Звычайны Валенса

Чвэрць стагоддзя таму ў Польшчы адбылася падзея, якая змяніла мапу Еўропы. У Мінску з гэтай нагоды пасольства Рэспублікі Польшча арганізавала паказ фільма пра чалавека, без якога гэтыя падзеі ніколі б не адбыліся.



Лех Валенса і Анджэй Вайда.


Паказ фільма Анджэя Вайды «Валенса. Чалавек-надзея» прайшоў у кінатэатры «Цэнтральны».

Як сказаў перад паказам пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, 4 чэрвеня 1989 года ў Польшчы адбыліся «першыя пасля Другой сусветнай вайны часткова свабодныя і дэмакратычныя выбары». «У іх выніку ў Польшчы быў сфармаваны першы некамуністычны ўрад. Гэта лічыцца пераломным момантам у працэсе палітычных зменаў не толькі ў Польшчы, але і ва ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. І яны сталі пачаткам трансфармацыі існуючага парадку ў так званых «краінах народнай дэмакратыі», — адзначыў Шарэпка.

Менавіта дзякуючы руху «Салідарнасць» і ягонаму лідару Леху Валенсе сталі магчымымі пераўтварэнні, якія прывялі да краху камунізму ў «сацыялістычным лагеры». Шарэпка працытаваў прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, які ў сваім звароце да палякаў з нагоды 25-й гадавіны першых польскіх выбараў адзначыў, што «4 чэрвеня быў днём перамогі салідарнасці і мужнасці над сумневамі і палітычным сіроцтвам. 4 чэрвеня — гэта пачатак зменаў палітычнага строя ўсяго свету. 4 чэрвеня — гэта зварот надзеі на суверэннасць і дзяржаўнасць краінаў Усходняй Еўропы».

Кажучы пра сам фільм, Шарэпка адзначыў, што Анджэй Вайда «паказвае гісторыю вялікіх пераменаў, якія прайшлі не толькі праз партыйныя сходы і круглыя сталы, але і праз кватэру ў Гданьскім спальным мікрараёне».

«Урываючыся ў прыватнае жыццё аднаго з лідэраў прафсаюзаў ён паказвае ператварэнне звычайнага, засяроджанага на паўсядзённым жыцці чалавека ў харызматычнага лідэра. Гэта расповед пра простага мужа, бацьку, працоўнага, які вызваліў у сэрцах людзей схаваныя мары пра свабоду і справядлівасць. Але фільм распавядае і пра жонку, і пра сям’ю Леха Валенсы, якая магла б жыць звычайным жыццём, але была ўцягнутая ў цэнтр гістарычных падзеяў», — дадаў Шарэпка.

Сапраўды, фільм Вайды грунтуецца на некалькіх «паралельных рэальнасцях». У адной рэальнасці Валенса (яшчэ ў камуністычнай Польшчы) дае інтэрв’ю замежнай журналістцы. Гэтая рэальнасць перацякае ў другую — ўспаміны Валенсы пра тое, як пачыналася «Салідарнасць» і пра ягоныя асабістыя адчуванні і дзеянні ў той момант на фоне сям’і і дзяцей. Трэцяя рэальнасць, — гэта, ўласна, «Салідарнасць», гісторыя яе стварэння і дзеяння праз адчуванні Валенсы.

Фільм варта паглядзець хаця б для таго, каб пераканацца, што «сям’я і дзеці» не могуць быць апраўданнем уласнай баязлівасці і бяздзейнасці: Валенса займаўся палітыкай, калі ў яго было шасцёра дзетак. І дзеля таго, каб даведацца, што для кампрамісаў іншым разам патрэбная не меншая мужнасць, чым для супрацьстаяння.

Хутчэй за ўсё, яго можна будзе глядзець толькі ў прыватным парадку, на розных дысках і іншых носьбітах, а не на вялікім экране ў Расіі і Беларусі. Палітычныя рашэнні тут не пры чым. У фільме паляць усе, хіба што за выключэннем дзяцей і жонкі Валенсы, ды Нобеля на медалі з Валенсавай узнагароды. А ў нас курцы на экране як мінімум не вітаюцца.

Каментаваць