«Зямля пад белымі крыламі» ў музеях краіны

3 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адчыняецца маштабная выстава – “Зямля пад белымі крыламі – цягам дзейнасці якой па 15 снежня для паказу лепшых твораў беларускага выяўленчага і ўжытковага мастацтва будуць задзейнічаны ўсе вольныя ад пастаяннай экспазіцыі памяшканні вядучай музейнай установы.

3 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адчыняецца маштабная выстава – “Зямля пад белымі крыламі – цягам дзейнасці якой па 15 снежня для паказу лепшых твораў беларускага выяўленчага і ўжытковага мастацтва будуць задзейнічаны ўсе вольныя ад пастаяннай экспазіцыі памяшканні вядучай музейнай установы.

Падзея атрымала асвятленне на прэсавай канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі 26 жніўня.  У ёй узялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі і прадстаўнікі аргкамітэта выставы – дырэктар Мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, прарэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, дырэктар Музея сучаснага мастацтва Наталля Шаранговіч. Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што сэнс будучай падзеі сугучны ідэям і памкненням класіка беларускага мастацтвазнаўства Міколы Шчакаціхіна, якія той укладаў у арганізацыю 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1925 г., запланаванай як агляд тэндэнцый развіцця творчых сіл маладой беларускай дзяржавы.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта “НЧ, ці не з’яўляецца сёлетні вернісаж ускосным знакам павагі з боку дзяржавы да гістарычных дат 27 ліпеня 1990 г. і 25 жніўня 1991 г., калі Беларусь зноў абвясціла і зацвердзіла палітычную незалежнасць, намеснік міністра зазначыў: непасрэднай прывязкі да гэтых дат няма. Але задача выставы, сапраўды, паказаць тое, што “створана мастакамі нашай краіны за гады незалежнасці, бо “наспеў час паглядзець і ацаніць, што адбываецца ў нашым мастацтве.

У залах Мастацкага музея, па словах яго дырэктара Уладзіміра Пракапцова, наведвальнікі пазнаёмяцца з усёй палітрай сучаснага мастацтва, пабачыўшы каля 300 работ 150 мастакоў краіны, якія створаны за апошнія 20 ггадоў. Калі на рэпрэзэнтатыўнай галерэі будуць прадстаўлены працы народных мастакоў і лаўрэатаў розных прэмій і намінацый – “ад Міхаіла Савіцкага да сённяшніх 50-гадовых, то асобную залу музей прадставіць для прагляду работ маладых аўтараў, стыпендыятаў Фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. 

Падзея не абмяжуецца удзелам Мастацкага музея: асобныя экспазіцыі адчыняцца  з 6 па 24 верасня ва ўсіх абласных гарадах краіны, увосень да праекта далучацца са сваімі міні-праектамі амаль усе дзяржаўныя і прыватныя (як галерэі “Ў і “ЛаСандр-арт) выставачныя пляцоўкі ў Мінска. У кожнай арганізацыі-ўдзельніцы вызначаны свой куратар, таму жорсткая цэнтралізацыя і ціск у адборы твораў адсутнічаюць, а кола ўдзельнікаў далёка не абмяжоўваецца сябрамі Саюза мастакоў. Так, па словах Наталлі Шаранговіч, у Музеі сучаснага мастацтва (з 11 лістапада) у межах праекта прапануецца паказ эксперыментальнага жывапісу і скульптуры, твораў відэа- і медыя-арту, інсталяцый, канцэптуальных праектаў маладых мастакоў.

За чатыры месяцы прадугледжаны абмен экспазіцыямі паміж сталічнымі і рэгіянальнымі пляцоўкамі. Тым часам і некаторыя калекцыі сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага, вызваліўшы прастору для “Зямлі пад белымі крыламі, парадуюць аматараў прыгожага за межамі Мінска. Творы Вітальда Бялыніцкага-Бірулі накіруюцца ў Бялынічы, а Івана Хруцкага — у Полацк (адкрыццё паказу 4 верасня), а затым у Вільню і ў штаб-кватэру ЮНЭСКА ў Парыжы.

Настолькі разнастайнага і вялікага праекту, аднагалосна сцвярджалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, музейная сфера краіны яшчэ не ведала. Таму канцэпцыя яго правядзення будзе ўдакладняцца і дзеля арганізацыі будучых вялікіх выстаў. Адназначна можна сказаць, дадаў Уладзімір Пракапцоў, што з прыходам новай каманды міністра культуры Паўла Латушкі ў поле ўвагі і падтрымкі дзяржаўных структур трапіла не толькі эстрада і тэатр, але і выяўленчае мастацтва.

 

Каментаваць