1968: «Пражская вясна» і камуністычная Беларусь

Увод войскаў у Чэхаславакію дзеля абароны «заваёваў сацыялізму» горача вітаўся насельніцтвам Беларусі. Дзяржаўная прапаганда працавала як мае быць. Лісты працоўных, ветэранаў, выступы журналістаў. Нават Сямён Шарэцкі праявіў сябе як «эксперт па пражскіх падзеях». Але былі і смельчакі, якія выступілі супраць...

Варшаўскі дагавор. Савецкі агітацыйны плакат часоў БССР. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

21 жніўня 1968 года жыхары Беларускай ССР даведаліся пра тое, што нібыта дзяржаўныя і партыйныя дзеячы Чэхаславакіі звярнуліся да краін-членаў Варшаўскага дагавора з просьбай аб дапамозе абароны сацыялізму, у тым ліку і ўзброенымі сіламі. У выніку воінскія часткі сацыялістычных краін (Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, СССР) уступілі ў Чэхаславакію — «ва ўсе вобласці і гарады», у тым ліку ў Прагу і Брасціславу.

Улады БССР запэўнівалі насельніцтва, што рашэнне аб уводзе войскаў быццам бы знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з правам дзяржаў на індывідуальную і калектыўную самаабарону, прадугледжаным у саюзніцкіх дагаварах, заключаных паміж «брацкімі сацыялістычнымі краінамі».

Савецкія СМІ па-фарысейску сцвярджалі, што воінскія падраздзяленні СССР разам з кантынгентам саюзных сацыялістычных краінаў будуць неадкладна выведзены з ЧССР, як толькі пагроза заваёвам сацыялізму, якая ўзнікла, будзе ліквідавана.

Камуністычная прапаганда абрынулася з разгромнай крытыкай на «антысацыялістычныя элементы» ў Чэхаславакіі, якія арганізуюць правакацыйныя выступленні на вуліцах, раскідваюць паклёпніцкія ўлёткі і ажыццяўляюць палітыку імперыялістычных колаў. Да таго ж, падпольныя радыёстанцыі, як сцвярджала савецкая агітацыя, перадавалі заявы, якія заклікалі Чэхаславакію да выхаду з Варшаўскага дагавора, да авяшчэння ЧССР нейтральнай дзяржавай.

Неўзабаве ўслед рушыў зварот урадаў (Саветаў Міністраў) Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы і СССР да грамадзянаў ЧССР — «братоў чэхаў і славакаў». У звароце сцвярджалася, што ў складанай міжнароднай сітуацыі контррэвалюцыянеры, кіруючыся агрэсіўнымі дзеяннямі амерыканскага імперыялізму і рэваншысцкіх колаў ФРГ, імкнуліся «вырваць» Чэхаславакію з садружнасці сацыялістычных дзяржаў. 

Што такое «пражская вясна»?

Гэта — умоўная назва істотных карэктыровак палітыкі (рыначныя элементы ў эканоміцы, паслабленне манаполіі камуністаў, свабода прэсы, самастойнасць у знешніх адносінах і інш.) чэхаславацкага кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Дубчакам у маі 1968 года. Галоўную мэту «пражскай вясны» Дубчак і ягонае атачэнне бачылі ў «наданні новага аблічча сацыялістычнаму развіццю з апорай на творчае марксісцкае мысленне». У СССР гэта была расцэнена вельмі негатыўна. Аднак найбольшыя асцярогі выказвалі кіраўнікі Польшчы і ГДР, якія баяліся таго, што зараза «пражскай вясны» пракрадзецца і да іх. Лідар ГДР Вальтар Ульбрыхт распачаў інтэнсіўныя перамовы з Брэжневым наконт ваеннага ўмяшальніцтва ў ЧССР. Аднак савецкі кіраўнік да апошняга моманту імкнуўся пазбегнуць такога фіналу і ў сваёй прыязнай незласлівавай манеры спрабаваў абразуміць Дубчака: «Саша, осмотрись, что происходит, что делается за твоей спиной? Нам непонятно, почему средства пропаганды до сих пор не в ваших руках? Если вам нужна помощь, то мы у каждого нашего человека возьмем по сто грамм мяса, отдадим вам, и никто этого не почувствует».

Аднак «пражская вясна» ўсё больш набывала ўласную інэрцыю і ў перспектыве магла зрушыць уладу камуністаў. Дзеячы «пражскай вясны» афіцыйна не атрымалі падтрымкі Захаду. Яшчэ ў ліпені 1968 года дзяржсакратар ЗША Раск заяўляў, што «мы пэўна не жадаем быць якім-небудзь чынам залучанымі ў тыя падзеі, гэта справа чэхаў і іншых краінаў Варшаўскага дагавора». 

