15 гадоў таму была ліквідавана газета «Свабода»

15 гадоў таму ўпершыню падчас прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі была зачыненая незалежная газета — «Свабода». Яе рэдактарам быў дэпутат Вярхоўнага Савету Ігар Гермянчук. Адпаведнае рашэнне прыняў Вышэйшы гаспадарчы суд 24 лістапада 1997 года. Чаму ўлады зачынілі папулярную, грамадска-палітычную газету?



Помнік на магіле Ігара Гермянчука


Цягам амаль сямі гадоў свайго існавання газета «Свабода» зазнавала ціск з боку ўладаў. То яе забаранялі друкаваць у дзяржаўных друкарнях і распаўсюджваць, то арыштоўвалі рахунак, то распачыналі судовыя справы. Аднак толькі пры Аляксандру Лукашэнку газету зачынілі. Фармальнай падставай стаў шэраг папярэджанняў ад дзяржаўнага камітэту па друку. Вышэйшы гаспадарчы суд разглядаў справу ўсяго 15 хвілін. Выдавец газеты Павал Жук мяркуе, што гэтым улады меркавалі зачыніць альтэрнатыўную крыніцу інфармацыі:

«Па сутнасці, гэта была крыніца, якая давала інфармацыю самых блізкіх кругоў да ўлады. Рэдактар Гермянчук быў дэпутатам сябрам апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Да яго звярталіся ўсе чыноўнікі, усе пакрыўджаныя рэжымам Лукашэнкі. Таму там праходзіла даволі многа інфармацыі, якая была абсалютна не выгадная кіроўнай групоўцы. І таму гэта было зачынена. Зачынена беспадстаўна. Суддзя Гаспадарчага суда Клімянкова пасля гэтага рэзка пайшла на падвышэнне».

За некалькі дзён да суду газеце накіравалі адразу ажно два «папярэджанні аб парушэнні закону». Да прыкладу, адно з іх было вынесена за артыкул «Дзяды ў Мінску», дзе чыноўнікі ўбачылі правядзенне паралелі паміж падзеямі 1937 года і нашага часу. Маўляў, артыкул быў накіраваны на запужванне грамадзян Беларусі «рэпрэсіямі». Якія ж насамрэч прычыны закрыцця «Свабоды»? Павел Жук адзначае:

«Лукашэнка паступова прывучаў грамадства, што ў яго можна паступова забіраць дасягненні дэмакратыі. Мы заўсёды былі першыя. Пасля «Свабоды» былі яшчэ чатыры газеты, якія зачынілі».

«Свабода» была агульнанацыянальнай газетай, яе наклад дасягаў да 85-ці тысячаў экзэмпляраў, адзначае журналіст Віктар Валадашчук:

«Газета падымала злабадзённыя тэмы, якія і сталі падставай, каб спыніць яе існаванне. Калі пішам пра тое, што не падабаецца чыноўнікам, ці пра тое, пра што яны баяцца каб даведваліся людзі,яны і робяць намаганні, каб спыніць гэту інфармацыйную пляцоўку. Газета мела свой твар. Яна падымала тыя тэмы, якія не здолелі зрабіць іншыя газеты. Людзі маюць рацыю, калі называюць „Свабоду“ легендарнай».

Паводле журналіста Аляксандра Старыкевіча, улады зачынілі газету «Свабода», бо яна была культавай газетай:

«Лукашэнка разумеў, што і газета, і яе рэдактар Ігар Гермянчук гэта тыя, хто не спыніцца. Іх як тую Пагоню — не разбіць, не спыніць, не стрымаць. І таму газету вырашылі зліквідаваць знайшоўшы для гэтага ўмоўна юрыдычную нагоду. Проста гэта быў такі свядомы акт разрабіцця сімвала беларускай незалежнай прэсы».

За гэтыя 15 гадоў ці памянялася стаўленне ўлады да незалежных медыяў?

«Ні ў якім разе. Працягваюць ціснуць на незалежныя СМІ. У рознай ступені ў залежнасці ад розных перыядаў. Аднак я не думаю, што ў гэтай улады будзе калі-небудзь нармальнае стаўленне і паразуменне з незалежнымі СМІ».

Арыгінал артыкула: http://www.svaboda.org/content/article/24779994.html

Каментаваць