Журналісты — за экалагічны дабрабыт

У Беларусі стартавала кампанія «Журналісты — за экалагічны дабрабыт», ініцыятарам якой выступіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

У Беларусі стартавала кампанія «Журналісты — за экалагічны дабрабыт», ініцыятарам якой выступіла ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Як паведаміў на спецыяльным брыфінгу адзін з каардынатараў кампаніі сябра БАЖ Андрусь Клікуноў, асноўнымі прычынамі, што пабудзілі журналістаў распачаць кампанію, з’явіліся нераспаўсюд рознабаковай інфармацыі, якая тычыцца пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі (насуперак Орхускай канвенцыі, падпісанай у тым ліку і Рэспублікай Беларусь), а таксама замоўчванне з боку дзяржавы інфармацыі пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі і мінімізацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Сярод мэтавых груп, на якія будзе скіравана кампанія, — грамадзяне, што жывуць у раёне магчымай пабудовы атамнай электрастанцыі (паўночны захад Беларусі, Астравецкі раён Гродзенскай вобласці); грамадзяне, якія жывуць на тэрыторыях, забруджаных радыяцыяй, а таксама грамадзяне, што спажываюць прадукцыю, вырабленую на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 года.

«Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што велізарныя забруджаныя радыенуклідамі абшары ў Гомельскай, Магілёўскай абласцях, ды і на Міншчыне выкарыстоўваюцца пад пашы, пад сады, пад плошчы для вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі, і гэтая прадукцыя распаўсюджваецца па ўсёй краіне. Наша задача — звярнуць увагу журналісцкай супольнасці на гэту праблему і намацаць магчымыя шляхі выйсця з яе, — адзначыў Андрусь Клікуноў. — Як наступствы тых праблем, што мы вылучылі, гэта, па-першае, пагаршэнне стану здароўя насельніцтва, забруджванне навакольнага асяроддзя. Калі будзе пабудавана АЭС, то з’явіцца праблема радыяцыйных адкідаў, якія невядома куды падзець, залежнасць ад ядзернага паліва суседніх дзяржаваў, і ўрэшце магчымая эканамічная нерэнтабельнасць».

Сярод задач, якія ставяць арганізатары кампаніі, па словах А. Клікунова, — забеспячэнне ўмоваў для журналісцкай супольнасці дзеля бесперашкоднага атрымання і распаўсюду інфармацыі па вызначаных праблемах і магчымых шляхах іх вырашэння.

Ужо на 12 чэрвеня ў рамках кампаніі прадугледжана пасяджэнне «круглага стала» на тэму «Мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС на Беларусі» з удзелам спецыялістаў у галіне ядзернай энергетыкі (як тых, хто працуе ў дзяржаўных установах, так і незалежных), а на канец чэрвеня запланаваны прэс-тур журналістаў у беларуска-ўкраінскае памежжа каля зоны адсялення (Гомельская вобласць). Пры канцы жніўня бягучага года адбудзецца яшчэ адзін прэс-тур — у Астравецкі раён Гродзенскае вобласці, на пляцоўку будаўніцтва АЭС (падчас гэтага прэс-туру мяркуецца правесці апытанне насельніцтва па актуальных праблемах, датычных будаўніцтва атамнай электрастанцыі).

Таксама БАЖ плануе ў рамках кампаніі арганізаваць адмысловы конкурс для журналістаў на лепшае журналісцкае расследаванне («Хто есць чарнобыльскую бульбу?!»), на лепшы друкаваны і радыёрэпартаж на экалагічную тэматыку, а ў часопісе БАЖ «АБАЖУР» паўстане спецыялізаваная рубрыка. На сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў з’явіцца інтэрнэт-старонка кампаніі: факты, кантакты, статыстыка, навіны па праблеме, навіны кампаніі, апытанне, дыскусіі, абмеркаванні, каляндар падзеяў для журналістаў.

У лістападзе адбудзецца падвядзенне вынікаў фотаконкурсу ў межах кампаніі «Журналісты — за экалагічны дабрабыт», а таксама будзе падрыхтавана тэматычная выстава з найлепшымі конкурснымі працамі. Як падкрэслілі ініцыятары кампаніі, да супрацоўніцтва запрашаюцца не толькі беларускія журналісты, але і ўсе тыя, хто неабыякавы да гэтай тэматыкі.

Каментаваць