«Адзінства і згуртаванасць»

Пасля пражскіх падзей моцная прапагандысцкая машына рэспублікі была кінута на тое, каб даказаць насельніцтву і грамадскасці неабходнасць агрэсіі. Ужо 23 жніўня 1968 года ў Мінску адбыўся сход актыва абласной партыйнай арганізацыі. З дакладам выступіў сакратар ЦК КПБ Фёдар Сурганаў. Сход аднадушна падтрымаў увод войск сацыялістычных краін у ЧССР і выказаў задаволенасць захадамі, накіраванымі на рашучую барацьбу за справу сацыялізму ў Чэхаславакіі. Такія ж сходы адбыліся ў Віцебску, а таксама ў брэсцкім Доме палітычнай адукацыі.

Працоўныя Мінскага гадзінікавага завода рашуча асудзілі рэваншысцкія колы Захаду і іх намеры падарваць ЧССР. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень, 1968 года

У Нацыянальным архіве захаваўся ліст камуніста Піменава ў ЦК КПСС і ЦК КПБ аб неабходнасці адраджэння Камуністычнага інтэрнацыянала ў сувязі з пражскімі падзеямі.

Да прапаганды была падключана інтэлегенцыя. Адзін з першых на старонках прэсы выступіў сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Мікалай Ткачоў — былы партызан, баец дыверсійна-падрыўнога атрада. Ткачоў адзначаў наступнае: «Сегодня странами социализма чехословацкому народу оказана действенная помощь. Контрреволюционным силам не удастся использовать процесс демократизации в чехословацком обществе в своих черных целях. Чехословакия сама, опираясь на помощь своих настоящих друзей из социалистического содружества, преодолевая трудности, пойдёт вперёд в свой завтрашний, лучший день! Пойдёт, ибо мы, ей, своей сестре, помогаем в этом».

«Правильным шагом» назваў сацыялістычную агрэсію супраць ЧССР знакаміты беларускі дзеяч, дыпламат, член беларускай дэлегацыі ў Сан-Францыска ў 1945 годзе Фрол Шмыгаў (на момант задушэння «пражскай вясны» — рэктар Мінскага педагагічнага інстытута замежных моваў): «Мы, советские люди, горячо поддерживаем это мероприятие, направленное против происков империалистов. Разобьём их коварные замыслы, правое дело строительства социализма в Чехословакии восторжествует».

Палітінфармацыя на Мінскім радыёзаводзе, прысвечаная чэхаславацкім падзеям 1968 года. Крыніца: Звязда, жнівень 1968 года.

Распаўсюджанай з’явай сталі лісты працоўных буйных прадпрыемстваў рэспублікі. Вось што пісаў токар МАЗа Шумскі: «Мы, автозаводцы, единодушно одобряем решение СССР и других социалистических стран об оказании братскому чехословацкому народу помощи, включая помощь вооружёнными силам». Газеты надрукавалі амаль аднолькавыя па змесце лісты слесара-зборшчыка Віцебскага станкабудаўнічага завода імя Камінтэрна Багданава, старшага майстра ткацкага цэха Гродзенскага тонкасуконнага камбіната Куляшова і інш. 

Дактрына Брэжнева ў дзеянні


Па-іншаму яе яшчэ называюць дактрынай абмежаванага суверэнітэту. Яна прадугледжвала ўмяшанне краін сацыялістычнай садружнасці ў справы той дзяржавы, дзе мелася непасрэдная пагроза камуністычнаму рэжыму. Вось што пісаў Брэжнеў аднаму з дзеячаў ЧССР Здэрэку Млынаржу: «Вы творите в своей внутренней политике всё, что заблагорассудится, не слушаете добрых советов. А между тем вашу страну освободил советский солдат. Ваши границы — это и наши границы. Именем павших в войне, которые погибли и за вашу свободу, мы вправе послать к вам свои войска, чтобы чувствовать себя в наших общих границах в полной безопасности. Угрожает вам кто-то или нет — не имеет значения, это дело принципа, от внешних обстоятельств оно не зависит. Так повелось со времен Второй мировой войны, и так будет на вечные времена».

