20 гадоў таму плакаў Лукашэнка

Слёзы кіраўніка дзяржавы на людзях мы бачылі роўна 20 год таму, 20 снежня 1994 года. Аляксандар Лукашэнка разрыдаўся не з-за загібелі людзей на Няміге альбо тэракту ў метро, а падчас антыкарупцыйнага дакладу Сяргея Антончыка.



Гэты антыкарупцыйны даклад, які Антончык зачытаў у парламенце 20 снежня 1994 года, быў самай першай ластаўкай, якая пазначыла краіну, у якой мы будзем жыць. Менавіта тады была ўведзеная цэнзура, а газеты выйшлі з белымі плямамі на тым месцы, дзе павінен быў друкавацца тэкст Антончыка. Крыху менш за паўгады прайшло з часу, як Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам, яшчэ не было ніякіх рэферэндумаў па змене канстытуцыйнага ладу. Але праз гэты даклад мы пабачылі першыя крокі дыктатуры.

Белыя плямы на месцы даклада Сяргея Антончыка ў газеце "Рэспубліка"

Зараз стваральнікі дакладу — былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык, і ягоны «судакладчык», Уладзімір Падгол, сабраліся разам на сядзібе Партыі БНФ, каб узгадаць, з чаго ўсё пачыналася. З бутэлькай самаробнай гарэлкі "Сляза Лукашэнкі". Гарэлка была дзеля антуражу — усё ж юбілей... 

Сяргей Антончык і гарэлка "Сляза Лукашэнкі"

Выпадковы Лукашэнка

Пачыналася ўсё, аказваецца, задоўга да стварэння антыкарупцыйнай камісіі, якую ўзначальваў сам Аляксандр Лукашэнка. З 1989 года яшчэ ў савецкім рэспубліканскім друку Сяргей Антончык выступаў з артыкуламі, якія выкрывалі карупцыю сярод чыноўнікаў БССР. А потым, ужо ў незалежнай Беларусі, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце падымала гэтую тэму не толькі ў Авальнай залі, але і на старонках СМІ.

«У той час кіраўніцтва краіны складала савецкая наменклатура, — узгадвае Антончык. — У яе быў звыклы шлях барацьбы з такімі выступамі. Калі іх крытыкуюць, трэба было стварыць камісію, якая павінна была не вырашыць праблему, а пахаваць яе ў бясконцых абмеркаваннях. У Вярхоўным Савеце паўстала такая думка — стварыць антыкарупцыйную камісію».

З такой логікай стварэння камісіі, Вярхоўны Савет не даў магчымасці ўзначаліць яе тым, хто займаўся карупцыйнымі праблемамі — апазіцыі БНФ. «Спачатку прапаноўвалася, каб яе ўзначаліў Марыніч — але ён не пагадзіўся. Потым была кандыдатура дэпутата Глушкевіча — ён таксама ўзяў самаадвод. А потым дэпутат, падаецца, Зданевіч з месца выгукнуў: «Давайце Лукашэнку прызначым!». Кіраўнік Вярхоўнага Савету, Станіслаў Шушкевіч, нечакана падтрымаў кандыдатуру Лукашэнкі. Маўляў, усё роўна ён ходзіць, выпрошвае сабе кіраўніцтва якой-небудзь камісіяй. Так Аляксандр Лукашэнка і стаў галоўным антыкарупцыянерам», — узгадвае Антончык.

Галоўным антыкарупцыянерам усё ж быў не Лукашэнка, а Антончык

Між тым, сам Антончык патрапіў у камісію з другога разу — спачатку ВС не хацеў яго зацвярджаць у склад гэтай камісіі, але ўсё ж з другога галасавання зацвердзіў.

Выбарачны падыход

Невядома, ці задумваўся Аляксандр Лукашэнка ўжо ў тыя часы, каб заняць вышэйшую пасаду ў дзяржаве, але праца ягоная была вельмі дзіўнай. «Ужо тады мы пабачылі, што каля яго кабінету стаялі сотні людзей, якія, як да будучага збавіцеля, прыносілі да яго ўсялякую інфармацыю. Ён гэтую інфармацыю сартаваў: адкладаў убок матэрыялы на галоўных людзей —Кебіча, Мясніковіча, а агучваў тыя факты, якія на сістэму не ўплываюць. Было нават некалькі пікіровак на камісіі, калі мы прасілі Лукашэнку агучыць, што ён назбіраў, а ён не пагаджаўся. Было бачна, што Лукашэнка збірае кампрамат», — адзначыў Антончык.

