дзенуцца? Каму ахвота, каб табе не працягнулі кантракт?

Ад такіх навін ён страціў асцярожнасць і гучна зваліўся з дрэва на зямлю. Людзі ў пакоі пачулі шум і кінуліся да вокнаў. Уцякаючы, ён паспеў пабачыць, як мужык у капелюшы нешта загадаў ахоўніку.

Дзякуючы рэгулярным хакейным трэніроўкам ён лёгка адарваўся ад пагоні. Але што далей? Трэба ратаваць свет. Што рабіць? Мозг ліхаманкава працаваў. Яны нешта казалі пра пентаграму, складзеную з пікетаў. Значыць, трэба тую схему разбурыць. Як? Проста — дастаткова знішчыць хаця б адзін пікет, звяно маштабнага сатанісцкага сімвалу.

* * *

Сябры «Стабільнай Русі» на станцыі Пралетарская стаялі ў пікеце, чакаючы, калі закончыцца іх змена. Раптам на іх наляцеў нейкі дзядзька, які пачаў ламаць стэнд і ледзь не зубамі рваць на кавалкі сцяг. Зборшчыкі разбегліся. Затое акт вандалізму выклікаў вялікую цікавасць у грамадстве. Сабраўся натоўп. Людзі актыўна каментавалі расправу.

— Людзі добрыя, што ж робіцца! Яшчэ шасці няма, а ён ужо так набраўся. Таварыш, нельга столькі піць.

— Што вы кажыце, жанчына?! Я яго асабіста цалкам разумею. Проста чалавек стаў ахвярай злачыннага рэжыму. Мужчына, можа вам лепш у Беларускі Хельсінскі камітэт звярнуцца?

— Мужык, кідай дурное. Гэту сістэму не змяніць. Пайшлі лепш па сто грам накацім. Адразу стане лягчэй.

Раптам нечакана ён перастаў ламаць стэнд «Стабільнай Русі» і задумаўся.

Перад тым, як выкліканы дзяжурным па станцыі нарад міліцыі пацягнуў яго ў аддзяленне, ён паспеў дастаць мабільнік, набраць нейкі нумар і сказаць суразмоўцу на тым канцы лініі:

— Слухай, Валодзя! І Дзімку перадай. Мне губляць няма чаго. Або газ па 120 долараў, або я выклікаю князя цемры — і ўсяму чалавецтву капец.
 

Каментаваць