Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Жоўты пясочак» паводле Быкава пакажуць па ўсёй Міншчыне

Цягам трох дзён у кінатэатрах шэрагу райцэнтраў Мінскай вобласці адбудзецца паказ мастацкага фільму «Жоўты пясочак» рэжысёра Аляксея Туровіча паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава.

Фрагмент з фільму «Жоўты пясочак»

Цягам трох дзён у кінатэатрах шэрагу райцэнтраў Мінскай вобласці адбудзецца паказ мастацкага фільму «Жоўты пясочак» рэжысёра Аляксея Туровіча паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава.

Прэзентацыя стужкі, якая расказвае пра расстрэлы «ворагаў народу» ў Курапатах, адбылася 16 верасня ў Мінску. Больш як з двух дзясяткаў сталічных кінатэатраў толькі «Масква» ўключыла фільм у рэпертуарны план, і тое абмежаваўшыся аднымі выходнымі. Усе астатнія ад паказу катэгарычна адмовіліся.

А вось у рэгіёнах адміністрацыі ўстановаў аказаліся больш адважнымі. Сёння «Жоўты пясочак» будзе паказаны ў Маладзечне, Слуцку і Жодзіне. Заўтра да эстафеты далучыцца адразу дзясятак гарадоў — Нарач, Старыя Дарогі, Беразіно, Крупкі, Чэрвень, Нясвіж, Валожын, Дзяржынск, Мар’іна Горка, Барысаў; паўторна пакажуць фільм у Слуцку і Жодзіне. 28 верасня апошні на Міншчыне дзённы сеанс адбудзецца ў Чэрвені.

 

Аднаасобнік Аўтух падпісвае прызнанне, кадр з фільму

Як сказаў “Радыё Свабода” рэжысёр «Жоўтага пясочку» Аляксей Туровіч, яму самому давялося ездзіць па гарадах і асабіста ўгаворваць кіраўнікоў кінатэатраў узяць фільм хоць бы на адзін паказ.

Цяпер Туровіч маецца паспытаць шчасця ў іншых абласцях Беларусі.

Хранаметраж «Жоўтага пясочку» крыху большы за гадзіну, мова герояў — руская.

Падчас мінскай прэм’еры гучалі прапановы зрабіць беларускамоўны дубляж, бо ў цяперашняй версіі фільм папросту не адпавядае гістарычнай праўдзе — цяжка нават уявіць, каб селянін Аўтух ці паэт Гром у жыцці гаварылі па-руску.

 

Асуджаныя на расстрэл, кадр з фільму

Аднак без вонкавай падтрымкі беларуская агучка можа адтэрмінавацца на няпэўны час. Аляксей Туровіч зняў стужку цалкам на свае грошы, дзяржава не ўклалася ні капейкай.

 На апошнім этапе яму нават давялося ўзяць крэдыт больш як на 6 тысяч долараў, каб расплаціцца з гукарэжысёрам. Цяпер штомесяц выплачвае 250 долараў за пазыку.

www.svaboda.org


Каментаваць