Дактрына Брэжнева ў дзеянні. Савецкі агітацыйны плакат часоў БССР. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Дактрына Брэжнева ў дзеянні. Савецкі агітацыйны плакат часоў БССР. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Беларуская савецкая прэса арганізавала шмат лістоў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — непасрэдных удзельнікаў вызвалення Чэхаславакіі ад гітлераўцаў: Савелаў (маёр у адстаўцы, персанальны пенсіянер, 146-я артылерыйская брыгада), Шабалюк (працоўны саўгаса «Брэсцкі», 320-ы полк 7-й асобай супрацьтанкавай брыгады) і інш.

Будзьце пільныя!

Пад такім дэвізам 27 жніўня 1968 года ў Мінску адбыўся сход сталічных журналістаў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі выдавецтва «Ураджай», газет «Советская Белоруссия» і «Чырвоная змена», а таксама Беларускага радыё. Журналісцкі сход аднадушна прыняў рэзалюцыю, у якой канстатавалася, што па планах імперыялізму ў брацкай Чэхаславакіі нанесены «сакрушальны ўдар». Рэзалюцыя асудзіла «рэнегатаў» — шэраг чэхаславацкіх журналістаў, якія «перабеглі на бок рэакцыі».

Спецыяльны сход журналістаў у Мінску аднадушна адобрыў сацыялістычную агрэсію ў Чэхаславакію. Крыніца: Звязда, жнівень 1968 года

Спецыяльны сход журналістаў у Мінску аднадушна адобрыў сацыялістычную агрэсію ў Чэхаславакію. Крыніца: Звязда, жнівень 1968 года

Сход заявіў, што ў гібелі савецкіх журналістаў Карла Няпомняшчага і Аляксандра Зварыкіна вінавата «подлая рука рэакцыі» (сёння вядома, што верталёт з савецкімі журналістамі і прапагандысцкай літаратурай, якія разбіўся ў ЧССР 24 жніўня 1968 года, меў тэхнічную няспраўнасць).

А таксама … Сямён Шарэцкі

Шмат хто і дагэтуль памятае старшыню апошняга беларускага Вярхоўнага Савета 13-га склікання (1996 год) Сямёна Георгіевіча Шарэцкага, які так і не здолеў супрацьстаяць націску Лукашэнкі і абараніць дэмакратыю. А ў тым незабыўным 1968-м Шарэцкі займаў пасаду старшыні калгаса «Зорка» Навагрудскага раёна. Старшыня альбо сам, альбо па разнарадцы на старонках «Советской Белоруссии» выступіў «экспертам» па пражскіх падзеях. Прыгадаўшы пра тое, што быў у Чэхаславакіі тры гады таму і ўбачыўшы, як «с огромным интересом и радостью воспринимали чехословацкие крестьяне живое слово о жизни в нашей стране, о великой победе колхозного строя», Шарэцкі пісаў: «Необходимо дружно выступить на защиту завоеваний социализма в ЧССР. Все, кому дороги всемирно-исторические завоевания Октября, у кого на знамени написано заветное слово “коммунизм”, не останется равнодушным к проискам реакции».

Строга сакрэтна!

Дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва Беларускай ССР пільна сачыла за настроямі насельніцтва падчас драматычных жнівеньскіх падзей 1968 года. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваўся адпаведны пласт дакументаў.

У цэлым можна канстатаваць адабрэнне большасцю насельніцтва рэспублікі агрэсіі супраць Чэхаславакіі. Канешне, сваю справу рабіла прапаганда, аднак у памяці людзей яшчэ жылі жахі Вялікай Айчыннай вайны. Нездарма партыйныя і сілавыя органы фіксавалі «повышенный спрос на товары первой необходимости (сахар, соль, спички и др.) в некоторых районах Брестской, Гродненской, Витебской и Минской областях». Таксама адзначалася, што ў шэрагу раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцях, «наблюдается приток покупателей из Украины».

Працоўныя Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава вітаюць увод савецкіх танкаў у Прагу. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень, 1968 года

Працоўныя Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава вітаюць увод савецкіх танкаў у Прагу. Крыніца: Советская Белоруссия, жнівень, 1968 года

Жыхары Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей таксама нерваваліся з-за частковай мабілізацыі вайскоцаў запасу.

Працоўная Гомельскай люстэркавай фабрыкі Шаўчэнка на паседжанні парткама справіла сапраўдны скандал: «В Чехословакии идёт настоящая война. Там мой сын, наших бьют, а вы скрываете это».

Таму яны свята верылі, што ўвод войск у Прагу жыццёва неабходны дзеля захавання міру. 26 жніўня 1968 года сакратар ЦК КПБ Сурганаў дакладваў, што 22 вайскоўца Беларускай ваеннай акругі (БВА) падалі рапарты аб накіравані іх у ЧССР. Па сакрэтных звестках, «сообщения ТАСС о гибели в ЧССР советских военнослужащих оставляют глубокий след в сознании белорусских воинов».

