А што, калі не будзе «дэмакрата»?

На думку амаль усіх апазіцыйных палітыкаў, калі на выбарах не будзе дэмакратычнага кандыдата, гэта азначае непрызнанне іх вынікаў міжнароднай супольнасцю. Але ці сапраўды гэта так? Давайце ўявім, што Караткевіч няма на выбарах.



Паплечнікі Караткевіч па «Народным рэферэндуме» — Рух «За свабоду», — запатрабавалі незалежнай праверкі на сапраўднасць сабраных за яе подпісаў. Нават стварылі адмысловую камісію з дзеячаў апазіцыі. Але справа ў тым, што подпісы за Караткевіч пададзеныя для праверкі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, і адклікаць іх — значыць, аўтаматычна пазбавіць Караткевіч шанцаў на рэгістрацыю кандыдаткай у прэзідэнты.

Каманда Караткевіч пагадзілася аддаць «незалежнай камісіі» копіі подпісаў у колькасці 70–80 тысяч. «Незалежная камісія» патрабуе ўсе 107.299 подпісаў. Маўляў, калі вы не зрабілі копіі ўсіх падпісных аркушаў — самі вінаватыя.

На апошнім Сойме Караткевіч адмовіла ў падтрымцы Партыя БНФ. За тое, што яна падчас збору подпісаў невыразна падтрымала каштоўнасці партыі: беларускую мову, бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоню», і інш. Хаця бел-чырвона-белы сцяг лунаў над усімі пікетамі па зборы подпісаў за Караткевіч. Асабліва на фінальным пікеце, дзе гэтых сцягоў было з паўсотні.

Адзін з лідараў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч нават заявіў, што апошнім часам арганізацыя змагалася не столькі з Лукашэнкам, колькі супраць Таццяны.

На думку амаль усіх апазіцыйных палітыкаў, Караткевіч павінна зняцца з прэзідэнцкай гонкі. Маўляў, калі на выбарах не будзе дэмакратычнага кандыдата, гэта ледзьве не аўтаматам азначае «нелегітымнасць Лукашэнкі» і непрызнанне вынікаў выбараў з боку міжнароднай супольнасці.

Але ці сапраўды гэта так? Давайце ўявім, што няма на выбарах Таццяны Караткевіч. Яна знялася па ўласным жаданні.

Ужо неаднаразова казалася, што Захад успрымае выбары не як дзень галасавання, а як працэс. Гэта тычыцца не толькі ўладаў, але і апазіцыі. Прынамсі, маніторынгавая група БДІПЧ АБСЕ на сваёй першай жа прэс-канферэнцыі заўважыла: яны будуць кантактаваць з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу.

Калі дэмакратаў у працэсе няма — з кім ім кантактаваць?

Канешне, зараз нашы замежныя сябры фіксуюць непразрыстае стварэнне ўчастковых і тэрытарыяльных камісій, сотыя долі працэнтаў прысутнасці ў іх апазіцыі і гэтак далей. Калі Караткевіч здымецца з выбарчай гонкі «па ўласным жаданні», то і гэта будзе зафіксавана. Будзе зафіксавана, прынамсі, «адсутнасць ціску ўлады на кандыдата ў прэзідэнты», бо не ўлада ж настойвае на ейным зняцці, а калегі па апазіцыі.

Я шчыра сумняваюся, што, напрыклад, Улаховіч будзе агучваць тое, як яму не далі сустрэцца з працоўнымі калектывамі якога-небудзь МАЗа альбо «Гомсельмаша». Больш за тое, я не ўпэўнены, што той увогуле будуць спрабаваць правесці такія сустрэчы. Таксама ў мяне амаль нулявая надзея, што кандыдаты, якія застануцца, будуць патрабаваць наўпроставага эфіру па тэлебачанні, тэледэбатаў і г.д.. Гэта ўсё б магла зрабіць толькі Караткевіч, якую зараз актыўна крытыкуюць яе ж калегі па апазіцыі. А так будзе зафіксаваная «адсутнасць парушэнняў» у час агітацыі.

Калі не будзе Караткевіч, не будзе каму афіцыйна заявіць пра фальсіфікацыю выбараў. Няма сумневаў у тым, што астатнія кандыдаты павіншуюць Аляксандра Рыгоравіча з «перамогай». Сяргей Гайдукевіч, напрыклад, рабіў гэта двойчы — у 2001-м і 2006-м гадах. Віктар Цярэшчанка нават лежачы ў бальніцы павіншаваў Лукашэнку з днём народзінаў. «Казак» Улаховіч неаднаразова заяўляў, што ён — не толькі за «рускі мір», але і падтрымлівае існуючую сёння палітыку, і ўвогуле, за дзейснага кіраўніка дзяржавы.

