20 гадоў сапсаванага свята

10 ліпеня 1994 года малавядомы дэпутат Аляксандр Лукашэнка ў другім туры перамог прэм'ера Вячаслава Кебіча. Гэта былі першыя і пакуль апошнія свабодныя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.



Пра тое, што Лукашэнка перамагае, я даведалася амаль уначы, развітаўшыся з гасцямі і ўключыўшы тэлевізар. 10 ліпеня 1994 года мне споўнілася 26 гадоў. І вось 20 гадоў запар гэты дзень для мяне — сапсаванае свята. Не глабальна, канешне, але ўсё ж.

Я не галасавала ў другім туры, у першым аддала свой голас за Пазьняка і толькі таму, што лепшага ў спісе не было. Лепшым мог быць Генадзь Карпенка, але дзякуючы намаганням дэмакратычных дэпутатаў, якія адклікалі свае подпісы за Карпенку, яго ў спісе не было…

Ці мог Генадзь Дзмітрыевіч стаць першым прэзідэнтам незалежнай Беларусі? Безумоўна, мог. На той час ён быў такой жа “темной лошадкой”, як і Лукашэнка. А яшчэ ў яго была харызма, каманда, падтрымка бізнэсу і сапраўды пазітыўны вопыт працы ў Маладзечне.

Карпенка ўзначаліў Маладзечанскі гарвыканкам у 1992 годзе і за два гады зладзіў у горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны і тэатральны фестывалі, стварыў футбольны клуб, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадскую тапанімію.

Упэўнена, шмат хто аддаў бы перавагу менавіта Карпенку (ні Кебічу, ні Шушкевічу, ні Пазьняку, пра іншых нават не кажу) у першым туры выбараў. І тады 10 ліпеня 1994 года за ганаровае пра стаць першым прэзідэнтам незалежнай Беларусі змагаліся б доктар навук, кіраўнік аднаго з буйнейшых гарадоў Мінскай вобласці Генадзь Карпенка і палітрук, старшыня саўгасу Аляксандр Лукашэнка. Аднак…

Гісторыя, як кажуць, не ведае ўмоўнага ладу. Генадзя Карпенкі няма з намі ўжо 15 гадоў. А Аляксандр Лукашэнка кіруе краінай 20 гадоў. І не вядома, колькі яшчэ будзе кіраваць. А значыць, яшчэ колькі год маё свята, мой дзень народзінаў будзе сапсаваны. Аж да таго часу, пакуль у незалежнай Беларусі не адбудуцца другія свабодныя дэмакратычныя выбары прэзідэнта.

Каментаваць