А вы былі ў лагерах для палітзняволеных?

Савет Еўрасаюза прыняў пастанову, што пашырае магчымасці прымянення санкцый да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноўных правоў і свабодаў. Афіцыйны Мінск шукае заступнікаў і закідвае прынадныя ідэі, што мусяць асвятліць злавесны вобраз апошняй дыктатуры.



Савет Еўрасаюза прыняў пастанову, што пашырае магчымасці прымянення санкцый да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да парушэнняў асноўных правоў і свабодаў. Афіцыйны Мінск шукае заступнікаў і закідвае прынадныя ідэі, што мусяць асвятліць злавесны вобраз апошняй дыктатуры.

«Прынятыя папраўкі пашыраюць крытэры для прымянення абмежавальных мер і замарожвання актываў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета Еўрасаюза па выніках яго пасяджэння 10 лютага. — Згодна з дакументам, такія санкцыі могуць быць ужытыя да асобы, адказнай за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі, а таксама асобы і прадпрыемствы, якія атрымліваюць выгаду або якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі».

Пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў ЕС запланавана на 27 лютага — там будзе разглядацца пытанне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Па неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца пытанне аб уключэнні ў спіс яшчэ 135 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы павінны быць замарожаныя. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер уезд у ЕС забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам. Раней прэзідэнт Савета Еўрасаюза Херман ван Рампей заяўляў, што ЕС не адменіць санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Беларусі да таго часу, пакуль на свабоду ў краіне не будуць выпушчаныя ўсе палітычныя вязні.

З датай 27 лютага аптымісты звязваюць магчымае вызваленне хаця б некаторых палітзняволеных, якіх у спісе праваабаронца цяпер пятнаццаць. Так, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец мяркуе, што яго рыхтуюць да вызвалення. Атэстацыйная камісія камендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, дзе палітык адбывае «хімію», вырашыла, што палітвязень стаў на шлях выпраўлення. Праўда, Севярынец сваёй віны па-ранейшаму не прызнае.

Цікава, што ад іншых палітвязняў прыходзяць не такія аптымістычныя весткі. Напрыклад, стала вядома, што ад 30 студзеня Дзмітрыю Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі Магілёва №15: яму забаронена карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзьбе, не дазволены і мяккі зручны абутак, забаронена днём ляжаць, прадпісаныя лёгкія віды работ. У той жа час жонка палітзняволенага Вольга Бандарэнка яго фізічны стан апісвае на мяжы інваліднасці — у Дзмітрыя сур’ёзныя праблемы са здароўем, у ліпені мінулага года яму была зроблена аперацыя на пазваночніку. Вольга Бандарэнка гаворыць, што ні ў яе, ні ў сваякоў іншых палітзняволеных інфармацыі аб магчымым вызваленні няма. «Гэта трэба мець сувязі з Адміністрацыяй прэзідэнта, каб ведаць, што там адбываецца. Я такіх сувязяў не маю», — заўважае жонка палітзняволенага Дзмітрыя Бандарэнкі.

Санкцыі, што, як можа падацца, хвалююць толькі сваякоў палітвязняў ды асобныя розумы ў чыноўніцкіх структурах ЕС, — насамрэч хворае месца і для беларускага кіраўніцтва. Скандал за скандалам — то невядома, адкуль інфармацыя пра «мільён ад Пефціева» таму, хто выкрасліць яго імя з чорнага спісу, то таемныя сустрэчы з перамоўнікамі ад ЕС, то просьба беларускага ўраду да партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю па пытанні санкцый у дачыненні Беларусі з боку ЕС і ЗША.

Відаць, у тым жа кірунку, што і заступніцтва, мусіць спрацаваць ініцыятыва, агучаная публічна кіраўніком Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам, аб стварэнні інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека. Але гаворка ідзе пра версію ўпаўнаважанага па правах чалавека, якому ў Беларусі будзе адведзеная функцыя пасярэдніка паміж грамадзянінам і Канстытуцыйным судом (грамадзяне Беларусі не маюць права наўпрост звяртацца ў КС). Як растлумачыў Міклашэвіч, у такім выпадку грамадзяне змогуць звяртацца да ўпаўнаважанага па найбольш важных пытаннях, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, а ўпаўнаважаны па правах чалавека мог бы затым звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Але ці ёсць у Беларусі суд увогуле, і чым будзе кіравацца так званы «ўпаўнаважаны» ў сваіх дзеяннях — сумленнем, інструкцыямі, загадамі?.. Пытанні, адказы на якія не мусяць ахінуць цвярозы розум туманам псеўдалібералізму.

На дэсерт тэмы прапануем меркаванне новапрызначанага дыпламата з Ізраілю, які заявіў, што не ведае пра наяўнасць у Беларусі палітвязняў. «Я — грамадзянін Ізраіля, у нас няма палітзняволеных. Што да Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгода я адкажу на ваша пытанне. Я журналіст, і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі былі ў лагерах для палітзняволеных?» — цытуе БелаПАН пасла Ізраіля ў Беларусі. Калі ў краіне няма асацыяцыі карупцыянераў, то няма і карупцыі — дыпламатычная логіка, якую ніколі не зразумеюць родныя асуджаных за адрозныя ад афіцыйных словы і ідэі.

Каментаваць