Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

100 гадоў Кастрычніка. Чаму Беларусь трымаецца савецкай спадчыны?

Гульня з савецкімі сэнсамі не такая бяскрыўдная. Яна моцна тармозіць фармаванне беларускай ідэнтычнасці. Беларускасць усё яшчэ раствараецца ў савецкасці. Ва Украіне дэкамунізацыя стала пабочным вынікам украінізацыі, дыстанцыявання ад імперскай спадчыны. Чым хутчэй нешта падобнае адбудзецца ў Беларусі, тым лепш.

Фота: www.bnp.by

Свет адзначае 100-годзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але адзначае па-рознаму. На постсавецкай прасторы ўсе дыскусіі пра гістарычнае значэнне гэтай падзеі закончыліся даўно, яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. 70-гадовы камуністычны эксперымент, у які было ўцягнута каля 40% насельніцтва зямнога шара (з улікам Кітая) даў адмоўны вынік. Той шлях, на які ступіла Расія ў 1917 годзе, завёў нас у гістарычны тупік. І ў 1991 годзе былыя рэспублікі СССР фактычна вярнуліся на тую дарогу, па якой ішло ўсё чалавецтва.

І толькі ў нас гэтыя дыскусіі дасюль не закончыліся. Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе 7 лістапада афіцыйна адзначаецца свята Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Цікава тое, што ў афіцыйным беларускім ідэалагічным канструкце сама ідэя рэвалюцыі ацэньваецца крайне негатыўна. Сам А. Лукашэнка, дзяржаўныя СМІ асуджаюць рэвалюцыі паўсюль. Яны даводзяць, што дзяржаўная ўлада, якая б яна ні была, — рэч сакральная. А рэвалюцыі, майданы — гэта гвалт, хаос. Па БТ увесь час ідуць фільмы, якія паказваюць, да якіх негатыўных наступстваў прывялі рэвалюцыі ў тых краінах, дзе яны адбыліся. А вось да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая па сваім сацыяльным наступствам была самай радыкальнай у сусветнай гісторыі, стаўленне абсалютна пазітыўнае.

Беларускі рэжым — самы прасавецкі на прасторы былога СССР. Тут захаваліся не толькі савецкія назвы вуліц, станцый метро, помнікі, але і афіцыйныя дзяржаўныя сімвалы.

У гэта цяжка паверыць, але ў афіцыйнай ідэалогіі акт нараджэння незалежнай Беларусі трактуецца як няшчасце. А. Лукашэнка сцвярджае, што «распад Савецкага Саюза стаў геапалітычнай трагедыяй ХХ стагоддзя», «катастрофай». На ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці Беларусі ў 1998 годзе,  кіраўнік дзяржавы казаў: «Сёння толькі палітычна сляпыя нацыяналісты, ды тыя, хто не хоча бачыць і разумець, могуць казаць пра нейкія выгоды, якія набылі народы былога СССР у выніку штучнага развалу вялікай, магутнай і роднай для ўсіх нас дзяржавы» (Звязда, 08.07.1998 г.).

Чым тлумачыцца такі дзіўны феномен? Чаму Беларусь захоўваецца як савецкі запаведнік? Тут ёсць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя прычыны.

Справа ў тым, што Беларусь у СССР была як бы вітрынай сацыялізму. Індустрыяльная рэвалюцыя ў рэспубліцы адбылася ў 1950–1970-я гады і прывяла да прыкметнага павышэння ўзроўню дабрабыту беларусаў. Гэта быў перыяд масавага перасялення сельскіх жыхароў у гарады, далучэння іх да гарадской культуры, да больш высокіх спажывецкіх стандартаў. Таму гэтыя гады ў жыцці беларускага соцыуму ўспрымаліся беларусамі як найлепшыя ў іх жыцці, а зусім не як час таталітарызму і застою.

То бок да пачатку гарбачоўскай Перабудовы грамадства БССР, у адрозненне ад іншых камуністычных краін і рэгіёнаў СССР, не саспела для рэформаў і апынулася «антыперастроечнай Вандэяй». Як большасць насельніцтва, так і кіруючая эліты не хацелі краху савецкага ладу і распаду СССР, усяляк супраціўляліся пераменам.