Пасля знакамітага антыкарупцыйнага даклада, па словах Антончыка, Лукашэнка з’ездзіў у Маскву. «Зразумела, расійскія спецслужбы праводзілі тут свой маніторынг, і яны пабачылі, што Лукашэнка мае вялізную падтрымку ў грамадстве. Ягоны рэйтынг пасля выступу зашкальваў. І тады Масква вырашыла падтрымліваць не Кебіча, які быў палітычным банкрутам, а Лукашэнку», — мяркуе Антончык.

Між тым, пасля бліскучага дакладу Лукашэнкі камісія павінна была спыніць сваю працу — справа выкананая. «Пасля Лукашэнка стаў прэзідэнтам, і адзін раз, выступаючы ўжо ў ролі кіраўніка дзяржавы на сесіі Вярхоўнага Савета сказаў, што ў яго дастаткова кампрамату, каб пасадзіць кожнага. Тады я спантанна ўстаў, і проста праінфармаваў парламент, што я буду рыхтаваць даклад аб карупцыі ў прэзідэнцкай камандзе», — кажа Антончык.

Прэзідэнтам мог бы быць і Шушкевіч

Як ужо казалася, антыкарупцыйныя даклады рыхтаваліся не дзень, і не два. Як узгадвае Уладзімір Падгол, за паўтара гады да знакамітага дакладу Лукашэнкі адпаведныя «антыкарупцыйныя» матэрыялы паступалі і да тадышняга старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. «Прычым, гэта быў антыкарупцыйны даклад па карупцыі ў органах улады, падрыхтаваны некалькімі групамі. Шушкевіч доўгі час курыраваў падрыхтоўку гэтых матэрыялаў. Спецы доўгі час выкрывалі карупцыйныя змены, праследжвалі ланцугі ад мясцовага ўзроўню да Кебіча, і Шушкевіч ставіў візы: «Расследаваць». І расследавалі дзясяткі разоў гэтыя факты, яны былі правераныя-пераправераныя», — кажа Падгол.

У выніку Шушкевічу на стол паклалі вялізны том па карупцыі ў дзяржаве. Прычым, не папулісцкі даклад Лукашэнкі са «скрыняй цвікоў», а дзясяткі разоў правераныя факты сапраўднай карупцыі. Шушкевіч мусіў агучыць гэтыя факты за год да выступу Лукашэнкі, на рэспубліканскім з’ездзе пракурораў і суддзяў. «Журналістамі была напампаваная зала, усе ведалі, што рыхтуецца «бомба», бо былі пробныя прэзентацыі гэтага даклада. А Станіслаў Станіслававіч выйшаў на трыбуну і прачытаў з гэтага тому старонак у 800, роўненька пяць радкоў, па пракурору Барысава Хадатвічу. Усё. Кропка», — згадвае Падгол.

«Журналісты разгублена разышліся, а я запытваўся ў Шушкевіча: «Што ж вы зрабілі? Каласальная праца! Вы прэзідэнт пасля гэтага!». «Не, трэба і з гэтымі добра, і з выканаўчай уладай, я не хачу брудную бялізну варушыць», — адказваў ён мне. «Дык навошта тады працавалі сотні людзей, шчырых сілавікоў, якія на дух, маральна не пераносяць карупцыю?» — «Ну, разумееш, навошта псаваць адносіны…» — перадае свае размовы з Шушкевічам Падгол.

«Шушкевіч мог стаць прэзідэнтам, а не Лукашэнка. Гэта быў унікальны гістарычны момант, які для Шушкевіча недаравальны, нягледзячы на ягонае нядаўняе 80-годдзе. Я яму гэта ў вочы казаў неаднаразова, і кажу зараз», — зазначае Падгол.

Уладзімір Падгол: Прэзідэнтам мог бы быць Шушкевіч

Прэзідэнтам мог быць і Кебіч

Яшчэ адзін выпадак, у сувязі з антыкарупцыйным дакладам, узгадвае Падгол. «Паміж першым і другім турам прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, калі «ў фінал» выйшлі Кебіч і Лукашэнка, да Сяргея Антончыка звярнуліся людзі з каманды Кебіча. Яны прапанавалі «колькі заўгодна» часу на тэлебачанні, каб мы выступілі там са сваім дакладам па карупцыі. І вось Сяргей Антонавіч прыехаў на тэлебачанне, я быў побач, праходзім у будынак, мы ўжо гатовыя былі прайсці ў студыю, і тут выходзяць, і кажуць: «Памянялася рашэнне, вы не зможаце выступаць».

А можа быць, мог бы кіраваць дзяржавай і Кебіч, лічыць Уладзімір Падгол

Дагэтуль невядома, гэта каманда Кебіча спужалася, што Антнчык яшчэ больш «прыкапае» Кебіча, альбо яны проста «здалі» свайго шэфа…

На свой страх і рызыку

Але вернемся да дакладу Антончыка. Ён рыхтаваў даклад, як кажуць, на свой страх і рызыку. «Гэта не было ўзгоднена з БНФ, з апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце. Перашкаджаць дакладу яны не перашкаджалі, але было рашэнне, каб я выступаў ад свайго імя, а не ад імя апазіцыі», — зазначае Антончык.

