Жыццё і каханне ў жорнах «народнай дэмакратыі»

У мінулым годзе Зміцер Колас выдаў цудоўную кнігу Жо Лангеравай «Калісьці ў Браціславе: Маё жыццё з Оскарам Л.», пераклад са славацкай мовы Паўла Раагі.



На старонках гэтай кнігі прыгожая і разумная жанчына піша пра тое, што ёй давялося перажыць у той Чэхаславакіі, якую ў савецкіх выданнях было прынята называць «народнай дэмакратыяй». Кніга напісаная без надрыву, эпатажу, лозунгаў. Сэрца аўтара — неабыякавае, розум — цвярозы, цела — эратычна-прывабнае. Так успрымаецца кніга, што на радзіме выйшла праз сямнаццаць гадоў пасля смерці яе аўтара.

Беларускі пераклад кнігі Жо Лангеравай не надта прыпазніўся: у Браціславе па-славацку першы раз яна была надрукаваная толькі пяць гадоў таму.

Калі глядзець фармальна, жанр гэтай кнігі можна вызначыць халаднаватым словам «мемуары». Але выдавецкая анатацыя слушна называе кнігу «Калісьці ў Браціславе» аўтабіяграфічным раманам. А ў рамане ў цэнтры ўсяго павінна быць каханне.

Чым яшчэ, як не ўсёабдымным каханнем да свайго мужа, левага інтэлектуала Оскара Лангера, можна патлумачыць тое, што маладая жанчына-габрэйка праз некалькі гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, пражыўшы больш за 10 гадоў з ім у ЗША і збольшага адаптаваўшыся да тамтэйшых варункаў, пагаджаецца разам з мужам і народжанай там жа, у Штатах, дачкой-падлеткам Зузкаю вярнуцца ў край сваіх юначых гадоў? З мужам усё зразумела: ён атрымаў ліст ад высокага партыйнага функцыянера Карла Бацылека… Але свае думкі наконт гэтага ў Жо Лангеравай, бліжэйшыя сваякі якой у вайну сталі ахвярамі халакосту.

Жыццё за акіянам для яе не складалася бясхмарна. Спачатку маладая жанчына паспрабавала сябе ў ролі гандлёвага агента.

Больш паспяховай была праца Жо ў якасці афіцыянткі, бо яна «прыносіла ежу людзям, якія хацелі есці». Але ж яна стала пачувацца і «няшчаснай жонкай», бо канфлікты з мужам, які ніяк не мог знайсці сабе прыстойнай працы, узніклі зусім не на гэтай, а на палітычнай глебе.

У адрозненне ад старэйшага за сябе мужа, Жо Лангерава ўжо тады зразумела, што нешта з «самай перадавой на свеце партыяй» не так.

Толькі вось ідэйны муж гераіні кнігі не здолеў гэтага зразумець або ацаніць і стаў усё больш і больш ад яе аддаляцца. Яна плакала ў бяссіллі, хадзіла на прыём да псіхіятра («псіхіятр параіў мне знайсці каханка») і, урэшце, пагадзілася ехаць з мужам і дачкою ў Чэхаславакію, дзе незадоўга перад тым адбыўся камуністычны пераварот і шмат хто з мужавых сяброў заняў высокія пасады. У прыватнасці, вышэйзгаданы Карл Бацылек зрабіўся ўсёмагутным шэфам дзяржбяспекі. Падрыхтаваны і не занадта малады чытач гэтых радкоў, напэўна, ужо здагадваецца, што магло адбыцца далей…

Оскар Лангер атрымаў высокую пасаду ў міністэрстве эканомікі, неблагі заробак і кватэру.

Натуральна, што эканоміка паспяховай да вайны Чэхаславакіі пачала ў эпоху «народнай дэмакратыі», як кажуць, прабуксоўваць. Натуральна, што камуністычныя ўлады пачалі актыўны пошук вінаватых, на якіх былі адразу начэпленыя блямбы «ворагаў народнай улады». Натуральна, што габрэй Оскар Лангер неўзабаве быў абвешчаны «агентам сіянізму, які быццам бы хацеў збыць сусветнаму габрэйству народную маёмасць». Пра тыя катаванні, якія давялося яму вытрываць у засценках сацыялістычных турмаў, яго жонка, вядома ж, даведалася не адразу. А тады, у 1951 годзе, толькі ў апошні момант смяротнае пакаранне было замененае яе мужу на 22 гады зняволення з поўнай канфіскацыяй маёмасці. У Жо Лангеравай якраз незадоўга перад тым нарадзілася другая дачка Таня, і неўзабаве яе «родным домам» стаў паўразбураны будынак на ўскраіне Браціславы. Праз пэўны час усю сям’ю выселілі ў вёску. І гэта нягледзячы на тое, што Жо не сядзела на месцы, а спрабавала знайсці ратунак у нядаўніх мужавых сяброў, у тым ліку і ў Карла Бацылека.