Пытанні, пытанні

Штатныя прапагандысты пры абмеркаванні пражскіх падзей пры сустрэчах з насельніствам атрымоўвалі шмат пытанняў. Лісты з пытаннямі ішлі ў дзяржаўныя і партыйныя органы. Яны тычыліся пагрозы новай вайны, ахвяраў з боку савецкіх войск падчас пражскіх падзей, лёсу Дубчака і іншых дзеячаў «пражскай вясны», пазіцыі ААН, Румыніі, Албаніі, Югаславіі. Улічваючы тагачасныя савецка-кітайскія адносіны, мелі месца пытанні наконт Мао Цзэдуна.

І ўсё ж не ўсе згодныя!

Той жа Сурганаў 26 жніўня адзначаў: «В целом в республике обстановка нормальная, здоровая. Антисоветские высказывания носят единичный характер, в основном осуществляются лицами, ранее себя скомпрометировавшими, судимыми, бывшими немецкими прислужниками».

Так, 24 жніўня 1968 года, па звестках спецорганаў, «на адреса восьми жителей Минска по почте направлены анонимные записки, которые содержат злобную клевету на руководителей партии и правительства и призыв к советским людям выступить с требованием о выводе советских войск из Чехословакии. Листовки исполнены от руки карандашом под копирку на половине листа ученической тетради печатными и рукописными буквами».

Архіўныя дакументы захавалі і імёны смельчакоў. Інжынер па тэхніцы бяспекі перасоўнай механізаванай калоны №1 Галоўнага ўпраўлення энергетыкі і электрыфікацыі пры Саўміне БССР Грынберг: «Придумали Ленина и молятся на него как на дьявола. Лезем, куда не надо, а сами как живем!? Я хотел бы жить так, как живут безработные в Америке». Працоўны Вілейскай фабрыкі Пірожнікаў: «Мы нарушаем демократию, вмешиваясь в дела других стран. Пусть чехословацкий народ сам решает свои дела». Радавы вайсковец БВА Акулаў: «Куда мне ехать, что я буду наводить порядок в Чехословакии, зачем она мне нужна, когда в моём доме не все в порядке».

Новае ярмо

Пасля задушэння «пражскай вясны» ліха Чэхаславакіі, на жаль, не скончылася. 16 кастрычніка 1968 года ЧССР была вымушана заключыць дагавор з СССР аб умовах часовага знаходжання на яе тэрыторыі Узброеных Сіл Савецкага Саюза. Паводле дагавора, савецкія войскі пакідаліся для абароны сацыялізму ў ЧССР ад рэваншысцкіх памкненняў заходнегерманскіх колаў, між іншым як войскі іншых сацыялістычных краін выводзіліся.

«Это единственно правильное решение. В нём мы видим новое явление пролетарского интернационализма, могучий удар по антисоциалистическим силам, грозное предупреждение реакции», — з упэўненасцю казаў старшыня калгаса імя Жданава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці таварыш Серадзюк.

Выратавання ад камуністычнай навалы Чэхаславакія мусіла чакаць яшчэ дваццаць год…


Чытайце таксама: «Успаміны пра будучыню праз 50 гадоў»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-08-21 11:24:43
Артыкул вельмі цікавы, дзякуй! Праўда, якасць некаторых фотак пакідае жадаць лепшага.
Я б яшчэ ўспомніў Анатоля Сідарэвіча (1948 г. нар.), які адкрыта выказваўся супраць савецкіх танкаў у Чэхаславакіі, за што і пацярпеў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-08-21 13:08:13
Тым для каго сапраўды цікавы падзеі ў Чэхаславакіі 1968 года прапаную знайсці ў інтэрнэце кнігу (яна невялічкая) К СОБЫТИЯМ В ЧЕХОСЛОВАКИИ. Некалі (во, блін, 50 гадоў таму!) я купіў яе ў кнігарні на Трактарным у Мінску. Прынёс у тэхнікум (МАМТ) і на занятках па обществоведению настаўніца (габрэйка) адабрала яе ў мяне (з маёй згоды), дала грошы за кнігу і пасля заняткаў я купіў новую кнігу тамака ж на вуліцы Кашавога на Трактарным.
Ну а каго цікавіць бел-чырвона-белая прапаганда чытайце бел-чырвона-белага навукоўцу Аляксандра Кур’яновіча.

Каментаваць