Жыццё механізмаў: эксперыментальная выстава галерэі “Брама”

28 красавіка 2015 года а 18-й гадзіне ў Цэнтры Сучаснага Мастацтва (вул. Някрасава, 3) Аўтарская некамерцыйная канцэптуальная галерэя “БРАМА” Ларысы Фінкельштэйн прадстаўляе выставу “Механізмы: рэфлексіі і метамарфозы”.



Плакат выставы


Нельга было не пацікавіцца ў шматгадовага кіраўніка галерэі, што стаіць за такой “прамысловай” назвай экспазіцыі. Ларыса Давыдаўна прызналася, што да ажыццяўлення праекту ішла даволі працяглы час.

Найперш існавала ідэя прадставіць скульптуру Віктара Копача, якую экспазіцыянерка лічыць адной з самых цікавых з’яваў у сучасным беларускім мастацтве. Яе якасці мастацтвазнаўца вызначае коратка і кампліментарна, адзначаючы “крэатыўнасць пластычнай думкі, своеасаблівасць мастацкай мовы і высокую прафесійную культуру”. Тым больш цікавы вынік, які выяўляецца ў суме гэтых фактараў:  у пераважнай большасці мастак прадстаўляе… сапраўды механізмы, толькі ў новай якасці. Цвёрды матэрыял пераўвасабляецца і пачынае жыць новым, эстэтычным жыццём. Хаця, збольшага, і ў прамысловым мінулым у добра зробленых, дасканалых канструкцый мы часам адчуваем душу. На пару са скульптурай, утвараючы экспазіцыйнае, дадуманае экспазіцыянеркай адзінства, дэманструюцца жывапісныя творы таксама маладога, і таксама вядомага творцы, Івана Семілетава.

У супастаўленні розных творчых асабістасцяў, у дыялогу твораў гледачам прапануюць падумаць над чалавечымі эмоцыямі, якія нараджаюцца ў выніку асэнсавання свайго месца ў свеце, падкрэсленага зададзенай творамі гульнёй сэнсаў.

Парадаксальна, ці не так, калі пра каханне, развагі, цярпенне і нават пакуты нам распавядаюць механізмы? Яны ў нас на вачах пачынаюць новае жыццё,  увасабляюцца ў адухоўленыя персанажы. На адкрыцці выставы будзе месца і эмоцыям, народжаным музыкай: выступіць папулярная група Masque Noir.

Каментаваць