Гэтую сітуацыю вельмі эфектыўна выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Ён паабяцаў беларусам вярнуць іх назад, у СССР, і атрымаў падтрымку большасці.

Таму фармаванне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі адбывалася на ідэалагічнай аснове чырвонага рэваншу, ідэі аднаўлення СССР. Савецкая спадчына стала і прапагандысцкім абгрунтаваннем, і прыкладам для фарміравання дыктатарскага рэжыму. Пераломнай мяжой у гэтым руху назад стаў майскі рэферэндум 1995 года, вярнуўшы злёгку змененую савецкую дзяржаўную сімволіку. «Нам навязваюць, каб мы забыліся ўсё вялікае, што зрабілі Ленін і Сталін, а бо гэта — сімвалы нашага народа», — заявіў беларускі лідар. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што для яго ўзорам дзяржаўнага ладу з'яўляецца СССР, з цеплынёй узгадваў аб кіруючай ролі КПСС: «Як бы мы ні вярцелі, ні круцілі, але ў лепшыя свае гады Камуністычная партыя выконвала вельмі сур'ёзныя функцыі ў нашым грамадстве». Паводле яго слоў, пры партыі ўсё было: і стабільнасць, і прадукты, і вера ў заўтра.

Цалкам лагічна, што кіраўнік Беларусі аднавіў найбольш істотныя элементы савецкай сістэмы: адміністрацыйную піраміду, безуладныя саветы народных дэпутатаў, стаўленне да права, ролю спецслужбаў, адзяржаўленне прафсаюзаў, аналаг камсамола — БРСМ і інш.

Важным чыннікам настальгіі па савецкаму ладу стаў курс на інтэграцыю з Расіяй, якую кіраўнік Беларусі аб'явіў крокам па рэанімацыі Савецкага Саюзу. Менавіта на гэтай ідэалагічнай глебе чырвонага рэваншу Лукашэнка марыў і разлічваў захапіць крамлёўскі пасад. Таму ён увесь час паўтараў, што распад СССР — гэта трагедыя, якую неабходна пераадолець.

Пасля падпісання дакумента аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі 2 красавіка 1996 г. беларускі кіраўнік заявіў, што дамова «выпраўляе памылку, зробленую ў 1991 годзе».

Выступаючы перад ветэранамі з нагоды Дня Перамогі, Лукашэнка казаў: «Мы вярнулі вам дзяржаўны сцяг краіны, за якую вы ваявалі ... Прабачце нам, што мы пакуль не змаглі вярнуць вам вашу і нашу агульную Айчыну ў шырокім і глыбокім сэнсе гэтага слова. Але я перакананы, што гэта нам пад сілу. Мы гэта зробім».

А самым галоўным перыядам беларускай гісторыі абвешчаная Вялікая Айчынная вайна. Перамога ў гэтай вайне з'яўляецца ледзь ці не адзінай гістарычнай падзеяй, якую можна разглядаць у нейкай меры як поспех савецкага грамадскага ладу. Таму ў Беларусі так урачыста святкуецца Дзень Перамогі.

Зразумела, што такая апеляцыя да мінулага немагчымая без ідэалізацыі савецкай гісторыі. Паколькі тэма сталінскіх рэпрэсій разбурае створаныя ў камуністычны час міфы, то ўзяты курс на яе замоўчванне. Беларусь з’яўляецца адзінай постсавецкай краінай, у якой афіцыйна сталінскі тэрор практычна не прызнаецца.

У іншых дзяржавах, што ўзніклі пасля распаду СССР, створаныя адпаведныя мемарыялы, адзначаюцца Дні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Нават у пуцінскай Расіі, дзе ўжо пачалі будаваць помнікі Сталіну, Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій афіцыйна адзначаецца 30 кастрычніка. Расійскі прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця мемарыялу «Сцяна смутку» ў Маскве.

У Беларусі няма ніводнага афіцыйнага помніка ахвярам савецкіх масавых рэпрэсій 20–50-х гадоў мінулага стагоддзя. Затое ёсць помнікі супрацоўнікам НКУС.

