А ідзіце вы ў лазню!

У якасці эпіграфа прывяду словы дырэктара «Левада-цэнтра» Льва Гудкова: «Самы цікавы вынік сацыяльна-эканамічнай гісторыі апошніх 15 гадоў — узнікненне спосабаў выжывання насельніцтва ў новых умовах, і гэтыя спосабы надзвычай слаба даследаваныя».



У якасці эпіграфа прывяду словы дырэктара «Левада-цэнтра» Льва Гудкова: «Самы цікавы вынік сацыяльна-эканамічнай гісторыі апошніх 15 гадоў — узнікненне спосабаў выжывання насельніцтва ў новых умовах, і гэтыя спосабы надзвычай слаба даследаваныя».

Калі хтосьці адкрытым тэкстам пасылае вас у лазню, то, хутчэй за ўсё, не з мэтай папарыцца. Проста гэты хтосьці — чалавек, па сучасных мерках, выхаваны, і вам пашанцавала, таму што часцей у нас пасылаюць у больш традыцыйныя месцы. Аднак калі з узроўню эмацыйных міжасобасных камунікацый перайсці на ўзровень, дзе вырашаюцца рэальныя пытанні, то лепшага месца, чым лазня, для гэтага не знайсці. 

«Наша ўсё»


Зразумела, гаворка вядзецца не пра якую-заўгодна лазню. Мы маем на ўвазе лазню, у якой збіраюцца «патрэбныя людзі». Быць пасланым у такую лазню — запаветная мара шматлікіх беларусаў. Аўтаматычна туды не пасылаюць. Вось і даводзіцца здзяйсняць цуды вынаходлівасці. Узгадваць імёны аднакласнікаў, аднакурснікаў, аднапалчан. Словам, тузаць за нітачкі сацыяльных сувязяў, якія ўсе мы прадзем па ходу жыцця.

Лазня з «патрэбнымі людзьмі» — гэта прыватны выпадак нашага найважнейшага сацыяльнага здабытку, якім з’яўляецца інстытут асабістых сувязяў (блату). Гэта «наша ўсё». Наша, калі хочаце, грамадзянская супольнасць, якую ўжо столькі гадоў беспаспяхова шукаюць незалежныя аналітыкі.

Дадзім слова Сымону Кардонскаму, мабыць, самому арыгінальнаму расійскаму мысляру: «Існуюць шырока распаўсюджаныя і ўстойлівыя інстытуты грамадзянскай супольнасці: хатняе або рэстараннае застолле, лазня з дзяўчаткамі і без іх, паляванне і рыбалка, самадзейныя клубы (такія, як гульня ў футбол па суботах у чыноўнікаў мэрыі Масквы), сумесны адпачынак, дачныя супольнасці. У апошняе дзесяцігоддзе вельмі значным інстытутам грамадзянскай супольнасці сталі канфесійныя адносіны… Калі людзі здзяйсняюць рэлігійныя абрады, выпіваюць, забаўляюцца, пастрэльваюць па птушачках, парацца і пляткараць пра тое, хто, колькі і за што бярэ, яны шукаюць і, як правіла, знаходзяць, «выхады» на чыноўнікаў, якія дапамогуць ім мінімізаваць падаткі, выйграць тэндэр, атрымаць зямлю пад забудову, уладкаваць сваяка ў «элітную» клініку, вызваліць сына ад прызыву ў войска, прыладзіць дачку ў прыстойную ВНУ, вярнуць забраныя ДАІ дакументы на машыну, закрыць крымінальную справу на партнёра або арганізаваць наезд сілавікоў на канкурэнта».

Пагадзіцеся, знаёмая карціна. Але, у адрозненне ад Кардонскага, большасць з нас наўрад ці спрабавала асэнсаваць яе ў катэгорыях «сацыяльны інстытут» і «грамадзянская супольнасць». Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Калі закусваем гарэлачку салёным агурочкам і вясковым салам, мы ж не ўзгадваем пры гэтым пра тлушчы, бялкі і вугляводы, а тым больш пра таямнічыя ферменты, без непасрэднага ўдзелу якіх немагчыма расшчапленне ні першага, ні другога, ні трэцяга кампанента ежы.

