Зоська Верас: мемуары цягам жыцця

Айчынная бібліятэка мемуарнай літаратуры папоўнілася яшчэ адным надзвычай важным для беларускай гісторыі і культуры выданнем: зборнікам Зоські Верас «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты».



Выданне з’яўляецца працягам публікацый мемуарнай спадчыны Зоські Верас, распачатай выдавецтвам «Гарадзенская бібліятэка» і яе кнігай «Зоська Верас. Я помню ўсё: успаміны, лісты» (2013).

Прэзентацыя зборнікаа Зоські Верас (як і папярэдняга, прысвечанага мемуарнай спадчыне Ларысы Геніюш «Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах») праходзіла на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны і распачалася праглядам відэафільма тэлеканала «Белсат» «Зоська Верас. 1892–1991».

Антаніна Хатэнка распавядае пра фільм аб Зосьцы Верас

Аўтар сцэнарыя да гэтага відэафільма, паэтка, этнакультуролаг Антаніна Хатэнка падкрэслівала: "Перад тым, як я пачала працаваць над гэтым фільмам, пісала сцэнарый да стужкі пра Ларысу Геніюш. І ідучы шляхамі Ларысы Геніюш і Зоські Верас, я зразумела два падыходы да ратавання нашай спадчыны, а ў глыбокім сэнсе — нашай краіны: Беларусі ў сабе і Беларусі вакол".

У размовах з унукам Зоські Верас (Людвікі Антонаўны Сівіцкай-Войцік) Яраславам мы дзівіліся, што ў цяжкія гады выпрабаванняў Зосьцы ўдалося выжыць. І мы ўсе разам прышлі да высновы, што яна не думала, каб ацалець, яна папросту рабіла тое, што лічыла патрэбным: працавала ў выдавецтвах, карміла бяздомных дзяцей, прымала бежанцаў, ратавала параненых у час Першай сусветнай вайны… Усё тое яна рабіла без усялякай думкі, што гэта подзвіг, што гэта ахвяра. Папросту жыла і працавала на карысць людзей, як разумела.

Прысутных шчыра вітаў і Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў, які адзначыў, што надышоў час звяртацца ў адпаведную камісію Мінгарвыканкома з прапановай назваць адну з новых вуліц у сталіцы (а потым у Гродна і Беластоку, дзе таксама жыла і працавала Зоська Верас) яе іменем.

Алег Трусаў вітае выхад кнігі ліставанняў Зоські Верас

Зоська Верас пастаянна запісвала свае ўспаміны пра падзеі беларускай гісторыі, а вось друкаваць іх не спяшаліся. Ні ў дзяржаўных часопісах, ні ў літаратурных выданнях. Часам нешта выдавалася ў беластоцкай «Ніве», бо там было больш творчай свабоды.

Свае каштоўныя ўспаміны яна пачала запісваць у лістах і адсылаць сваім сябрам, знаёмым. Зоська Верас рабіла гэта з упэўненасцю, што яе лісты не знікнуць, а прыйдзе час — знойдуць свайго чытача. Яе намаганнямі створаны эпісталярны летапіс беларускага жыцця вялікай часткі ХХ стагоддзя, бо яна заўсёды была ў гушчыні падзей.

Міхась Скобла цытуе Зоську Верас

Складальнік кнігі «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны лісты»адзначыў, што за сваё амаль стогадовае жыццё, Зоська Верас прычакала выхад толькі адной маленечкай дзіцячай кніжачкі «Каласкі» (1985). Для многіх, хто размаўляў з Зоськай Верас, яна застанецца жывым увасабленнем беларускай гісторыі. Пачуццё абавязку перад легендарнай асобай матэрыялізавалася ў кнізе «Зоська Верас: успаміны, лісты» і новым выданнем «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты».

Складальнік зборніка «Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты» М. Скобла нагадаў любімую прымаўку Зоські Верас «Фальш шкодзіць гісторыі!». З гэтых пазіцый яна ўсё сваё жыццё змагалася з тымі, хто нядобрасумленна выкладаў тыя ці іншыя падзеі беларускага жыцця, асабліва, што тычыцца часоў абвешчання, станаўлення БНР ці творчасці беларускіх літаратараў-класікаў. Спадар Міхась зазначыў напрыканцы прэзентацыі, што з шасцісот старонак выдання абсалютная большасць з іх — лісты Зоські Верас. Але гэтыя лісты і ёсць ўспаміны, дакументы той далёкай эпохі.

Сяргей Панізнік распавядае пра сустрэчы з Зоськай Верас

Каментаваць