Пры Лукашэнку быў цалкам зачынены архіў КДБ, усе справы аб страшнай трагедыі 30–50-х гадоў зноў засакрэчаныя. У школьных падручніках сталінскія рэпрэсіі былі прадстаўлены як неабходная мера абароны савецкай улады ў той гістарычны перыяд. Затое школьнікаў возяць на аўтобусах на «Лінію Сталіна». Не толькі не хаваецца, а настойліва выпінаецца гістарычная пераемнасць цяперашніх беларускіх органаў дзяржбяспекі з іх злавеснымі папярэднікамі. Міністр МУС Ігар Шуневіч на свята апранае форму камісара НКУС.

Беларускія ўлады так да гэтага часу цалкам не прызналі Курапаты ў якасці мемарыяла ахвярам сталінскага тэрору. Яго наведваюць дэлегацыі розных краін, якія прыязджаюць у Беларусь, замежныя дыпламаты. А кіраўнік Беларусі ні разу там не пабываў. Вельмі знамянальным і адначасова парадаксальным з’яўляецца той факт, што адзіны мемарыяльны знак тут усталяваў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.

Улады нібыта пагадзіліся прызнаць Курапаты мемарыялам ахвяр палітычных рэпрэсій, усталяваць там нейкі помнік ці памятны знак. Але тут адначасова адбываецца падмена ідэйнага, сімвалічнага зместу мемарыялу. Лукашэнка, разважаючы на гэтую тэму, казаў: «Яны лічаць, што Сталін там расстрэльваў, іншыя кажуць, што і фашысты там людзей расстрэльвалі ... Я мяркую, якая розніца, хто там каго расстрэльваў...»

Міністэрства культуры ў загадзе № 69 ад 24 сакавіка 2017 года, якім зацверджана палажэнне аб конкурсе эскізных праектаў памятнага знака «Курапаты», канстатавала, што ён павінен увекавечыць памяць «усіх бязвінных ахвяр ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі». Інакш кажучы, ідэя ўладаў палягае ў тым, каб размыць, растварыць злачынствы сталінізму, схаваць іх у агульным шэрагу ўсіх нявінных ахвяр ХХ стагоддзя. І, дарэчы, аб самім конкурсе неяк забыліся, пра яго нічога не чуваць.

Але час ідзе, чым далей, тым больш настальгія па СССР у масавай свядомасці знікае. Апеляцыя да савецкай спадчыны ўжо не дае Лукашэнку палітычных дывідэндаў. У выніку шмат гадоў улады фактычна ніяк не святкавалі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі на дзяржаўным узроўні. Савецкія сімвалы захоўваюцца хутчэй па інерцыі.

Але гульня з савецкімі сэнсамі не такая бяскрыўдная. Бо яна моцна тармозіць фармаванне беларускай ідэнтычнасці. Беларускасць усё яшчэ раствараецца ў савецкасці, не можа адтуль вылучыцца, аддзяліцца. Не выпадкова ва Украіне дэкамунізацыя, разрыў з савецкім мінулым, разбурэнне помнікаў Леніну сталі пабочным вынікам працэсу ўкраінізацыі, дыстанцыявання ад імперскай спадчыны. І чым хутчэй нешта падобнае адбудзецца ў Беларусі, тым лепш.

 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-11-07 01:29:47
Многа лухты. Спасылка на нейкае выказванне 1998 г. у 2017 г. наўрад ці дарэчная: Беларусь НЕ захоўваецца як савецкі запаведнік. Больш падрабязна: http://belisrael.info/?p=5383 http://belisrael.info/?p=13149
  • Семён
  • 2017-11-08 17:25:23
Интересно - по сколько платили этим Клоунам за этот Цирк ?, В 1980 За поход на демонстрацию 1 мая и 7 ноября - завод платил по 10 рублей и давали один Отгул !. А этим *голодающим* - по сколько заплатил Зюганов ?! И интересно - сколько сэкономили и положили себе в карман сами организаторы этой Провокационной Тусовки ?!. За любые суммы полученные из за границы - Граждане Беларуси должны платить налог ! А эти деятели - заплатили этот самый налог ?! Ведь сумма на этот Цирк - скорее всего была очень не маленькой !. Налоговая Инспекция у нас работает - или как ?!

Каментаваць