Пра дзяржаўнае і асабістае


Мне запярэчаць, што рашэнне разглядаць лазню ў якасці інстытута грамадзянскай супольнасці з’яўляецца спрэчным. Згодны. Класічная (заходняя) грамадзянская супольнасць характарызуецца трыма асноўнымі прыкметамі.

Па-першае, шматстайнасцю яго складнікаў. Калі да лазні далучыць сумесныя застоллі, стральбу па птушачках і ды г. д., то з першай прыкметай у нас усё добра.

Па-другое, грамадзянская супольнасць характарызуецца аўтаноміяй сваіх арганізацый. І з гэтым праблем няма. Усе пералічаныя вышэй структуры нашай грамадзянскай супольнасці паўсталі не дзякуючы, а насуперак дзяржаве. Яны існуюць паўсюдна, дзе ёсць людзі. Пры спробе дзяржавы іх «пастроіць», яны самаліквідуюцца, але толькі для таго, каб адразу ж паўстаць на новым месцы.

Па-трэцяе, грамадзянская супольнасць характарызуецца наяўнасцю грамадзянскай свядомасцю. А вось з гэтым у нас відавочны пракол. Не палічыце за таўталогію, але сапраўдная грамадзянская супольнасць можа складацца толькі з грамадзян. Звернемся да нямецкага палітолага Людвіга Дарэндорфа: «Грамадзянін не пытае, што іншыя, асабліва дзяржава, могуць зрабіць для яго, а сам робіць нешта. Грамадзянскі гонар, грамадзянская мужнасць — ёсць шмат усякіх словазлучэнняў для характарыстыкі дабрадзейнасцяў чальцоў грамадзянскіх супольнасцяў».

Што ж прымушае суайчыннікаў збірацца ў лазнях? Якімі грамадзянскімі дабрадзейнасцямі яны пры гэтым кіруюцца? Адказы на гэтыя пытанні не з’яўляюцца таямніцай. Калі максімальна коратка, то ў лазнях адбываецца «распілоўванне» дзяржаўных рэсурсаў на карысць пэўных грамадзян (слова «грамадзянін» ужываецца ў дадзеным выпадку ў побытавым сэнсе, і Дарэндорф тут не пры чым).

Схема максімальна простая. У папярэдніх «Азбуках паліталогіі» я неаднаразова звяртаў увагу на тое, што сутнасць як палітычнага, так і эканамічнага жыцця роднай дзяржавы заключаецца ў максімальнай канцэнтрацыі рэсурсаў для наступнага іх засваення. Калі даць дзяржаве волю, то яна падграбе пад сябе ўсё. Але на шляху паталагічнай дзяржаўнай прагнасці і паўстае наша грамадзянская супольнасць. Яна інстытуцыялізаваная, але не арганізаваная. Яна бясформенная, але цэнтралізаваная дзяржава з усімі сваімі «вертыкалямі» перамагчы яе не ў стане.

Людзі старэйшага пакалення, спадзяюся, яшчэ не забылі мініяцюру Аркадзя Райкіна пра дэфіцыт, асноўная маса якога ў савецкі час размяркоўвалася не па афіцыйных каналах, а праз сістэму асабістых сувязяў («таваравед, заўсклад»). Звярніце ўвагу, галоўную ролю ў пераразмеркаванні (чытай, раскраданні) дзяржаўных рэсурсаў адыгрывалі тыя, хто паводле службовых абавязкаў мусіў сачыць за іх захаваннем і правільным размеркаваннем. Карацей, хто што ахоўваў, той тое і меў.

Свабода на шасці сотках

Наколькі складана/лёгка аб’ядноўваюцца беларусы для сумеснай дзейнасці? Адназначна на гэта пытанне адказаць немагчыма. Усё залежыць ад таго, у рамках якой грамадзянскай супольнасці плануецца гэту дзейнасць разгарнуць. Калі заходняй, то ўсё залежыць ад аб’ёму фінансавання з боку замежных фундатараў. Але ў любым выпадку адсутнасць такога фінансавання азначае, што грамадзянская актыўнасць абмяжуецца сумеснай працай над афармленнем заяўкі для атрымання гранта. Дарэчы сказаць, у «грамадзянскіх» ініцыятыў, якія падтрымлівае ўлада (БРСМ, «Белая Русь» і г.д.) такі ж самы лёс. Ёсць дзяржаўнае фінансаванне — ёсць дзейнасць. І сэнс яе, як гэта няцяжка здагадацца, складаецца ў засваенні вылучаных рэсурсаў.