А галоўнае — не будзе каму аспрэчыць вынікі выбараў у судзе. Бо, як кажа 79-ы артыкул Выбарчага кодэкса, права абскардзіць вынікі выбараў ці то ў ЦВК, ці то ў Вярхоўным судзе належыць толькі кандыдату ў прэзідэнты краіны. Не назіральнікам, не сябрам ініцыятыўных групаў, не чальцам выбарчых камісій — выключна кандыдатам у прэзідэнты.

Ці варта чакаць абскарджвання вынікаў выбараў ад Улаховіча, Гайдукевіча альбо Цярэшчанкі? Спадзявацца на гэта — аптымізм, які мяжуе з ідыятызмам.

З чым застануцца тыя, хто зараз пляжыць Караткевіч? Яны застануцца з тым, супраць чаго зараз заварылі ўсю бадзягу.

Калі вынікі выбараў не аспрэчваюцца ў судзе, а ўсе супернікі аднаго з кандыдатаў віншуюць яго з перамогай — што можа сказаць міжнародная супольнасць? Яна можа сказаць толькі тое, што «вы ўнутры Беларусі самі прызнаеце вынікі гэтых выбараў, дык чаму ж мы павінны ігнараваць выбар беларускага народа?».

Відавочна, у адсутнасці Караткевіч шанцы на прызнанне выбараў не змяншаюцца, а толькі павялічваюцца. А стратэгі «нелегітымацыі дзейнай улады» атрымліваюць роўна адваротны вынік. Ці не так?

Абмеркаванне:

  • ales'
  • 2015-09-02 12:14:30
якiе выбары ? байкот !
  • ND
  • 2015-09-03 02:32:06
Назло кондуктору: куплю билет и выйду из трамвая!
  • ВР
  • 2015-09-02 12:58:37
Калі б Таццяна была ўсур'ёз настроена на палітычную дзейнасць і мела б што прапанаваць апанентам улады пасля атрымання сваіх 5-7%, яе ўдзел у "выбарах" мо і меў бы сэнс. Пакуль
выглядае, што роварныя пакатушкі ёй бліжэй. Здымецца яна ці не - па вялікім рахунку, не так важна.



"А галоўнае — не будзе каму аспрэчыць вынікі выбараў у судзе" - ой і напалохалі Вы, шаноўны аўтар! Аспрэчванне вынікаў выбараў у апошнія 20 гадоў на нешта ўплывала? Спадзявацца на
скаргі ў ЦВК ці суд - гэта, кажучы Вашымі ўласнымі словамі, "аптымізм, які мяжуе з ідыятызмам".
  • Sergio
  • 2015-09-02 14:44:54
Аспрэчванне вынікаў у судзе у апошнія 20 гадоў на нешта ўплывала. А канкрэтна, на пазіцыю міжнародных назіральнікаў, якія мелі юрыдычна аформлены факт: ЦВК не пагаджаецца публічна пералічваць
бюлетэні галасавання, а ВС гэта падтрымлівае. І гэта ўжо адзін з доказаў несумленнасці і непразрыстасці выбараў. Юрыдычна замацаваны доказ, што вельмі важна для заходнікаў. І здабыць гэты юрыдычны
доказ можа толькі кандыдат у прэзідэнты.



Чаму, Вы думаеце, БДІПЧ АБСЕ выніковы даклад па выбарах робіць праз два месяцы пасля іх заканчэння? Ды яны чакаюць вынікі гэтых абскарджванняў!
  • ВР
  • 2015-09-02 20:27:43
О так, выніковы даклад БДІПЧ АБСЕ - тая яшчэ сіла! Папраўдзе, даўно перастаў спадзявацца на "заходнікаў" у справе нашых "выбараў".
  • ND
  • 2015-09-03 02:23:27
Да, оспорить в суде. Как иначе можно привалечь внимание цивилизованного сообщества народов.
  • ND
  • 2015-09-03 02:18:00
Не о международном непризнании выборов печётся т.н. оппозиция, а том, чтобы не подвергнуть риску существующее равновесие системы отношений, при котором только и можно продолжать щипать гранты на
борьбу с режимом.
  • Станіслаў
  • 2015-09-07 21:08:21
Нашы байкотчыкі і такія як Рух дабіваюцца таго, што незалежныя беларускія і міжнародныя назіральнікі будуць назіраць празрысты падлік галасоў!!! І толкі дзякуючы іх пазіцыі выбары будуць прызнаныя.
Бо, калі б хто з так званых палітыкаў паглядзеў міжнародныя дамовы, то ведаў бы, што міжнароднікам пляваць на тое, ёсць кандыдат ці няма ад апазіцыі. Галоўнае падлік галасоў!!!! Калі вы дзеці і
гэтага не разумееце, то адказнаць дарослая
  • СК
  • 2015-09-08 01:16:22
Як дауно аутар працуе на каманду ГП?

Каментаваць