Лішне казаць, што ўсе яе хаджэнні па інстанцыях, якія часам мелі напраўду дэтэктыўны сюжэт, аказаліся марнымі. Пахаваліся мужавы сябры-камуністы, і толькі звычайныя інтэлігенты дапамагалі яе сям’і хто чым можа.

Зрэшты, не лепш ладзіліся ў Жо Лангеравай кантакты і з тымі, каго прапаганда адносіла да «самага перадавога на свеце класу». Здзіўляешся тонкасці і дакладнасці назіранняў 39-гадовай на той час жанчыны.

…Узгадваю, як яшчэ школьнікам ці то па «Свабодзе», ці то па «Голасе Амерыкі» я некалі слухаў урывак з успамінаў колішняга нямецкага федэральнага канцлера Вілі Бранта пра яго сустрэчу з савецкім правадыром Леанідам Брэжневым. Паводле Бранта, паміж імі адбылася такая жартаўлівая сцэна:

Брант. Ведаеце, спадар генеральны сакратар, чым адрозніваецца сацыялізм ад капіталізму?

Брэжнеў. ???

Брант. Пры капіталізме існуе эксплуатацыя чалавека чалавекам, а пры сацыялізме — наадварот.

Пачуўшы гэта, Брэжнеў, паводле сведчання Бранта, доўга і гучна смяяўся…

Але «жонцы ворага народнай улады» Жо Лангеравай у Чэхаславакіі 50-х гадоў было зусім не да смеху. І яна рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб выжыць і паставіць на ногі дзвюх дачок. Яна рабіла самую розную чорную працу. Урэшце бездакорнае валоданне венгерскай і англійскай мовай дало ёй з часам магчымасць падзарабляць перакладамі, у тым ліку на замову высокіх партыйных інстанцый (натуральна, што афіцыйна работа перакладчыка запісвалася на іншую, нетаўраваную асобу). Неверагодным чынам гераіні кнігі зноў удалося зняць куток у гаспадароў у Браціславе. Тым часам падрослая старэйшая дачка Зузка выявіла надзвычайныя музычныя здольнасці і стала паспяховай спявачкай…

Урэшце, у 1960 годзе Оскар Лангер быў амніставаны, выпушчаны з турмы, але свой імпэт паклаў не на тое, каб падставіць плячо жонцы ва ўмацаванні сямейнага котлішча, а на атрыманне… поўнай рэабілітацыі па партыйнай лініі. Гэтай рэабілітацыі ён, урэшце, дамогся, але рэабілітаваным пражыў зусім нядоўга: перажытае ў жахлівых турмах моцна скараціла ягоны век.

Жо Лангерава, аднак, не ўдае з сябе бездакорнай, бязмоўнай і цягавітай ратавальніцы сям’і. Яна мела свае ўяўленні, якім павінен быць каханы мужчына.

Аўтар кнігі сваім жаночым чуццём адчувае нялюдскасць «рэальнага сацыялізму», чаго, дарэчы, не дадзена некаторым сучасным дамарослым палітолагам нават з доктарскімі ступенямі. На памяць прыходзяць, напрыклад, велізарныя і растыражаваныя опусы ў абарону савецкага тэрарызму мінскага прафесара Льва Крыштаповіча… Дык вось, яшчэ чвэрць стагоддзя таму маленькая славацкая жанчына паставіла бязлітасны дыягназ СССР і яго сістэме:

«Савецкі Саюз стаў высокаразвітой краінай, мужыка выцягнулі з зямлянкі, узровень жыцця вырас да самага нізкага еўрапейскага, у космас запусцілі спутнік, непісьменнасць ліквідавалі ў такіх маштабах, што недавучкі цяпер валодаюць неабмежаванай уладай над душамі сваіх суграмадзян і нават над іх жыццямі. Ліквідавалі голад, і ўсе п’юць. А што тычыцца статусу краіны ў свеце, то ён дасягнуў сваёй вяршыні. Савецкі Саюз стаў імперыялістычным эксплуататарам у роўнай ступені з усімі іншымі звышдзяржавамі — але, што яшчэ горш, замест таго, каб мець дачыненні з адсталымі калоніямі, ён каланізаваў многія ўжо цывілізаваныя і высокаразвітыя краіны, што, напэўна, было яшчэ болей складанай задачай. Ён стаў вытворцам, уладальнікам і пастаўніком самых рафінаваных інструментаў забойства… Водаправодныя краны не працуюць. Трактары ржавеюць без запчастак, затое пра атамныя бомбы добра паклапаціліся…»

Нагадваю, што гэта было напісана яшчэ задоўга да распаду Савецкага Саюза.

Аўтар кнігі «Калісьці ў Браціславе» перажыла на радзіме час так званай «пражскай вясны». Пра гэтую самую «вясну» ў шмат каго з нас склаліся свае стэрэатыпы. Што пра яе, напрыклад, расказвае сёлетняму беларускаму выпускніку беларускай сярэдняй школы дзейны падручнік?