Што да нашай грамадзянскай супольнасці, то ў знешнім фінансаванні яна не мае патрэбы. Возьмем, для прыкладу, любы дачны кааператыў. Хто прабіваў у свой час рашэнне пра вылучэнне ўчастку, на чые грошы пракладвалася дарога, падводзілася электрычнасць, вада, будавалася агароджа па вонкавым перыметры? Усяго не пералічыць. У што гэта абышлося ў маштабах рэспублікі? Зразумела, што лік пойдзе мільярды долараў!

Але дзеля чаго былі выдаткаваныя грошы, праца і нервы, ды яшчэ ў такіх цыклапічных колькасцях? Выдаткаваныя, звярніце ўвагу, без цэнтралізаванага планавання, без кантролю з боку КДК, КДБ, Адміністрацыі прэзідэнта, нарэшце! Для таго, каб, апынуўшыся бліжэй да роднай прыроды, фармаваць у сабе грамадзянскія дабрадзейнасці? Не, усё прасцей і адначасова складаней. Дача — гэта месца для ўнутранай эміграцыі. Менавіта тут нашы грамадзяне хаваюцца ад дзяржавы, ад яе ўсёбачнага вока. Тут яны самарэалізуюцца падчас засваення матэрыяльных рэсурсаў, якія здолелі вырваць у роднай дзяржавы падчас лазневых вячорак і стральбы па птушачках з «патрэбнымі людзьмі».

 Аўтарытарныя рэжымы, у адрозненне ад рэжымаў таталітарных, не прэтэндуюць на кантроль асабістага жыцця падданых, таму падданыя і арганізуюць сваю асабістую прастору свабоды на шасці сотках. Лозунг «За Свабоду!» для іх актуальны. Яны, калі спатрэбіцца, гатовыя за свабоду глотку перагрызці, але ў межах вышэйзгаданых сотак.

Міфы оптам і ў розніцу

Перш чым падвесці рысу, рэкамендую чытачам вярнуцца да выказвання Льва Гудкова. Усе мы (ва ўсялякім разе тыя, хто прэтэндуе на званне аналітыкаў і палітыкаў) маем вельмі цьмянае ўяўленне пра беларускае грамадства, а таму ўвесь час міфалагізуем сацыяльную рэчаіснасць. У гэтай рэчаіснасці ўсё проста і зразумела. Беларусы, да прыкладу, дзеляцца на тых, хто не ведае Праўду, і на тых, хто яе ведае. Першыя падтрымліваюць уладу, другія — не. Так паўстае «пераможная стратэгія», якая тыражуецца ад выбараў да выбараў і сутнасць якой зводзіцца ў «данясенні Праўды да электарату».

Паводле іншага папулярнага міфа, існуе зваротная залежнасць паміж узроўнем жыцця насельніцтва і попытам на дэмакратычную альтэрнатыву, і гэта нягледзячы на тое, што ў айчыннай гісторыі такая залежнасць ні разу не назіралася. Звернемся да табліцы. Чым адрозніваюцца жыццёвыя стратэгіі беларусаў ва ўмовах сістэмнага крызісу пачатку 90-х ад стратэгій ва ўмовах стабільнасці? Адказ відавочны. Крызіс стымулюе пошук асабістых сувязяў (72,4%) і абыходных шляхоў (56,3%). Як першае, так і другое па сваёй прыродзе антысацыяльнае, яно чужое сумеснай публічнай дзейнасці.

Прычыны і характар палітычнай актыўнасці нашай грамадзянскай супольнасці ў пачатку 90-х да гэтага часу не ўсвядомлены беларускімі аналітыкамі. Грамадзянскую супольнасць яны папросту не заўважаюць, а шмат хто і не падазрае пра яе існаванне. Адсюль яшчэ адзін міф — міф пра «выпадковага прэзідэнта», які выдатна спалучаецца з міфам пра «руку Масквы». Гэтым, на жаль, спіс міфаў не абмяжоўваецца.
 

Каментаваць