«Золототканый шёлк, бесценный по работе…», або Патрыятызм поруч з высокім мастацтвам

З 1 жніўня па 31 кастрычніка 2014 года дэманструецца 8 паясоў з прыватнай калекцыі. А да іх яшчэ — жупан і кунтуш, традыцыйнае беларускае шляхецкае адзенне, якое і падпярэзвалася тканымі «на персідскі манер», на «персіярнях», паясамі.



Ужо некалькі год запар Нацыянальны мастацкі музей сістэматычна абнаўляе размешчаную ў залах старога беларускага мастацтва экспазіцыю кунтушовых паясоў. Яны больш за ўсё вядомыя па прадукцыі слуцкай мануфактуры 18-19 стагоддзяў і сёння пераважна захоўваюцца ў калекцыях па-за межамі Беларусі. Таму наведвальнікі музея ўжо змаглі пабачыць творы з Масквы, Вільні, Варшавы, як і цікавы партрэт шляхціца пэндзля Валенція Ваньковіча, дзе мадэль апранутая як раз у слуцкі пояс (з віленскага музея).

Прычына ўвагі да кунтушовых паясоў зразумелая. Па словах загадчыцы  аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ РБ Алены Карпенкі, «Кунтушовыя паясы — унікальная з’ява нацыянальнай мастацкай культуры. Цяжка пераацаніць уклад беларускіх майстроў у гісторыю заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Развіты мастацкі густ, прыроднае пачуццё колеру, своеасаблівая вытанчаная арнаментыка, кампазіцыйная гармонія паясоў ставяць іх у адзін шэраг з самымі высокімі дасягненнямі сусветнай мастацкай культуры».

Гэтым разам — унікальны выпадак — з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2014 года дэманструецца 8 паясоў з прыватнай калекцыі. А да іх яшчэ — жупан і кунтуш, традыцыйнае беларускае шляхецкае адзенне, якое і падпярэзвалася тканымі «на персідскі манер», на «персіярнях», паясамі. Адзін пояс маркіраваны знакам Слуцкай мануфактуры, два — работы Купавінскай мануфактуры Маскоўскай губерні, яшчэ некалькі зроблены на слуцкі ўзор у іншых мануфактурах Беларусі, Украіны і Польшчы (слуцкія лічыліся самымі якаснымі паясамі).

Але суперсенсацыя — жупан і кунтуш, аснова шляхецкай вопраткі, — а яе  немагчыма пабачыць у іншых музеях Беларусі: папросту ў краіне яе ўзораў не захавалася. І хаця гэта вырабы 19 стагоддзя паводле класічных прыкладаў 17-18 стст., яны ўсё роўна ўнікальныя. Тым больш што зварот да традыцыйнай моды на акупаваных Расіяй землях Беларусі ў 19 стагоддзі адбываўся на хвалі патрыятычных уздымаў у час нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1830-1831 і 1863 гадоў.

Запрашаем у Нацыянальны мастацкі — новая экспазіцыя кунтушовых паясоў — добрая нагода наведаць і іншыя яго залы.

Каментаваць