«Жоўтая брукаваная дарога» Элы і яе сяброў

Ва ўправе ТБМ імя Францішка Скарыны раскрывалі таямніцы асобы мастака, рэстаўратара, перформера Алеся Пушкіна і спевака Змітра Вайцюшкевіча.



Пушкін і Вайцюшкевіч сталі галоўнымі дзеючымі асобамі кніг, якія пабачылі свет дзякуючы ініцыятыве журналісткі і грамадскай дзеячкі Элы Дзвінскай — «Алесь Пушкін» і «Беларускае слова ад спеву» (У суаўтарстве з П. Северынцам і аўтарам гэтых радкоў). Дарэчы, так шчасліва супала, што сп. Эла ў гэты дзень разам з Алесем Пушкіным таксама адзначала свой 50-гадовы юбілей.

Негледзячы на тое, што героі кніг Дзвінскай выстраіліся ў чаргу перад сваім беніфісам, сябры ТБМ і ўсе, хто ведае журналістку, спачатку павіншавалі яе. Намесніца старшыні ТБМ сп. Алена Анісім, якой на правах гаспадарыні прадставілі першае слова, зазначыла, што Эла Дзвінская не толькі таленавіты публіцыст, але і спагадлівы чалавек, які адгукаецца на боль іншых людзей, заўсёды імкнецца дапамагчы ім. Да таго ж, Эла Дзвінская з’яўляецца актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. У знак прызнання заслуг журналісткі, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў узнагародзіў Дзвінскую ганароваай «Падзякай» за значны ўнёсак у адраджэнне роднай мовы, дапамогу актывістам, якія з розных прычын, маюць патрэбу ў падтрымцы.

Кніга «Алесь Пушкін» выклікала ўвагу прысутных. Госці з цікаўнасцю пазнаёміліся з рознымі бакамі творчага жыцця Алеся Пушкіна, якога ведаюць многія беларусы, бадай, толькі па легендарным пэрформансе з «тачкай гною» ля прэзідэнцкай адміністрацыі. Алесь — асоба неардынарная: ён і манументаліст, і тэатральны мастак, рэстаўратар, і, як нядаўна высветлілася, шчаслівы шукальнік гістарычных рарытэтаў.

У сваім слове Алесь падзякаваў выдаўцам, складальнікам кнігі, журналістам, у тым ліку і карэспандэнту «Новага Часу» Аляксандру Тамковічу, якія ажыццявілі гэты праект.  Мастак распавёў пра тое, як ідзе праца над роспісам спаленай царквы ў яго роднай вёсцы Бобр. А таксама пра акалічнасці знаходкі вельмі рэдкіх дакументаў і графічных замалёвак, якія ён адшукаў падчас рэстаўрацыйных работ у касцёле Дабравешчання Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева, над афармленнем якога ў свой час працаваў вядомы беларускі мастак Фердынанд Рушчыц.

«Усе ўнікальныя дакументы, малюнкі, планы перададзены намі ў Дзяржаўны нацыянальны гістарычны архіў. З гэтымі знаходкамі ўсе зацікаўленыя змогуць пазнаёміцца на адмысловым сайце, які хутка пачне працу. Яго адрас у інтэрнэце: vichneva.by» — дадаў Алесь Пушкін.

Як заўсёды, запамінальным было песеннае вітанне ад Змітра Вайцюшкевіча — добрага кампазітара, які чуйна разбіраецца ў паэзіі, ёсць прафесіянал-выканаўцам. 

Цудоўным завяршаючым акордам творчай вечарыны Элы Дзвінскай і герояў яе кніг, стала выступленне на «біс!» Змітра Вайцюшкевіча. Яго песні «Гітара», «Маці» абуджалі лепшыя пачуцці, зачароўвалі меладычнасцю спеваў і нашай мовы. А самыя гарачыя апладысменты выклікала песня  Вайцюшкевіча «Віцебск-2030», у якой у сатырычным кллючы ўздымаецца праблема обмежаванняў для беларускамоўнай музыкі ў тэле- і радыё-эфіры, на фестывалях і канцэртных пляцоўках.

Фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-09-20 02:14:55
Анатоль, пры чым тут "жоўтая брукаваная дарога"? Здаецца, ў адрозненне ад Элтана хлопцы не хворыя і хваробу не прапагандуюць?
  • Кit
  • 2015-09-20 05:09:53
Ну, калi памятаеце казку , а не толькi песню Элтана, то там была канзаская дзяучынка Элi, якая iшла у чароункю краiну да Гудвiна з сябрамi, што мацавала iх сяброуства, Думаю, казачная аналогiя
зраэумелая: цяжкасцi на шляху да мары пераадольваюцца толькi калi усе мы разам iдзем у адным напрамку, дапамагаем адзiн адному на гэтай жоутай брукаванай дарозе. Ды i паралель Элi-Эла падказвае хаду
думак!
  • Базыль
  • 2015-09-20 12:39:37
Ды і мама назвала сьпевака ня Элтанам, а Рэджаналдам Кэнэтам Дўайтам. Чаму ён стаў Элтанам Джонам і адкуль сам узяў жоўтую брукаваную дарогу яшчэ трэба пашукаць. І чаму Элу Дзьвінскую назвалі Элай?
Мы звыклі браць сусьветны маскульт за першакрыніцу, а ён сам смокча фальклёрныя крыніцы. Песьня "Enter sandman" "Metallica" таксама навеяна яшчэ казкамі Э.Т.А.
Гофмана, а многія тут думаюць, што пясочнага чалавека прыдумаў Хэтфілд.
  • Кіт
  • 2015-09-20 16:40:07
Шаноўны сп.Базыль! Песьню ""Бывай жоўная цагляная дарога" Э.Джона мне, як і многім іншым меляманам, знаёмая з 70-х гадоў. І тады, і цяперака ніхто не сумневаецца, што вобраз
жоўтай брукаванай дарогі ўзяты з казкі "Ф.Баума ""Чараўнік краіны Оз , у якой голоўнай гераіняй з'яўляецца дзяўчынка з Канзаса Дораці.За Саветамі Дораці перарабілі ў Элі а
казку пераназвалі ў ""Чараўніка смарагдавага горада".

Каментаваць