Бяру ў рукі кніжку аўтарства прафесара БДУ Уладзіміра Кошалева «Сусветная гісторыя» 2009 года выдання. Там чорным на белым прапісана:

«У 1968 г. ліберальныя рэформы ў Чэхаславакіі распачаў першы сакратар ЦК Кампартыі А. Дубчак. Спрабуючы паслабіць партыйна-дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця, ён заклікаў да пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Кіраўнікі Камуністычнай партыі і дзяржавы па сутнасці ставілі пытанне аб адмове ад сацыялізму…»

Але Жо Лангерава піша пра гэта як сведка падзей, што называецца, «знутры»: «…Часам мяне нават падхоплівае плынь надзеі, што ахапіла ўвесь народ… Усё ж часцей я адчуваю страх, а не шчасце. Чаму кажуць, што мой муж сядзеў у турме Новатнага? Чаму не ў турме Готвальда або ў турме савецкіх дарадцаў? Дубчак зрабіў кар’еру ў партыі Сталіна і Готвальда, а Новатны ў той час яшчэ нічога з сябе не ўяўляў. Нам патрэбна новая порцыя хлусні, каб пазбыцца старой? Гусак, які цяпер таксама займае бачнае месца ў камандзе Дубчака — гэта стары сталініст і яшчэ большы шавініст. Ён не звярнуў бы ніякай увагі на нявінных ахвяр, калі б сам не быў адной з іх… Бо Дубчак, відавочна, чалавек толькі адносна прыстойны. Я кажу адносна, бо ведаю, што яго фанатычны бацька, які належаў ад старой гвардыі, узяў яго яшчэ дзіцём у Расію, і што сваю кар’еру ён рабіў у якасці партыйнага функцыянера ў часы Сталіна і Новатнага, што ўжо само па сабе кажа пра пэўныя межы прыстойнасці і розуму…»

(Для тых, хто не ведае або забыўся, патлумачу: Карэл Готвальд кіраваў чэхаславацкімі камуністамі да 1953 года, а яго наступнікам быў Антанін Новатны, які да 1967 года займаў і пасаду прэзідэнта ЧССР; на той час Камуністычнай партыяй Чэхаславакіі ўжо кіраваў славак Аляксандр Дубчак).

Баюся, што ў сучаснай Беларусі ўніверсітэцкія прафесары яшчэ доўга будуць карміць студэнтаў і вучняў крыху падфарбаванай версіяй гісторыі паводле падручніка «Гісторыі КПСС».

Аднак вернемся да перыпетый лёсу самой Жо Лангеравай. Ёй, можна сказаць, пашанцавала: у дні, калі ў Браціславу ўвайшлі танкі Савецкага Саюза і яго верных камуністычных хаўруснікаў, яе дачка Зузка знаходзілася на працяглых гастролях у Англіі і Швецыі. Прыхапіўшы з сабою толькі самае неабходнае, Жо Лангерава выехала з Браціславы ў зусім блізкую адтуль Вену. У вэрхале першых дзён савецкай «братняй дапамогі» ёй без вялікіх цяжкасцяў удалося перасячы чэхаславацка-аўстрыйскую мяжу і праз нейкі час назусім пасяліцца ў Швецыі. І толькі ў 2007 годзе славацкія чытачы пачулі ад пачатку да канца гэты «голас з таго свету» (Жо Лангерава памерла ў 1990 годзе). Голас, які не пакіне абыякавым любога, хто возьме ў рукі гэтую кніжку.

Аўтабіяграфічны твор Жо Лангеравай «Калісьці ў Браціславе» пераклаў на беларускую мову малады лінгвіст і перакладчык Павел Раага, ужо вядомы, між іншага, як аўтар выдадзеных у Мінску на беларускай мове «Кароткай граматыкі славацкай мовы» і «Размоўніка-даведніка славацкай мовы». Яшчэ школьнікам Павел быў сярод лаўрэатаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. І вось, захапіўшыся славацкай філалогіяй, прайшоўшы некалькі стажыровак у славацкіх універсітэтах, ён паспрабаваў сваё пяро ў жанры літаратурнага перакладу. Як на мой густ, пераклад атрымаўся зусім не благі: паасобныя хібы не перашкаджаюць цэласнасці ўспрымання гісторыі жыцця і споведзі сэрца Жо Лангеравай.

У сваіх нататках я не здолеў расказаць пра ўсё самае цікавае ў гэтай кнізе (чаго вартыя, напрыклад, старонкі яе дзявочага дзённіка, змешчаныя ў канцы твора!). Раю папросту яе прачытаць, а дзеля гэтага запытацца ў мінскай кнігарні «Ў» (праспект Незалежнасці, 37а), у «Акадэмкнізе» або ў «Кніжным салоне», што на сталічнай вуліцы Калініна. Спадзяюся, што іншыя беларускія кнігарні таксама звернуць увагу на беларускамоўнае выданне, ажыццёўленае з дапамогай Усходнееўрапейскага Цэнтра еўрапейскай дэмакратыі.

Каментаваць