Пасля рашэння Антончыка рыхтаваць даклад, да яго, як раней да Лукашэнкі, звярталіся людзі, каб расказаць пра карупцыю. «У мяне было шмат фактаў наўпроставай карупцыі, і іншыя звесткі, напрыклад, са мной сустракаўся чалавек з Першага рэспубліканскага інвестыцыйнага фонду, які расказваў, якую маёмасць праз гэты фонд яны перадалі бліжэйшаму атачэнню Лукашэнкі. Але я не меў дакументаў, якія маглі б гэта пацвердзіць, не мог іх атрымаць. Шмат што праз такую «непацверджанасць дакументальна» ў даклад не ўвайшло», — кажа Антончык.

"Байцы" ўзгадваюць мінулае...

Былі і іншыя перашкоды, з боку сённяшніх паплечнікаў па апазіцыі. Напрыклад, да Антончыка звяртаўся Віктар Ганчар, з просьбай «даць пачытаць» антыкарупцыйны даклад. Антончык яму адмовіў. Потым — Мікалай Статкевіч прасіў выкрасліць з дакладу ўсё, што тычылася Віктара Шэймана, бо той якраз уступіў у беларускае згуртаванне вайскоўцаў. А сам Аляксандр Лукашэнка нават даслаў ліст у Вярхоўны савет з прапановай не даваць слова Антончыку.

Слёзы Лукашэнкі

«Я разумею, чаму Лукашэнка плакаў», — расказвае Антончык. Фактычна, увесь склад яго каманды не мог абвергнуць тое, што ўвайшло ў даклад. «Выступы тадышніх людзей з каманды Лукашэнкі я спецыяльна запісаў для гісторыі, каб паказаць тую разгубленасць, у якой яны былі. Старшыня дзяржкантролю Даўгалёў пасля майго дакладу казаў: «А калі Антончык кажа, што я разбагацеў, я запрашаю вас дадому і на дачу, дзе я гной развожу асабіста…». Вось параўнайце пасаду чалавека і ягоныя словы! Яму пра карупцыю, а ён — пра лецішча і гной... Міхаіл Чыгір, тады прэм’ер-міністр: «А я і не думаў, што такое будзе адбывацца, як адбываецца на самой справе. Частка гэтых фактаў вядомая следчым органам…». То бок, ён прызнаў, што ўжо следчыя працавалі над гэтым. Леанід Сініцын: «Абвергнуць факты, якія былі агучаныя, мне будзе нялёгка». І звяртаецца да Лукашэнкі: «Я не хачу ператварацца ў путы на вашых нагах, вісячыя гіры, і прашу адстаўкі». І гэтак далей», — кажа Антончык.

Даклад Антончыка забаранілі друкаваць, газеты выйшлі з белымі плямамі. Самога Антончыка пачалі «душыць» праз судовыя зыскі аб абароне «гонару і годнасці», хоць факты, выкладзеныя ў дакладзе, ніхто дагэтуль не абвергнуў. Улада намагалася зрываць ягоныя сустрэчы з выбаршчыкамі, дзе ён распавядаў пра свой даклад. Дарэчы, за такую «несанкцыянаваную сустрэчу» ў Шклове быў прыцягнуты да адказнасці па адміністрацыйнаму кодэксу сённяшні намеснік старшыні Партыі БНФ, былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Гэта была ягоная першая «адміністратыўка».

Газета "Звязда" з поўнасцю белай старонкай на тым месцы, дзе павінен быў быць даклад Антончыка

А ў выніку…

У выніку, па словах Антончыка, зараз створаная сістэма «кадравай карупцыі», калі на пасады прызначаюцца не тыя, хто найменш заплямлены карупцыйнымі справамі, а тыя, хто найбольш заграз у карупцыі, і на якога маецца адпаведны кампрамат. «Гэтым чалавекам лёгка кіраваць, і трымаць ад яго сваю карупцыйную рэнту», — адзначае Антончык. І менавіта таму 20 год барацьбы з карупцыяй на дзяржаўным узроўні не далі і не дадуць выніку.

За выключэннем архіўнага фота 1994 года — фота аўтара

Абмеркаванне:

  • Tamara
  • 2014-12-22 04:03:30
Выдатны матэрыял, але 20 гадоў не быў так развіты інтэрнэт, як цяпер. Апублікуйце свой даклад зараз- хай народ паглядзіць на тых, хто стаяў ля руля і кім руліць Лукашэнка цяпер.

Каментаваць