“Жалезны воўк”: Пікасо і не снілася

Герояў можна маляваць не толькі ва ўзвышана-напышлівым рэалізме, але і раскласці іх на каляровыя плоскасці кубізму, дадаць сярэднявечнай асіметрыі ці нават прымусіць пазяхаць.

Ад гэтага яны не перастануць быць героямі, лічыць кіраўнік полацкага творчага аб’яднання “Жалезны воўк Андрусь Мікалаеў. Мастакі названай суполкі сталіся аўтарамі экспазіцыі “Неасармацкі партрэт, што нядаўна ўпершыню адбылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Па сутнасці, яны запачаткавалі, стварылі новы жанр — неасармацкі жанр.



Герояў можна маляваць не толькі ва ўзвышана-напышлівым рэалізме, але і раскласці іх на каляровыя плоскасці кубізму, дадаць сярэднявечнай асіметрыі ці нават прымусіць пазяхаць.

Ад гэтага яны не перастануць быць героямі, лічыць кіраўнік полацкага творчага аб’яднання “Жалезны воўк Андрусь Мікалаеў. Мастакі названай суполкі сталіся аўтарамі экспазіцыі “Неасармацкі партрэт, што нядаўна ўпершыню адбылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Па сутнасці, яны запачаткавалі, стварылі новы жанр — неасармацкі жанр.

Большасць мастакоў суполкі “Жалезны воўк яшчэ толькі пачынаюць свой творчы шлях. Аднак ёсць сярод аўтараў і сталыя майстры з багатым досведам выстаў, такія, напрыклад, як Георгій Танковіч — сябра Беларускага саюза мастакоў. Сустракаюцца і замежныя творцы. Немка Хрысціна Шмідт свой першы партрэт у неасармацкім стылі намалявала, можна сказаць, выпадкова. Падчас студэнцкага абмену яна неяк завітала ў творчую майстэрню Андруся Мікалаева — і паддалася агульнаму натхненню. Андрусь узгадвае, што над карцінай мастачка працавала нястомна, як “сапраўдная нямецкая машына, без увагі на ежу і адпачынак. Вынікам стаўся партрэт у духу добрага нямецкага сентыменталізму пад назвай “Заканчэнне эпохі, на якой намаляваны, так бы мовіць, рыцар “на пенсіі. Ён ужо адпусціў свайго баявога каня на волю, але сам ніяк не можа забыцца на слаўную эпоху вайсковай славы.

А.Мікалаеў (справа) разам з сябрам творчай суполкі "Жалезны воўк"


Кіраўнік суполкі “Жалезны воўк называе сваіх калегаў рамантыкамі. Не дзіва, калі ведаць, што калісьці сармацкі партрэт выкарыстоўваўся выключна для выявы адважных герояў. У XV–XVIII стагоддзях гэта была надзвычай папулярная форма параднага рыцарскага партрэту ў выяўленчым мастацтве Вялікага княства Літоўскага, а потым і Рэчы Паспалітай. Сармацкі партрэт адлюстроўваў сабою цэлую ідэалогію, згодна якой шляхта з’яўлялася нашчадкамі ваяўнічых плямёнаў сарматаў, што ў ІІІ ст. да н.э. — ІV ст. н.э. насялялі прычарнаморскія стэпы, а пазней сышлі на поўнач ды зніклі з мапы гісторыі.

Сарматызм стаўся светапоглядам, культурай і ладам жыцця шляхты. Галоўным сваім абавязкам яны лічылі вайсковую справу і абарону Бацькаўшчыны і Каталіцтва. Чалавек на сармацкіх партрэтах паўставаў у парадным адзенні, у атачэнні прадметаў, што выяўлялі не толькі яго ўнутраны свет, характар, але і перадавалі прыналежнасць да той ці іншай саслоўнай групы, давалі магчымасць даведацца пра становішча асобы ў грамадстве. Найбольш традыцыйнымі помнікамі гэтага жанру сёння мастацтвазнаўцы лічаць партрэты Юрыя Радзівіла ды Яна Сабескага.

Дзякуючы сумеснаму праекту рыцарскага клубу “Жалезны воўк (менавіта на яго аснове дзейнічае аднайменная творчая суполка) і беларускіх мастакоў традыцыя гераічнага партрэту аднавілася праз два стагоддзі забыцця.

Першы партрэт у неасармацкім стылі — “Жалезны воўк Алега Елізарава — быў намаляваны ў 1999–2000 гадах у сапраўдным сярэднявечным стылі. Па тэхніцы ён вельмі нагадвае ікону. Без захавання перспектывы, сіметрыі ды прапорцый. Ён настолькі падобны да старажытнай карціны, што здараліся нават кур’ёзныя выпадкі, калі людзі запытваліся, колькі ж стагоддзяў гэтаму твору, распавядае Андрусь Мікалаеў.

З часам на змену жорсткім канонам прыйшла стылявая разнастайнасць. Маляваць у поўнай згодзе са сваёй фантазіяй было для маладых неасарматаў значна цікавей, чым прытрымлівацца выдуманых амаль паўтысячагоддзя таму правілаў.

Вынікам крэатыўнага падыходу да традыцыі стала серыя палотнаў у стылі аналітычнага кубізму, прысвечаная 100-годдзю гэтага стылю. Узніклі эксперыментальныя, абстрактныя і супрэматычныя партрэты. У той жа час працягваў развівацца рэалістычны партрэт. Такім чынам, традыцыйны “сармацкі партрэт атрымаў далейшае развіццё і прыстаўку “неа ў назве жанру.

“Неасармацкі жанр — гэта эвалюцыя сарматызму, — тлумачыць сутнасць зменаў кіраўнік творчай суполкі “Жалезны воўк і “галоўны ідэолаг новага жанру Андрусь Мікалаеў. — Калісьці мастак нават не мог уявіць сабе рыцара, які б смяяўся, або, барані Божа, перамотваў “парцянкі. Але ж рыцары таксама людзі! Таму мы дадалі да традыцыйнай гераічнай асновы сюжэт ды эмоцыі. І атрымаўся “жывы чалавек, які крывіцца ад болю, цешыцца, пазяхае.

Апошні партрэт, дарэчы, трапіўшы на віртуальную нямецкую выставу, вельмі спадабаўся тамашняй аўдыторыі. Кажуць, калі на яго доўга глядзець, дык можна таксама пачаць пазяхаць.

Сённяшні выгляд неасарматызму Андрусь лічыць далёка не апошняй кропкай ягонага развіцця: “Жанр ужо выйшаў за рамкі жорсткіх канонаў, але што будзе далей, мы пакуль і самі не ведаем, — усміхаецца абаяльны кіраўнік “Жалезнага ваўка, пакідаючы прыхільнікам рамантычнага жанру прастору для асабістай фантазіі.

Працы А.Мікалаева. Рыцары - таксама людзі!

Працы А.Елізарава і А.Мікалаева. Побач з мужнымі ваярамі заўсёды ёсць месца Прыўкрасным Дамам

Эх, калі б я быў рыцарам!

Каментаваць